Вельмі імкліва мінула зіма, а з ёй і традыцыйны калядны сезон нашай “Ланскай батлейкі”. Ды толькі адпачываць не прыходзіцца, бо ўжо і Вялікдзень на парозе. У новай святочнай дзеі перад гледачамі прадстануць жанчыны-міраносіцы, Марыя Магдаліна, імператар Ціберый і іншыя героі далёкіх часоў. Але аб гэтым пазней…
Пакуль батлейка чакае Велікодных дзён, мы са сваімі калегамі, работнікамі бібліятэк раёна, вырашылі завітаць да самых маленькіх нашых гледачоў. Што ж будзе цікава дзеткам? Вядома, казкі. Выбар выпаў на твор вядомага беларускага пісьменніка Алеся Якімовіча “Казка пра смелага вожыка”.
Дружнаю камандаю зрабілі цудоўны лялечны тэатр, упрыгожылі шырму, падабралі патрэбныя лялькі і музычнае суправаджэнне. Але самае галоўнае — гэта артысты, якія размаўляюць рознымі галасамі, спяваюць песенкі і весяляць дзетак. Ужо шмат гадоў падзяляе мае інтарэсы і працуе разам мая калега, бібліятэкар Слаўкаўскай сельскай бібліятэкі Аксана Пяткевіч. Не адмаўлялі ў дапамозе і іншыя нашы сяброўкі-калегі.
І вось для маленькіх наведвальнікаў дзіцячых садкоў “ажылі” лялькі: Зайка Шарачок, Лісіца Хітрыца, Воўк зубасты, Мядзведзь Міхайла Іванавіч і галоўны герой — Калючы Вожык.
Гэта казка пра сяброўства, узаемадапамогу і дабрыню. Таму яна так спадабалася дзецям. Незвычай- насць дзеяння, калі цацкі пачалі рухацца і размаўляць, падбадзёрыла дзяцей: яны сталі актыўнымі ўдзельнікамі спектакля. І вось казка зайграла новымі фарбамі. Выхаванцы былі ў захапленні, дружна смяяліся і апладзіравалі.
А мы, задаволеныя і натхнёныя, калі вярнуліся ў бібліятэку, узялі з паліцы новую кнігу. Магчыма, у ёй знойдзем цікавы сюжэт для дзіцячага спектакля.
Алена ЖУК,
бібліятэкар Ланскай
інтэграванай
сельскай бібліятэкі.