У апошні дзень зімы чытачы Нясвіжскай цэнтральнай
раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы сабраліся, каб у чарговы раз дакрануцца да паэтычнай творчасці сябра раённага літаратурна-
музычнага аб’яднання “Валошкі”, абласнога
народнага калектыву аўтарскай песні і паэзіі “Жывіца”, сябра Саюза
журналістаў Беларусі, намесніка галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’і Любанец.
“Раніца першага снегу” — менавіта такую назву меў першы паэтычны зборнік Соф’і Уладзіміраўны, падрыхтаваны ў бібліятэцы ў 2005 годзе. Зараз, дапоўнены і адноўлены дзякуючы намаганням супрацоўніцы бібліятэкі Наталлі Кульчыцкай, ён быў прапанаваны падчас сустрэчы чытачам бібліятэкі самой аўтаркай.
Соф’я Уладзіміраўна пачала з вершаў зімовай тэматыкі. Разам з аўтаркай прайшліся госці сустрэчы і дарогамі яе лёсу, пачынаючы з дзіцячых гадоў, часу навучання ў Карцэвіцкай школе, Нясвіжскім педвучылішчы, філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта, затым была работа ў Дараўскай школе Ляхавіцкага раёна, у газетах “Ляхавіцкі веснік”, “Ляхавіцкі час”, “Нясвіжскі час”, на нясвіжскім раённым радыё, а затым і ў раённай газеце “Нясвіжскія навіны”. Аповед пра той ці іншы перыяд жыцця Соф’я Уладзіміраўна суправаджала вершамі, напісанымі тады.
Цудоўным падарункам для самой паэткі і ўсіх прысутных сталі песні ў выкананні кіраўніка хору ветэранаў Ірыны Латушкі і былога дырэктара Гарадзейскай школы мастацтваў Івана Буглая. На адзін з твораў Соф’і Уладзіміраўны Іван Іванавіч напісаў песню, якую яны выканалі разам.
Так сталася, што менавіта Соф’я Уладзіміраўна стала першай удзельніцай сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты “Нясвіжскія навіны” і сярэдняй школы №4 горада Нясвіжа, які стартаваў у лістапа- дзе 2017 года. Менавіта ёй прысвечаны на сённяшні дзень адзіны ў межах праекта электронны часопіс “Парады з вуснаў несвіжан”, які і быў прадстаўлены чытачам бібліятэкі. Яна стала і першай удзельніцай аднайменнай рубрыкі на раённым радыё, якую ла- дзілі кіраўнік праекта, аўтар гэтага матэрыяла, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ №4 нашага горада і прафесійная журналістка Аксана Грох. А пачалося ўсё з таго, што юныя журналісты вырашылі пашукаць мудрых парадаў сярод сваіх землякоў. Атрымалася няблага. І вось калі ўжо быў зроблены дыск і буклет праекта, які ўключаў запісы 47 сустрэч, мы звярнулі ўвагу на тое, што нават імя нашай першай гераіні азначае мудрасць. З дапамогай электроннага часопіса для ўсіх і кожнага “Парады з вуснаў несвіжан”, прысвечанага С.У. Любанец, і было здзейснена падарожжа па сцяжынках яе лёсу.
Наталля Кульчыцкая падрыхтавала папяровы варыянт часопіса “Парады з вуснаў несвіжан” (аўтар-складальнік В. Шчарбакова), над якім папрацавалі і супрацоўнікі бібліятэкі: дызайнер Марыя Юхо (Бубен), тэхнічны рэдактар Віктар Кіула. Часопіс быў падараваны Соф’і Уладзіміраўне разам з новым выданнем яе паэтычнага зборніка “Раніца першага снегу”.
Сваё слова ў адрас паэткі выказалі сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Вольга Жэрка, іерэй Васілій Краеў, Алена Шаблоўская, Дзмітрый Лібар, Барыс Вятлугін, удзельніца хору ветэранаў працы “Аптымісты” Ганна Ярмалінская.
Уважлівае стаўлення да лю- дзей і мастацкага слова ў сям’і Соф’і Уладзіміраўны — даўняя традыцыя. Яе дачка Ніла таксама ступіла на журналісцкі шлях. Бацькі паэткі Уладзімір і Ніла Бруй — педагогі, а ў гэтай прафесіі таксама нельга без творчасці. Да таго ж Уладзімір Дзмітрыевіч — аўтар шматлікіх кніг, якія дастойна ацэнены чытачамі і прафесійнымі аўтарамі. Уладзімір Дзмітрыевіч падзяліўся думкамі аб творчасці дачкі і выказаў пажаданні аб яе далейшай літаратурнай дзейнасці.
Цікава, што сама аўтарка, нягле- дзячы на дасканаласць яе паэтычных твораў, глыбіню думкі, разнастайнасць тэм і непаўторнасць вобразаў, не лічыць сябе паэткай.
— Я проста чалавек, які зрэдку піша вершы, — патлумачыла Соф’я Уладзіміраўна.
Напрыканцы сустрэчы аўтарка падзялілася сваімі поглядамі на жыццё і на творчасць, пацвер-дзіўшы свае меркаванні ўласнымі вершамі, адказала на пытанні чытачоў бібліятэкі.
Самае галоўнае ў жыцці, на думку нашай зямлячкі, — гэта талент цаніць светлыя імгненні жыцця, умець радавацца таму, што мы маем, прымаць людзей такімі, якія яны ёсць, і да кожнага чалавека ставіцца з разуменнем.
А ад сябе дадам, што той, хто дакранецца да творчасці Соф’і Уладзіміраўны, будзе сагрэты цяплом яе слова, шчырасцю пачуццяў, і тады не так важна будзе, якая пара года на двары, тым больш, што ад бляску першага снегу да ўсмешкі вясны не так ужо і далёка.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік раённага
літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”.