Меню
Курс $  3.05 | €  3.56 | ₽100  3.81 |
Погода 18 °C

Нясвіжчына турыстычная. У пошуках страчанага. Сноў

Нясвіжскія навіны 4 часа назад 0 11

Пост опубликован: 23.04.2025

У адным з геаграфічных і гістарычных апісанняў Снова, складзеным больш, чым стагоддзе таму, сярод іншага гаварылася: там сыходзяцца некалькі дарог. Дык чым жа вабіла і вабіць людзей гэтае невялікае беларускае мястэчка? Адказ на пытанне, безумоўна, у кожнага знойдзецца свой: адных вядзе дарога да роднай хаты, другіх прыцягвае шлях спазнання айчыннай гісторыі і культуры, трэцімі рухаюць дзелавыя інтарэсы… Ды ці мала мэт, да якіх мы ідзём па жыцці?!



Атрымалася так, што гісторыя Снова, з аднаго боку, у цэлым дастаткова добра вывучана, але з другога — наконт некаторых канкрэтных дат даследчыкі не прыйшлі да згоды, а таму ў розных крыніцах можна знайсці розныя гістарыяграфічныя версіі тых ці іншых падзей. Аднак пакінем навуковыя ўдакладненні прафесіяналам. Нас жа больш цікавіць займальны змест адкрытых старонак мінулага. Важна і тое, што чытаць іх можна не толькі ў цішыні бібліятэк і музеяў, але і «на мясцовасці».

Нясвіжчына турыстычная. У пошуках страчанага. Сноў

Від на царкву. 1918 год

Нясвіжчына турыстычная. У пошуках страчанага. Сноў

Вуліца. 1918 год

Нясвіжчына турыстычная. У пошуках страчанага. Сноў

Кайзераўскія салдаты
ў Снове. 1918 год

Але давайце падрабязней працытуем артыкул з гістарычнай першакрыніцы, дарэчы, пабудаваны на апісанні Снова, дадзеным беларускім гісторыкам, краязнаўцам і літаратарам Аляксандрам Карлавічам Ельскім:
«Вёрстах у 6 ад станцыі Пагарэльцы Маскоўска—Брэсцкай чыгункі на рацэ Снавенцы, прытоку Ушы, размешчана мястэчка Сноў. Наваколлі мястэчка злёгку ўзгорыстыя, бязлесныя, з добрай глебай для пшаніцы. …У Сноў сыходзіцца некалькі гандлёвых дарог, якія ідуць ад Нясвіжа, Паланечкі і Сталовіч. Сноў належаў некалі Радзівілам, а потым перайшоў ва ўладу Рдултоўскіх. Стайні Рдултоўскіх славіліся сваімі конямі. У канцы XVIII стагоддзя адзін з Рдултоўскіх пабудаваў тут вялізны палац у 100 пакояў. Падчас Барскай канфедэрацыі Сноў быў разбураны. Кароль Станіслаў Аўгуст, праязджаючы ў Нясвіж у 1785 годзе, начаваў у Снове 15 верасня і з вялікім парадам быў вітаны князем Карлам Радзівілам Пане Каханку. …У 1854 годзе Сноў з фальваркамі Ніжні і Верхні Сноў купіў барон Густаў Гарцінг. Маёнтак заключае ў сабе 2672 дзесяціны зямлі, броварны і піваварны заводы, млыны і іншае робяць маёнтак вельмі прыбытковым».

Сноўскі палац
У пісьмовых крыніцах мястэчка Сноў Навагрудскага павета ВКЛ упамінаецца з XVI стагоддзя. Як і ўсюды, яго цэнтрам служыла невялікая кірмашовая плошча, на якой гандлявалі ў крамах і проста з вазоў, і нярэдка местачковыя рамеснікі і гандляры жылі практычна там жа, дзе і працавалі. Але, акрамя звычайнага жыцця простых людзей, у Снове існавала і іншая рэальнасць. Вядома, галоўнай славутасцю там быў палац Рдултоўскіх — сёння помнік гісторыі XIX стагоддзя і архітэктуры эпохі класіцызму.
Будова ўваходзіла ў ансамбль аднаго з найбуйнейшых палацава-паркавых комплексаў у стылі класіцызму на тэрыторыі Беларусі. Узведзена на сродкі Казіміра Рдултоўскага ў першай трэці XIX стагоддзя. Размяшчаецца палац на адкрытым месцы на беразе звілістай рэчкі. Калісьці за ім была сажалка і сістэма каналаў, якая ўтварала некалькі выспаў мудрагелістай формы.
Фарміраванне ўсяго палацава-паркавага комплексу ў Снове вялося Казімірам Рдултоўскім у духу навейшых павеваў таго часу. Сам ён з ранняга дзяцінства жыў і вучыўся ў Англіі, у Оксфардзе атрымаў званне доктара філасофіі. Пасяліўшыся ў Снове, Казімір Рдултоўскі не толькі вёў свецкае жыццё, але і эфектыўна займаўся гаспадаркай.
Старэйшы сын Казіміра Канстанцін скончыў Сарбону, захапляўся паэзіяй, сябраваў з Міцкевічам, быў знаёмы з Пушкіным, перакладаў паэзію Міцкевіча на англійскую мову.
Пасля смерці Канстанціна маёнтак дастаўся малодшаму сыну Казіміра — Яўстафію. Але той аказаўся дрэнным гаспадаром. Велізарную спадчыну ён не захаваў. У 1854 годзе Сноў перайшоў да барона Густава Гарцінга. Затым уласнікам стаў сын Густава Мікалай, а пасля ўнук Генрых.
А ў 1925 годзе Генрых Гарцінг прадаў яе польскаму корпусу памежнай аховы. У 1929 годзе палац прыстасавалі пад канцылярыю і жылыя памяшканні для польскіх афіцэраў.

Сядзіба Гарцінгаў
Але Сноўскі палац быў не адзінай сядзібай на гэтых землях. Густаў Гарцінг пабудаваў яшчэ і цагляны двухпавярховы дом на высокім цокалі ў стылі класіцызму. У пачатку ХХ ст. да будынка далучылі вялікую веранду. Унутры памяшканняў паклалі паркет са шпонавым узорам, склалі кафляныя печы. Захаваўся высокі камін, абліцаваны зялёна-шэрай кафляй, у стылі мадэрн. Да сядзібы вяла ліпава-каштанавая алея, вакол таксама раскінуўся сад з сажалкай.

Храмы вечныя
Асобная гісторыя — храмы Снова. У 1836 годзе па распараджэнні Казіміра Рдултоўскага на старых могілках, там, дзе да таго стаяла драўляная капліца ў гонар святых Пятра і Паўла, узвялі каменную царкву ў гонар святых бяссрэбранікаў Кузьмы і Дзям’яна. Яе можна аднесці да стылю позняга класіцызму. Царква не пацярпела падчас войнаў і ніколі не зачынялася.
Але яшчэ раней, у 1760 годзе, узнёсся касцёл святога Яна Хрысціцеля. У час Вялікай Айчыннай вайны храм аказаўся практычна разбураны. На шчасце, яго паспяхова аднавілі.
Сапраўды, сцяжыны жыцця сыходзяцца і разыходзяцца.. Але аднойчы яны так ці інакш прыводзяць нас да блізкіх сэрцу куточкаў, якія мы называем малой радзімай. Ціхія вёсачкі, сучасныя аграгарадкі, старажытны горад — усё гэта — складнікі нашай прыгожай Нясвіжчыны, нашага роднага і любага краю.
Ірына ЕФІШОВА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!