Па выніках абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” па выніках 2024 года першае месца сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, заняла Сноўская сярэдняя школа. Такі ж высокі вынік у яе і ў рэспубліцы, і ў раёне. А на мінулым тыдні Сноўская СШ атрымала таксама Дыплом пераможцы ў раённым конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы сярод працоўных калектываў арганізацый у галіне адукацыі, спорту і турызму. На думку дырэктара школы Галіны Радаман, усе гэтыя высокія вынікі — заслуга ўсяго калектыву ўстановы адукацыі ў цэлым, які складаецца з мноства выдатных педагогаў.
Адна з іх — карэнная снаўчанка Наталля Сідаровіч. Яна нарадзілася і вырасла ў Снове, скончыла Сноўскую школу, тут жа, на малой радзіме, стварыла і сваю сям’ю.
І хаця бацькі гераіні гэтага аповеду не былі звязаны з педагогікай, яшчэ падчас вучобы ў школе ў яе саспела жаданне стаць настаўнікам. У 10-11 класах яна вызначылася з педкласам, пасля якога паступіла ў Нясвіжскі (тады яшчэ педагагічны) каледж.
Па словах самой Наталлі Міхайлаўны, вялікую ролю ў прыняцці гэтага рашэння адыграла яе першая настаўніца Наталля Уладзіміраўна Сарагавец. Тое, як яна вяла ўрокі, як абыходзілася з дзецьмі і ўмела захапіць іх той ці іншай тэмай — усё гэта аказала на яе такое незабыўнае ўражанне, што мая суразмоўца пачала бачыць сябе ў гэткай жа ролі.
— Гэта быў для мяне ідэал настаўніка, — прызнаецца яна. — І калі я прыйшла працаваць у сваю родную школу, мне ўвогуле моцна пашанцавала: мы абедзве ўзялі першыя класы — яна “А”, а я — “Б”. Заўсёды можна было звярнуцца па дапамогу, нешта абмеркаваць, атрымаць каштоўную параду.
Дарэчы, у Снове Наталля Міхайлаўна пачала працаваць не адразу пасля каледжа: першым яе месцам работы стала Браткаўская СШ у Капыльскім раёне, затым яна працавала ў Пагарэльцаўскай СШ — пяць гадоў вяла там у старэйшых класах беларускую і рускую мову і літаратуру (дзякуючы вышэйшай адукацыі, атрыманай пасля каледжа ў БДПУ імя М. Танка), і пасля другога водпуску па доглядзе за дзіцем выйшла нарэшце на любімую работу — у пачатковыя класы сваёй роднай Сноўскай СШ.
Тут мая суразмоўца зрабіла ўжо тры выпускі пачатковых класаў, самы старэйшы з якіх ужо два гады таму скончыў школу. Зараз пад яе крылом чацвёрты набор першакласнікаў: 11 дзяўчынак і 8 хлопчыкаў.
— Ніколі не пашкадавала, што засталася ў пачатковых класах, — гаворыць Н.М. Сідаровіч. — З малодшымі вучнямі надзвычай цікава працаваць. Ёсць вельмі шмат розных захапляльных, гульнёвых спосабаў выкладання прадметаў на аснове нагляднага матэрыялу, і калі бачыш, як яны кранаюць, як модна гаварыць, “чапляюць” дзяцей і ў іх загараюцца вочкі ад той ці іншай тэмы, гэта найлепшая ўзнагарода для настаўніка. У 4-м класе яны ўжо становяцца сапраўднымі, сур’ёзнымі вучнямі, удзельнічаюць у алімпіядах, у даследчай рабоце, і гэта ім вельмі падабаецца.
У вучняў Наталлі Міхайлаўны, дарэчы, пастаянна ёсць прызавыя месцы, дзеці атрымліваюць адпаведныя дыпломы.
Галоўны прынцып, якім кіруецца дасведчаная настаўніца, — не здавацца і заўсёды ісці наперад, як бы складана ні было.
— Настаўнік — гэта той, хто ідзе да вяршыні і разам з сабой падцягвае і сваіх вучняў, — лічыць гераіня гэтага аповеду. — Вельмі прыемна, калі твае дзеці атрымліваюць той ці іншы дыплом, асабліва ў даследчай рабоце. Нават калі яны ўжо становяцца вучнямі старэйшых класаў, кожная іх перамога — нібыта твая асабістая, таму што самая галоўная задача настаўніка — гэта навучыць вучыцца, а асновы гэтага ўмення закладвае менавіта настаўнік пачатковых класаў. І няма лепшай узнагароды, чым бачыць, што твае дзеці ў старэйшых класах пацвярджаюць, што ты не дарма ўкладваў у іх сваю працу.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.