Меню
Курс $  3.24 | €  3.5 | ₽100  3.87 |
Погода 10 °C

Тортам на свята багатая хата

Нясвіжскія навіны 1 неделя назад 0 57

Пост опубликован: 23.03.2025

Вельмі многім у гарадскім пасёлку Гарадзея і далёка за яго межамі вядома імя Таісіі Аліноўскай — былога загадчыка славутага ў свой час Гарадзейскага кандытарскага цэха райспажыўтаварыства.
Лёс гераіні гэтага аповеду, у многім зусім “не салодкі”, склаўся так, што нібы ў выглядзе кампенсацыі за жыццёвыя выпрабаванні яна 45 гадоў адпрацавала на сапраўды “салодкай” рабоце, дорачы добры настрой і адчуванне свята вельмі многім людзям. Найсмачнейшыя караваі на вяселлі, далікатныя торты на юбілеі і розныя іншыя ўрачыстыя падзеі — усё гэта некалькі дзясяткаў гадоў выхо- дзіла з-пад рук Таісіі Міхайлаўны і яе таварышак па працы як увасабленне радасці і самых светлых чалавечых пачуццяў.



А пачыналася ўсё ў другой частцы нашага раёна — вёсцы Ляхі, дзе будучы славуты кандытар нарадзілася і вырасла, скончыла Лявонавіцкую СШ. Паспрабавала паступіць у тагачасны інстытут народнай гаспадаркі (зараз — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт) — і не прайшла па конкурсе. А ў верасні пайшла з жыцця мама. У Таісіі застаўся бацька і старэйшая на 9 гадоў сястра. Можна толькі ўявіць, як гэта — застацца ў такім узросце без мацярынскай дапамогі і падтрымкі, але дзяўчыну хутка ўзялі пад сваё крыло добрыя людзі: ёй адразу далі работу ў буфеце яе роднай школы, затым, калі дзеці пайшлі на канікулы, яна перайшла ў буфет льнозавода і так на ўсё жыццё засталася ў Гарадзеі. Праз некалькі месяцаў ёй знайшлося месца ў славутым на той час на ўвесь Савецкі Саюз Гарадзейскім кандытарскім цэху, загадчыца якога — Алена Шатохіна — была адзіным ва ўсёй вялікай краіне лаўрэатам Дзяржпрэміі сярод работнікаў спажыўкааперацыі. Так што вучыцца ёй было ў каго і магчымасць гэту маладая дзяўчына выкарыстала напоўную. Падчас работы скончыла Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум і старалася як магла.
— Мы з бацькамі жылі ў маім дзяцінстве так сціпла, што торт для мяне быў шыкам і раскошай, — узгадвае Таісія Міхайлаўна. — Я не ўяўляла сабе, як увогуле да яго падступіцца, і вось сталася так, што навучылася вырабляць гэты сімвал багацця сама. Наша загадчыца лічыла, што мець справу з тортамі павінен той, хто здольны да малявання, а я гэтага не ўмела, таму вучылася, рабіла ўсё, каб яе не падвесці.
Праз паўгода пасля заканчэння тэхнікума маю суразмоўцу прызначылі брыгадзірам у адну з трох змен, па якіх працаваў цэх. Яна пастаянна павышала сваё прафесійнае майстэрства, атрымлівала ўсё больш высокі разрад і ў рэшце рэшт у 2000 годзе атрымала самае высокае званне ў сваёй сістэме — майстар-кандытар. І ў той жа год змяніла на пасадзе загадчыцы цэха Алену Шатохіну, якая пайшла на заслужаны адпачынак. За час работы ўдзельнічала і перамагала ў розных абласных і рэспубліканскіх конкурсах прафесійнага майстэрства, неаднойчы запрашалася ў журы і сама з задавальненнем дзялілася прафесійнымі сакрэтамі з мала- дзейшымі кандытарамі.
На заслужаны адпачынак мая суразмоўца адразу не пайшла, яшчэ сем з паловай гадоў працавала, але з-за рэструктарызацыі, што пачалася ў сістэме райспажыўтаварыства, усё ж вырашыла пакінуць любімую работу, да якой прыкіпела душой і сэрцам, дапрацаваўшы да самага закрыцця свайго цэха ў 2019 годзе.
Радаваць людзей Таісіі Міхайлаўне ўдаецца і зараз: дастаткова прайсці проста побач з яе домам і ад прыгажосці, якая адкрываецца там ад вясны да восені, захапляе дух: першацветы, нарцызы, цюльпаны, ружы, лілеі (і гэта няпоўны пералік!) — усё гэта квітнее і до- рыць свой водар так, што спыніўшыся ля гэтай прыгажосці, можна забыцца куды і чаго ішоў.
— Хто не любіць кветкі, той не любіць жыццё! — упэўнена гераіня гэтага матэрыялу. — У душы лічу сябе маладой і радуюся кожнаму дню і таму, што мела магчымасць прыносіць радасць іншым. Дабрыня людзей дапамагла мне стаць на ногі без мацярынскай падтрымкі, і я ўсё жыццё ўдзячна Богу і людзям, якія дамагалі мне. Няхай усё ва ўсіх будзе добра!
Дадаць да гэтага, як кажуць, няма чаго. Хіба толькі пажадаць, каб Гарадзею яшчэ доўга-доўга ўпрыгожваў вядомы на ўсю акругу падворак Таісіі Аліноўскай, а сем’і, якім яна пякла свае караваі, жылі ў ладзе і зго-дзе яшчэ многія гады!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!