Яўгенія Юхо — педагог-арганізатар, педагог дадатковай адукацыі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа — карэнная несвіжанка, нарадзілася і вырасла ў нашым горадзе. Цяпер яна вя- дзе ў каледжы аб’яднанне па інтарэсах “Жывая гісторыя” і прадмет “Турызм і спартыўнае арыентаванне”.
Пасля заканчэння СШ №4 г. Нясвіжа яна паступіла ў каледж, у якім зараз і працуе, на спецыяльнасць “Турызм і гасціннасць”. Пасля яго заканчэння ў 2014 годзе папрацавала год у раённым цэнтры дзіцячай творчасці і затым скарысталася правам паступіць адразу на другі курс Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна на гэтую ж спецыяльнасць на дзённую форму навучання.
Сваёй работай у каледжы гераіня гэтага аповеду зараз вельмі задаволена: яна рознапланавая, цікавая і надзвычай творчая. Як педагог-арганізатар яна арганізоўвае розныя мерапрыемствы. Напрыклад, да 80-гадовага юбілею каледжа, што праходзіў у кастрычніку мінулага года, удзельнікі яе аб’яднання “Жывая гісторыя” наладзілі для гасцей анімацыйную праграму “Стужка часу”, падчас якой былі сімвалічна прадстаўлены 12 ключавых падзей з 80-гадовай гісторыі ўстановы адукацыі.
Мая суразмоўца таксама з захапленнем узгадала пра музей каледжа, на тэму якога яна ў сааўтарстве з іншымі навучэнцамі пісала сваю дыпломную работу.
— Маладыя аматары гісторыі зараз актыўна вучаць тэксты экскурсій, і калі ў нас праходзяць прафарыентацыйныя сустрэчы, мы праводзім экскурсіі для школьнікаў і іншых гасцей каледжа па нашым музеі, — з гонарам дадала Яўгенія. — Менавіта з праектам праграмы “Нясвіж — гасцінны двор”, якая аб’ядноўвае розныя праграмы сустрэчы гасцей — з удзелам народнага інструментальнага ансамбля “Нясвіжскія лыжкары”, ансамбля “Кола”, анімацыйныя экскурсіі і іншае — я і падавалася на конкурс “Малады лідар 2024 года ў сферы спорту і турызму”.
Яўгенія Ігараўна таксама нагадала, што ў каледжы працуе і клуб ЮНЕСКА “Кліа”, удзельнікі якога задзейнічаны ў розных тэат- ралізаваных дзеях у Нясвіжскім замку і ў хуткім часе будуць дапамагаць праводзіць гульню “Кубак старога замка”, якая пройдзе ў палацавым комплексе.
— Мне вельмі падабаецца мая сфера дзейнасці, — дзеліцца разважаннямі маладая выкладчыца, — і радуе тое, як навучэнцы ставяцца да таго, што я да іх даношу — з вялікай цікавасцю, захопленасцю і натхненнем. Яны з задавальненнем развучваюць анімацыйныя праграмы, пры дапамозе якіх пераўвасабляюцца ў гістарычных асоб, і вучацца праводзіць вопіс экспанатаў падчас работы з музейным фондам. На канікулах працуюць у рамках летняй занятасці моладзі ў сэрвісным атрадзе ў нашым музеі-запаведніку “Нясвіж” — праводзяць экскурсіі. У гэтым годзе мае выхаванцы ўжо ізноў рыхтуюцца быць гідамі па нашых славутых мясцінах.
На пытанне, ці не хацелася б ёй поўнасцю перайсці на выкладанне прадметаў і пакінуць работу педагога-арганізатара, Яўгенія з упэўненасцю адказала, што не.
— Я люблю сваю работу, — зазначыла яна. — Яна вельмі
цікавая і патрабуе пастаяннай актыўнасці. Штогод мы рыхтуемся да розных знакавых падзей,
напрыклад, летась вельмі
маштабна адзначалі
Дзень народнага адзінства.
Свае цікавыя мерапрыемствы —
розныя акцыя і семінары — у нас
праходзяць кожны месяц,
таму сумаваць няма калі.
І хаця мне цікавая і прафесія
педагога, дзякуючы якой я магу дзяліцца сваімі ведамі,
аднак свядома выбіраю вось такую арганізацыйную работу з нашымі навучэнцамі, што дазваляе
і мне, і ім пастаянна развівацца
і навучацца новым
уменням і навыкам.
Зараз, дарэчы, навучэнцы каледжа пад кіраўніцтвам Яўгеніі Юхо рыхтуюцца да ўдзелу ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “АРТ-вакацыі”, які пройдзе ў Слуцку 18 сакавіка. Пажадаем ім выдатанага выступлення і заслужанай перамогі!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.