Меню
Курс $  3.18 | €  3.46 | ₽100  3.82 |
Погода 3 °C

Славянскае свята са смакам гарадзейскіх пачастункаў

Инна ВАСИЛЕВИЧ 3 недели назад 0 44

Пост опубликован: 10.03.2025

Провады зімы на Нясвіжчыне заўсёды адзначаліся вясёлымі святамі — з дружнымі карагодамі, гарэзлівымі скамарохамі, жартоўнымі конкурсамі і мноствам прысмакаў. Менавіта пасля Масленіцы пачынаўся пост перад Вялікаднем. Таму кожны на свяце павінен быў пачаставацца сам і пачаставаць іншых бліном, які напярэдадні веснавога цяпла сімвалізуе залатое сонца. Румянымі, гарачымі блінамі частаваліся ўсе, хто прыйшоў на свята, якое ладзілася ля Гарадзейскага цэнтра культуры 2 сакавіка, у першую нядзелю вясны.



Гаспадынямі тут былі Масленіца, Зіма, Вясна, а разам з імі — прыгажуні Аліна і Акуліна, а таксама жыхары і госці пасёлка цукровага камбіната.
Дзейства пачалося адразу апоўдні і доўжылася некалькі гадзін. За гэты час ля Гарадзейскага цэнтра культуры адбываліся самыя розныя дзеі. Бойкі з мяхамі, распілоўванне бервяна, спаборніцтвы асілкаў з 32-кілаграмовай гірай перамяжоўваліся вясёлымі гульнямі і карагодамі.

Вядучыя свята —
Аліна і Акуліна

Здымак на памяць
з любімымі героямі народнага свята

І маленькія, і дарослыя радаваліся падарункам,
выйграным у конкурсах на гарадзейскай Масленіцы

Асаблівую цікавасць выклікала пляцоўка, дзе на высокім слупе былі замацаваны боты, у якіх знаходзіліся салодкія прызы. Вядома, знайшоўся ахвотнік, які здолеў падняцца да іх. Увогуле здаўна гэта забава ладзілася не проста для атрымання падарункаў, яна заўсёды мела сімвалічны сэнс. Слуп сімвалізаваў дрэва сусвету, якое злучала свет духаў, свет людзей і свет багоў. Лічылася, што той, хто прайшоў выпрабаванне, атрымліваў своеасаблівы матэрыяльны дар ад Бажаства, якім і з’яўляўся падарунак на слупе.
Добра павесяліў і жартаўлівы конкурс малюнкаў, дзе цешча павінна была намаляваць партрэт любімага зяця. Трэба заўважыць, што кожная канкурсантка старалася для сваёй дачушкі, каб хлопец атрымаўся і добрым, і шчодрым, і працалюбівым, і каб умеў змаўчаць, калі трэба, — як кажуць, усё ў адным флаконе. І жарт гэты атрымаўся найлепшым чынам.
Бадай, самай масавай забавай на свяце стала перацягванне каната. Каманды стараліся, як маглі. Вядома, перамагла дружба, а свята зноў працягвалася частаваннем блінамі з канфіцюрам і джэмамі, якія для ўдзельнікаў мерапрыемства разам з прызамі прадаставіў Гарадзейскі цукровы камбінат.

Распілоўванне бервяна ручной пілой — народная забава на провадах зімы

Славянскае свята са смакам гарадзейскіх пачастункаў

Вышыня пераадолена — і прыз у тваіх руках!

Масленіца запрашае!

Касцёр — сімвал жару зямлі,
а чучала — халодная зіма, якая
з прыходам вясны пазбаўляецца сваёй улады

Няпроста выстаяць на лаўцы ў бойцы з мяхамі!

Не перавяліся на зямлі
нясвіжскай сапраўдныя асілкі!

Захапляльным і шматлюдным
стала перацягванне каната

Аліна і Акуліна, з ролямі якіх цудоўна справіліся Вольга Александровіч і Кацярына Каструбай, запрашалі ўсіх не толькі паласавацца прысмакамі, але і папрасіць адзін у аднаго прабачэння, тым самым адкрыўшы свае сэрцы для добрых учынкаў і міласэрнасці. Для тых, хто хацеў больш падсілкавацца, павары комплексу грамадскага харчавання і гандлю ААТ “ГАРАДЗЕЙСКІ ЦУКРОВЫ КАМБІНАТ” падрыхтавалі сакавіты шашлык. Абед на свежым паветры, здавалася, быў найсмачнейшы!
Пасля народных забаў, карагодаў і спеваў сваімі ўражаннямі па- дзялілася загадчык Гарадзейскага цэнтра культуры Вольга Александровіч:
— Мерапрыемства такога плана — заўсёды падзея для нас, артыстаў- аматараў. Бо кожны раз хочацца падзяліцца часцінкай сваёй душы, часцінкай беларускай дабрыні і спагадлівасці. У гэта радаснае свята, мы ў чарговы раз дакрануліся да народнай культуры, жадаючы кожнай сям’і цеплыні, згоды, міру і дабрабыту, атрымалі зарад бадзёрасці, шмат станоўчых эмоцый і прыемных падарункаў. Арганізаваць такое маштабнае свята, парадаваць мясцовых жыхароў нам, як заўсёды, дапамагло кіраўніцтва ААТ “ГАРАДЗЕЙСКІ ЦУКРОВЫ КАМБІНАТ”.
Таму хочацца падзякаваць усім працаўнікам-цукраварам, пажадаць ім міру і дабрабыту, далейшага росквіту прадпрыемству і каб усё задуманае збывалася, а добрае — множылася! Каб усе нягоды пайшлі ў нябыт разам з тым сімвалічна спаленым у першую нядзелю вясны чучалам, каб пасля вясёлай Масленіцы ўсіх людзей кожны новы дзень сустракаў цёплым ветрыкам светлых надзей і радасных дзён.

Падрыхтавала Іна ВАСІЛЕВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!