Меню
Курс $  3.18 | €  3.46 | ₽100  3.82 |
Погода 5 °C

Сіл трэба яшчэ шмат

Софья ЛЮБАНЕЦ 1 неделя назад 0 49

Пост опубликован: 19.03.2025

З родным пасёлкам звязаны ўвесь жыццёвы шлях жыхара Гарадзеі Георгія Маскаліка. Тут ён нарадзіўся і вырас, тут скончыў школу. Спрабаваў стаць студэнтам тагачаснага палітэхнічнага інстытута, але не хапіла балаў. Аднак у хуткім часе паступіў на завочнае аддзяленне ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (зараз — Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт). Быў прызваны ў армію, але, адслужыўшы, працягнуў вучобу. Паўгода быў вучнем токара на льнозаводзе, да прызыву ў армію паспеў здаць на ІІ разрад. Ужо маючы за плячыма армейскую школу, у 1976 годзе быў прызначаны інжынерам па рамонту абсталявання, у гэтым жа годзе стварыў сям’ю.



Каб выканаць умовы атрымання вышэйшай адукацыі на завочным аддзяленні, 5-ы і 6-ы курс адпрацаваў у тагачасным саўгасе “Буракаводчы” (зараз — ДП “ЭБ “Свеклавічная”), пасля чаго ізноў вярнуўся на льнозавод ужо з дыпломам інжынера-механіка. У 1982 годзе стаў галоўным механікам, а праз 10 гадоў — галоўным інжынерам. Быў час, калі нават паўтара гады Георгій Аляксандравіч папрацаваў галоўным інжынерам у горгазе, але доўга пражыць без горача любімага ім льну не змог: вярнуўся назад на завод.
Пра гэту культуру ён увогуле гаворыць з вялікай павагай:
— Лён — наша блакітнае золата. Нездарма ён занесены на герб Беларусі. Валакно з нашага льнозавода паступала на Аршанскі льнокамбінат, быў адпрацаваны вытворчы ланцужок. Аднак нічога не паробіш — вышэйшае кіраўніцтва прыняло рашэнне, што нашы землі прынясуць больш карысці пры атрыманні з іх цукровых буракоў, чым льну, таму завод быў закрыты.
Апошнія 9 гадоў працоўнага шляху, сярод якіх адзін — ужо на пенсіі, Георгій Маскалік аддаў закрытыму акцыянернаму таварыству “Нясвіж-лён”, дзе быў інжынерам-энергетыкам. Не шкадаваў там ні сіл, ні асабістага часу, як і пры рабоце на льнозаводзе, які працаваў у тры змены і дзе інжынера маглі выклікаць на работу ў любы час сутак. Быў адным з удзельнікаў знакамітай праграмы Еўрасаюза “Тасіс”, дзякуючы якой у складзе беларускай дэлегацыі ў 1996 годзе пабываў у Францыі, Бельгіі і Галандыі, дзе знаёміўся з развіццём льнаводства.
Адданасць справе і па- двышанае пачуццё адказнасці за ўсё, што б ні рабіў, зрабілі яго вядомым і паважаным сярод жыхароў пасёлка: некалькі скліканняў ён быў дэпутатам пасялковага Савета, два разы — раённага, а ў 1996 годзе Георгія Маскаліка вылучылі ў дэлегаты І Усебеларускага народнага сходу.
— У маю бытнасць дэпутатам вельмі многа было зваротаў па дораўпарадкаванні і будаўніцтве, — узгадвае Георгій Аляксандравіч. — Асабліва цяжкімі былі 90-я гады, час распаду Савецкага Саюза. Пытанняў было больш, чым адказаў. Цяпер непараўнальна лягчэй усё вырашаць.
Нераўнадушша майго суразмоўцы да грамадскіх спраў выявілася і ў тым, што гэта менавіта ён быў ініцыятарам перапахавання ахвяраў фашызму, расстраляных у вайну на хутары Булатаўшчына і правя- дзення дадатковага расследавання гэтай трагедыі.
— Там ад рук фашысцкіх паслугачоў загінулі ў тым ліку і мая прабабуля і цётка па лініі маці, — расказвае Г.А. Маскалік. — Таму я заўсёды быў сярод тых, хто прыбіраў і даглядаў былое месца іх пахавання. Дабірацца туды было вельмі нязручна, асабліва ў веснавую і асеннюю распуціцу. Цяпер я магу быць спакойным: мае родныя ляжаць на цывілізаваных могілках і месца іх апошняга супакою заўсёды будзе дагледжаным, нават без мяне.
Зараз герой гэтага артыкула заняты клопатам пра жонку, якая патрабуе асаблівай увагі, радуецца дачцэ, сыну і чатыром унучкам, а сіл на тыдзень набіраецца ў лазні ў Карэлічах, куды ездзіць разам з сынам і братам. І хочацца верыць, што гэтых сіл у яго будзе яшчэ вельмі шмат.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!