Меню
Курс $  3.15 | €  3.68 | ₽100  3.84 |
Погода 12 °C

Аналітыка. Космас, Зямля і… мы

Нясвіжскія навіны 2 дня назад 0 2

Пост опубликован: 12.04.2025

12 красавіка 1962 года ў былым Савецкім Саюзе быў заснаваны Дзень касманаўтыкі.
А 12 красавіка 2011 года на спецыяльным
пленарным пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН 12 красавіка афіцыйна аб’явілі
Міжнародным днём палёту чалавека ў космас.
Нябёсы заўсёды вабілі людзей сваёй загадкавасцю, але чалавек — істота ўпартая ў дасягненні сваіх мэтаў, нават вельмі фантастычных. Першымі, як вядома, у космасе пабывалі сабакі — Лайка, што не вытрымала нагрузак і загінула, за ёю — Белка і Стрэлка, якія вярнуліся на зямлю жывымі і непашкоджанымі. Амерыканцы запускалі ў космас шымпанзэ Энаса, а французы — кошку Фелісэт.



І толькі Савецкі Саюз зрабіў космас даступным для людзей. 12 красавіка 1961 года ў жыцці нашай планеты адбылася сапраўды гістарычная падзея. Юрый Гагарын здзейсніў подзвіг, які застанецца ў стагоддзях — першым у свеце абляцеў Зямлю на борце касмічнага карабля “Усход-1” і пасля 108 хвілін палёту паспяхова прызямліўся ў Саратаўскай вобласці. Урад высока ацаніў мужнасць і стойкасць касманаўта. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 красавіка 1961 гады яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У той жа дзень выйшла пастанова аб заснаванні ганаровага звання “Лётчык-касманаўт СССР”. Зразумела, першым гэтую ўзнагароду атрымаў Юрый Гагарын.
Праз 4 гады, 18 сакавіка 1965 года Аляксей Лявонаў стаў першым чалавекам, які выйшаў у адкрыты космас, а арбітальная станцыя “Мір” стала сапраўдным домам для многіх расійскіх і замежных касманаўтаў, якія праводзілі тут розныя навуковыя эксперыменты.
На сённяшні дзень у арбітальных касмічных палётах паўдзельнічалі 625 чалавек з розных краін свету, у тым ліку 80 жанчын. Адной з іх стала і наша суайчынніца Марына Васілеўская.
У ЗША і заходніх краінах Дзень касманаўтыкі назвалі на свой лад — Юр’евай ноччу (Yuri’s Night) у гонар Юрыя Гагарына. Ініцыятарамі падобнага свята сталі астрабіёлаг НАСА Ларэта Ідальга Уайтсайдс і яе муж Джордж — выканаўчы дырэктар.
Юр’ева ноч праходзіць без адзінага фармату. Адны адзначаюць гэту дату з весялосцю, музыкай і танцамі, іншыя заслухоўваюцца ў барах навуковымі лекцыямі аб космасе. Юр’ева ноч — гэта таксама тэматычныя вечары, канцэрты, заўсёды прысвечаныя адной тэме — ушанаванню першага чалавека, які пакарыў зорную прастору.
У еўрапейскіх краінах кафэ даюць для ўдзельнікаў Юр’евай ночы свае пляцоўкі, дзе праходзяць сустрэчы з касманаўтамі, пазнавальныя віктарыны і конкурсы, пераможцы ў якіх атрымліваюць ва ўзнагароду адну з касмічных страў.
Аднак не толькі пра ўшанаванне герояў-касманаўтаў хочацца сказаць сёння. А і пра тое, што космас пачынаецца з нашай планеты — Зямлі. Гэта наша вялікая агульная Радзіма. І на ёй нягледзячы на разнастайнасць народаў і моў ёсць толькі адна нацыя — Чалавек. Менавіта нам — людзям — Стваральнік сусвету даў права распараджацца ўсім, што вакол нас ёсць. Нам падпарадкоўваюцца птушкі і звяры, зямныя нетры і марскія глыбіні, нават само паветра, якім дыхаем (бо мы ў сілах як ачысціць, так і забрудзіць яго), а цяпер вось — і космас. Наяўнасць розуму дае нам магчымасць як глабальна развівацца, так і знішчыць нашу планету ў любы момант. Выбар як заўжды толькі за намі. І не за чалавецтвам у цэлым, а за кожным чалавекам паасобку. Мы або развіваемся самі і ўкладваем усё, што неабходна для гэтага ў нашых дзяцей, або застаёмся ў стане выжывання, дбаючы толькі пра свае сіюмінутныя патрэбы.
Жыццё складаецца з дробязей: спачатку мы выкідваем смецце не ў акно аўтамабіля, а ў скрыню для смецця, асобна ўтылізуем адходы, а потым дзеці бачаць наш прыклад і вучаць гэтаму сваіх дзяцей. І гэта толькі адзін з прыкладаў. У чалавека ёсць мэта і сваё прызначэнне — развіваць і паляпшаць нашу планету. А вось выконваем мы яго ці не — гэты выбар мы ўжо робім самастойна. Як і тое, што мы панясём з сабой у космас — прыгажосць і дабрыню ці хцівасць і зайздрасць…

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!