Меню
Курс $  3.18 | €  3.46 | ₽100  3.82 |
Погода 8 °C

Цяпло душы — чароўнае цяпло

Нясвіжскія навіны 2 недели назад 0 70

Пост опубликован: 12.03.2025

Апошнія дні зімы
азнаменаваліся адкрыццём у мастацкай галерэі “Мара” выставы мастачкі
Юліі Кобы “Тут цёпла”.

Дырэктар мастацкай галерэі “Мара” Ларыса Бортнік (справа) прадстаўляе мастачку Юлію Кобу



Падчас урачыстага адкрыцця выставы

З выставай знаёмяцца
яе першыя наведвальнікі

Назва вельмі шматзначная і невыпадковая: трапіўшы ў залу з карцінамі, вы трапляеце ў вясну і лета, у валадарства зеляніны і кветак. Да таго ж, адна з карцін сапраўды грэе. Але аб гэтым крыху пазней.
На адкрыцці выставы гасцей вітала яе аўтар — абаяльная, яркая, стройная, яна сама нагадвала адну з кветак са сваіх карцін. І гэтаму ёсць пэўнае тлумачэнне: карані мастачкі ляжаць у беларускім Палессі, у Нараўлянскім раёне, у адной з вёсак якога яна ўсё дзяцінства правяла ў бабулі. Усе канікулы падчас вучобы ў школе, любы вольны час пасля яе заканчэння — у бабулінай вёсцы для яе быў той самы мёд, пра які гаворыцца ў вядомай прымаўцы: “Табе што там, мёдам намазана?”
— З гэтым месцам звязана ўсё самае дарагое для мяне і па сённяшні дзень, — прызнаецца мастачка. — Там я навучылася бачыць прыга- жосць, закахалася ў родныя краявіды і хаця нарадзілася і вучылася ў школе ў Мінску, лічу сябе самай сапраўднай паляшучкай. І зараз мы з мужам добраўпарадкоўваем у нашай любімай вёсцы яго бацькоўскі дом і некалі пераедзем у яго.
Ну а пакуль Юлія Коба — мастачка, сябар Беларускага саюза дызайнераў і Еўразійскай садружнасці мастакоў, заснавальнік арт-студыі “Охра” жыве і працуе ў сталіцы на радасць многім, асабліва тым, хто прыходзіць да яе займацца жывапісам.

 

Падчас работы выставы “Тут цёпла” ў галерэі “Мара” кожны яе наведвальнік можа паўдзельнічаць у акцыі “Дзелімся цяплом” і зрабіць добраахвотнае ахвяраванне любога памеру на добрачынны рахунак ГА “Беларускі саюз жанчын”. Гэтыя сродкі будуць накіраваны тым,
хто звяртаецца ў гэту арганізацыю па дапамогу.

Шлях гераіні гэтага матэрыялу ў мастацтва быў крыху пакручас- тым: пасля школы яна прайшла навучанне ў цэнтры дэкаратыўна-прыкладного мастацтва, дзе асвоіла майстэрства роспісу па дрэве і мініяцюрны жывапіс. Пасля водпуска па доглядзе дзіцяці скончыла Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Інжынер-эканаміст хімічнай прамысловасці”, працавала дызайнерам у кампаніі па вытворчасці жалюзі, там нават стала начальнікам аддзела продажаў.
Аднак покліч творчасці аказаўся мацнейшым і Юлія ізноў пайшла вучыцца, абраўшы спецыяльнасць “Графічны дызайн” у Беларускай акадэміі мастацтваў. Зараз яна цалкам прысвяціла сябе творчасці і часткова — педагогіцы. Гэту сферу мая суразмоўца асвоіла, займаючыся з вучнямі ва ўласнай студыі “Охра”. Дарэчы, самай старэйшай яе вучаніцы было 83(!) гады, і яна выпісвала такія лініі, што многім маладзейшым было далёка. Так што ніколі не позна пайсці за сваім жаданнем!

Юлія Коба. “Новы дзень”

Юлія Коба. “Півоні”

Юлія Коба.
“Нацюрморт з астрамі”

Карціна-абагравальнік “Дрэва жыцця”

Па ўласнай ацэнцы мастачкі, на выставе ў Нясвіжы зараз прадстаўлена дзесьці адна шостая з усіх яе работ, абсалютная большасць з якіх — кветкі.
— Пейзажы і нацюрморты — мае любімыя жанры, — гаворыць Юлія Коба. — Кветкі — гэта рай на зямлі, гэта сама прыгажосць і пяшчота. Мне здаецца, што трымценнем сваіх пялёсткаў яны нешта гавораць мне і я хачу зрабіць гэта чутным для тых, хто глядзіць на мае карціны.
Любімыя фарбы мастачкі — алейныя, яна любіць шчыльную тэкстуру, якую можна паправіць проста пальцамі. Ёсць у яе работы і з выкарыстаннем тэкстурнай пасты і эпаксіднай смалы. Ёсць нават і тая, згаданая вышэй, якая можа інфрачырвоным праменнем абаграваць памяшканне…
Але лепш за ўсё прыйдзіце і паглядзіце на ўсё гэта самі. Выстава Юліі Кобы “Тут цёпла” будзе працаваць у мастацкай галерэі “Мара” да 27 красавіка. Час ідзе хутка. Не прапусціце!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!