Шаноўныя чытачы! Зараз Каталіцкі Касцёл, разам з іншымі канфесіямі і нават рэлігіямі, перажывае асаблівы час падрыхтоўкі. Каталікі ўсяго свету рыхтуюцца да свята Пасхі, перажываючы асаблівы час, які называецца Вялікі Пост. Ва ўяўленні многіх гэта час, калі мы не ўжываем мяса і іншыя стравы. Часам нават некаторыя кажуць, што пост — гэта добрая падстава для дыеты, каб пахудзець ці ўвогуле аздаравіцца. Аднак дыета не з’яўляецца пастом, бо не мае духоўнага вымярэння. Як навучае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, пост — гэта ў першую чаргу духоўнае ўстрыманне, устрыманне ад таго, што найбольш шкодзіць нашаму жыццю, што перашкаджае нашаму духоўнаму ўзрастанню. Гэта можа быць тэлевізар і прагляд непатрэбных праграм. Можа быць адмова ад сацыяльных сетак, ад гаджэтаў, якія нас часам знявольваюць падобна наркотыкам. Адным словам, гэта можа быць заўгодна што, тое, што шкодзіць чалавеку і робіць яго рабом шкодных, дрэнных звычак.
Аднак пост — гэта шлях не толькі аднаго чалавека. Вельмі часта гэта шлях супольны з канкрэтнай супольнасцю, такой, як сям’я, нейкія рэлігійныя ці грамадскія аб’яднанні, і нават супольнасць Каталіцкага Касцёла ва ўсім свеце і г.д.
Святы Айцец Францішак (Папа Рымскі) у гэтым годзе звярнуўся да грамадства ўсяго свету і да кожнага з нас паасобку ў пасланні на Вялікі Пост 2025 года, дзе вылучае тры шляхі, якімі захвочвае ісці, асабліва ў гэты перыяд. Вось што ён піша: «У гэты Вялікі пост, узбагачаны ласкай юбілейнага года, я хацеў бы прапанаваць вам некалькі разважанняў аб тым, наколькі важна крочыць разам у надзеі і адкрываць заклікі да навяртання, якія Божая міласэрнасць адрасуе ўсім нам, як паасобку, так і як супольнасці».
«Перш за ўсё, крочыць. Дэвіз юбілейнага года, які мы зараз перажываем, — «Пілігрымы надзеі» — нагадвае пра доўгі шлях ізраэльскага народа да абяцанай зямлі, апісаны ў Кнізе Зыходу: цяжкі шлях ад няволі да свабоды, жаданай і пазначанай Панам, Які любіць свой народ і заўсёды яму верны. Мы не можам успамінаць біблейскі зыход, не думаючы пра шматлікіх братоў і сясцёр, якія сёння ратуюцца ад беднасці і насілля і шукаюць лепшага жыцця для сябе і сваіх блізкіх. Добрым велікапосным практыкаваннем было б сутыкнуцца з канкрэтнай рэчаіснасцю мігранта або пілігрыма і дазволіць сабе заняцца ёю, каб даведацца, чаго Бог чакае ад нас, каб быць лепшымі падарожнікамі да дому Айца».
«Па-другое, давайце здзейснім гэтае падарожжа разам. Хрысціяне пакліканы падарожнічаць разам, а не як адзінокія падарожнікі. Дух Святы натхняе нас выходзіць па-за саміх сябе, ісці да Бога і да нашых братоў і сясцёр, і ніколі не замыкацца ў сабе. Давайце ісці ў адным кірунку, да адной мэты, слухаючы адзін аднаго з любоўю і цярплівасцю.»
«Па-трэцяе, давайце разам рушым у гэты шлях у надзеі на выкананне абяцання».
Жадаю ўсім плённага перажывання Вялікага Посту! Не толькі каталікам але і іншым канфесіям. Таксама мусульмане перажываюць Рамадан, а іўдзеі — час падрыхтоўкі да Пасхі. Усім жадаю Божага благаслаўлення на гэты час.
Пётр Шарко,
пробашч парафіі Божага Цела
ў Нясвіжы, ксёндз канонік.