Меню
Курс $  3.09 | €  3.52 | ₽100  3.78 |
Погода 19 °C

Дабро заўсёды вернецца

Нясвіжскія навіны 3 часа назад 0 1

Пост опубликован: 19.04.2025

Пажылы ўзрост часта асацыіруецца з адыходам ад спраў, забыццём і пенсіяй — своеасаблівым закатам жыцця. Але трапляюцца героі, якія даказваюць, што гэта не так. Сапраўды, узрост накладвае свой адбітак на жыццё, уносіць карэктывы ў паўсядзённасць. Але ці можа лічба ў пашпарце мець штосьці агульнае з узростам душы?
1 лютага гэтага года Эдуард Аляксандравіч Драздоўскі адзначыў свой 96-ы дзень нараджэння. Яго ўласная гісторыя пачалася ў Нясвіжы. Тут, у адным з дамоў на вуліцы Ленінскай, ён нарадзіўся і вырас, з гэтага парогу і пачалося яго вялікае жыццё. Пра дзяцінства Эдуард Аляксандравіч расказвае з лёгкай усмешкай, хоць і нельга назваць яго простым:



— Мы значна дапамагалі ў дзяцінстве бацькам, — дзеліцца мой суразмоўца. — Усе хатнія абавязкі былі строга размеркаваны. І нават думкі ні ў каго не было штосьці не выканаць. І тут справа не ў тым, што бацькі мае строгія былі: так раней усе жылі. Неяк не прынята было дзяцей надта песціць. Як толькі трошкі падрасталі дзеткі, адразу і хатнія абавязкі з’яўляліся, адпаведна ўзросту. Я па натуры гарэзлівы быў, увішны, усё мне было цікава, але вучыўся добра і школу заўсёды любіў.
Дзяцінства Эдуарда Аляксандравіча выпала на страшныя ваенныя часы. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было дванаццаць гадоў. Ён многа што помніць і расказвае аб гэтым. Аднойчы яго цікаўнасць ледзь не каштавала яму жыцця. Хлопчык гнаў карову на пашу па вуліцы і заўважыў, што за плотам ляжаў новенькі працівагаз. Дастаць яго хлопчык не мог, таму некалькі разоў, прахо- дзячы міма спыняўся і глядзеў на яго. Нямецкія салдаты неўзабаве заўважылі такую “актыўнасць” на гэтым месцы. І аднойчы накіраваліся да яго з аўтаматамі, думаючы, што такім чынам ён перадае нешта забароненае. На шчасце, яны зразумелі, што хлопчыка цікавіў толькі працівагаз. І не сталі чапаць дзіця.
— Тады я нават не думаў, у якой небяспецы быў, — успамінае ён. — Усведамленне прыйшло пасля, з цягам часу. Насамрэч, мне пашанцавала: ці Бог адвёў, ці проста салдаты такія трапіліся. Бо у той час ніхто нічога не дазнаваўся, стралялі ды ўсё. У дзяцінстве ўсё ўспрымаецца па-іншаму, і голад, і вайна, і смерць… Толькі вырасшы пачынаеш разумець, што да чаго. І калі ўсведамляеш, то, часам, нават страшна становіцца.
Пасля заканчэння школы Эдуард Аляксандравіч паступіў у Мінскае зубапратэзнае вучылішча, паспяхова яго скончыў і вярнуўся ў родны Нясвіж. 20 гадоў ён працаваў зубным урачом у вайсковай часці, потым у інтэрнаце ў вёсцы Асмолава.
— Мяне з юнацкіх гадоў цікавіла медыцына, — працягвае Эдуард Аляксандравіч. — Мне хацелася дапамагаць людзям, быць карысным. Хтосьці падумае: ну што там зубны ўрач, ён жа людзей не ратуе. Не ратуе, і здаецца, што там зубы… Ёсць праблемы і пасур’ёзней. Ёсць, але калі з’яўляюцца стаматалагічныя праблемы, то такія думкі адразу галаву пакідаюць. Усё жыццё я аддаў сваёй справе, і мне не надакучыла. Я люблю людзей і шкадую іх. Так было з самага маленства і да сённяшняга дня. Можа таму я так многа і пражыў на гэтым свеце, бо па-добраму да ўсіх стаўлюся. Я ўпэўнены, што дабрыня і чалавечнасць — не апошнія словы ў гэтым жыцці. Будзьце добрымі да іншых людзей, і вам абавязкова тое ж вернецца. Так заўсёды адбываецца, такі закон жыцця.

Ірына ЕФІШОВА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!