Месячнік азелянення — гэта не толькі пасадка маладняку, але і догляд за дарослымі
дрэвамі. Менавіта з гэтага пачаліся веснавыя работы
па добраўпарадкаванні тэрыторыі ў Сноўскім сельсавеце.
— У сакавіку праведзена абрэзка дрэў на вуліцах аграгарадка Сноў. Вядзецца таксама ўборка дарог ад пяску пры бардзюрах, — паведаміў старшыня Сноўскага сельскага выканкама Віталій Слабко.
— Праведзены работы па добраўпарадкаванні слабадскіх і сноўскіх грамадзянскіх могілак — высечаны і вывезены хмызняк. Вядзецца добраўпарадкаванне ў вёсцы Церасполле. Падтрымліваецца парадак у месцах пахаванняў воінаў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Значная работа праводзіцца па пытаннях дамоў, што пустуюць, уласнікі якіх жывуць, напрыклад, у Расіі і знайсці іх проста немагчыма. Або дом з’яўляецца спадчынай сваякоў, але чалавек не ўступае ў правы ўласніка або адмаўляецца ад домаўладання, — працягвае Віталій Уладзіміравіч. — Такія двары з часам прыходзяць у заняпад — кепска ўпісваюцца ў агульны выгляд населеных пунктаў, становяцца часам прытулкам заезджых гасцей, там развіваецца антысанітарыя. І раённыя ўлады павінны прымаць адпаведныя меры.
За першы квартал 2025 года ўжо знесены чатыры домаўладанні, якія, згодна з рашэннем камісіі, былі занесены ў рэестр тых, што пустуюць. Гэта дом у Друцкаўшчызне, Нялепава і два — у Грыцкевічах. Добраўпарадкаванне праведзена сіламі АК “Сноў”, ААТ “Грыцкевічы” і філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” — “ДРБУ №168”: знесены пабудовы, выкапаны фундамент, праведзена выразка дзікай расліннасці. Землі адыйдуць у севазварот сельгаспрадпрыемстваў.
Па двух домаўладаннях сельвыканкам вядзе работу аб прызнанні дамоў тымі, што пустуюць, дакументацыя накіравана ў суд Нясвіжскага раёна.
Акрамя гэтага сельвыканкам рыхтуецца да правядзення аўкцыёну па продажы кватэры ў жылым доме, якая прызнана безгаспадарчай і перададзена ў маёмасць Сноўскага сельсавета.
Рашэнне раённага выканаўчага камітэта “Аб навядзенні парадку на зямлі і дабраўпарадкаванні населеных пунктаў Нясвіжскага раёна”, мэта якога — падтрыманне патрэбнага санітарнага стану тэрыторыі рэгіёну, — выконваецца.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.