У рамках месячніка навядзення парадку на зямлі
на тэрыторыі Гарадзейскага сельскага Савета праводзяцца мерапрыемствы па азеляненні тэрыторый.
Школа пачынаецца з экалагічнай адукацыі. Менавіта так у прамым сэнсе сёння можна сказаць пра Астроўскую школу. Зусім нядаўна тут, перад будынкам школы, з’явіліся маленькія хвойныя дрэўцы — сасна і елка, якія з цягам часу стануць не толькі ўпрыгожаннем тэрыторыі, але і прынясуць немалую карысць для здароўя дзяцей і дарослых і , як мінімум, палепшаць экалагічныя абставіны.
Набыць саджанцы дапамагло мясцовае сельгаспрадпрыемства ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”. Гэта была ініцыятыва кіраўніцтва гаспадаркі, — расказвае старшыня Гарадзейскага сельскага выканаўчага камітэта Наталія Цвірко.
— А мы з задавальненнем падтрымалі добрую справу і падключыліся да добраўпарадкавання. З азеляненнем тэрыторыі каля школы з дапамогай дарослых цудоўна справіліся юныя эколагі. Дзеці добра ведаюць пра беражлівае стаўленне да прыроды, таму ажыўлена ўзяліся за работу, якая ўвайшла ў скарбонку добрых спраў перад 22-м раённым экалагічным форумам, прыурочаным да Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя. З інструментамі для падрыхтоўкі лунак і падвозам вады дамовіліся загадзя.
Частку дрэўцаў мы высадзілі ў парку аграгарадка для аднаўлення экалагічнай сістэмы. Хочацца, каб кожнаму тут добра дыхалася і адпачывалася, а аграгарадок з часам стаў адным з самых зялёных і квітнеючых у раёне.
Увогуле мясцовая выканаўчая ўлада прадпрымае ўсе намаганні, каб падтрымліваць населеныя пункты ў адпаведным санітарным стане, прыцягваць увагу грамадскасці да аховы навакольнага асяроддзя, а значыць — паляпшаць якасць жыцця чалавека.
На тэрыторыі сельсавета многа працавітых гаспадароў, якія трымаюць свае домаўладанні ў парадку, аздобліваюць участкі кветкамі, — зазначыла Наталія Леанідаўна. — А ў выпадках безгаспадарчых адносін да прыдамавых тэрыторый мясцовая ўлада прымяняе артыкулы заканадаўства аб дамах, што пустуюць. Так, напрыклад, за апошні час на тэрыторыі сельсавета знесены чатыры такія дамы, два — прададзены з аукцыёну. Работы ў дадзеным накірунку працягваюцца.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.