Слова “Чарнобыль” вядома зараз усяму свету. Яно стала грозным напамінам аб тым,
якая разбуральная зброя знаходзіцца
ў руках чалавека, наколькі важна надаваць
увагу экалагічным праблемам.
Пасля найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы сучаснасці экалагічная тэма набыла асаблівае гучанне. Аварыя на пабудаваным чалавекам аб’екце змяніла прыроду вялізнага рэгіёну, зламала жыццё тысячам людзей, якія да гэтага часу пакутуюць ад наступстваў трагедыі.Будаўніцтва Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС) пачалося ў 1970 г. Яна размешчана за 18 км ад горада Чарнобыль і за 150 км ад Кіева. У 4 км ад АЭС быў узведзены горад атамшчыкаў Прыпяць — па імені ракі, якая злучае беларускае і ўкраінскае Палессе і нясе свае воды ў Дняпро. Агульная колькасць насельніцтва ў 30-кіламетровай зоне вакол АЭС складала больш за 100 тысяч чалавек. Абслугоўваючы персанал АЭС наліч- ваў каля 6,5 тысячы чалавек.
Чарнобыльская катастрофа насіла выбухны характар, рэактар быў цалкам разбураны, і ў навакольнае асяроддзе была выкінута вялікая колькасць радыеактыўных рэчываў. Аварыя расцэньваецца як найбуйнейшая ў сваім родзе за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі, як па меркаванай колькасці загінуўшых і пацярпелых ад яе наступстваў людзей, так і па эканамічнай шкодзе. На працягу першых трох месяцаў пасля аварыі загінуў 31 чалавек; аддаленыя наступствы апраменьвання, выяўленыя за наступныя 15 гадоў, сталі прычынай гібелі ад 60 да 80 чалавек. 134 чалавекі перанеслі прамянёвую хваробу той ці іншай ступені цяжкасці, больш за 115 тыс. чалавек з 30-кіламетровай зоны былі эвакуіраваны. Для ліквідацыі наступстваў былі мабілізаваны значныя рэсурсы, больш за 600 тысяч чалавек удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі.
Кандыдат гістарычных навук Вольга Драконава піша ў сваім артыкуле “Чарнобыльскі след”, што галоўная прычына аварыі на Чарнобыльскай атамнай элект- растанцыі — гэта недаробкі, брак і старое, ужо непрыдатнае абсталяванне. Доктар фізіка-матэматычных навук Уладзімір Асмолаў у сваім інтэрв’ю гаворыць, што прычынай аварыі з’яўляецца неэфектыўная сістэма абмену інфармацыяй паміж вучонымі і персаналам станцыі.
Былы намеснік галоўнага інжынера па эксплуатацыі Чарнобыльскай АЭС Анатоль Дзятлаў у сваёй кнізе “Чарнобыль. Як гэта было” апавядае аб тым, што прычынай аварыі з’яўляецца непрадуманы эксперымент, грубае парушэнне інструкцыі эксплуатацыі АЭС.
Якімі б ні былі на самай справе гэтыя прычыны, іх высвятленне не зменіць таго, што адбылося. Што ж мы, жыхары “паслячарнобыльскай” эпохі, можам зрабіць з гэтым цяпер? Ды проста паглядзець праўдзе ў вочы і зразумець, што так ці інакш спажывецкае і напышлівае стаўленне да прыроды да дабра не давядзе. Чалавек уявіў сябе вянцом тварэння і дазволіў сабе разглядаць прыроду толькі як аб’ект сваёй актыўнасці, перарабляючы і перакройваючы яе ў адпаведнасці са сваімі патрэбамі.
Што ж можа зрабіць для аховы навакольнага асяроддзя кожны з нас? Гэта элементарна: скараціць спажыванне, выкарыстоўваць рэчы паўторна, сартаваць смецце, замяніць аднаразовае на шматразовае, хадзіць на суботнікі. Экапрывычкі могуць лёгка стаць часткай нашага жыцця.
І апошняе: мы клапоцімся аб тым, каб пакінуць дзецям у спадчыну нерухомасць, аўтамабіль, грошы. Але ці задумваемся, у якім свеце ім давядзецца жыць? Адказ на гэта пытанне залежыць ад кожнага з нас.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.