Нядаўна ў Мінскім аблвыканкаме былі падведзены вынікі абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” па выніках 2024 года, у якім першае месца ў намінацыі “Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаная ў гарадской мясцовасці”, заняла Нясвіжская гімназія. Паводле слоў дырэктара ўстановы адукацыі Юліі Рабянок, гэты поспех — дасягненне ўсяго калектыву гімназіі, які складаецца з высокапрафесійных, захопленых сваёй справай педагогаў. Адна з іх — настаўнік фізікі Жанна Скачко.
Як расказвае сама Жанна Іванаўна, яе мама была выхавацелем дзіцячага сада №4, а бацька працаваў у кіруючым складзе тагачаснай сельгасхіміі і хаця, зразумела, не быў звязаны з педагогікай, але вельмі добра рашаў задачы па матэматыцы і менавіта гэты прадмет узгадваў з захапленнем, калі заходзіла гаворка пра яго школьныя гады.
— У мяне было дзве мары, — дзеліцца ўспамінамі мая суразмоўца, — стаць урачом або настаўнікам, але ісці на ўрача пабаялася з-за нагрузкі на зрок — усё ж такі вучоба ў медыцынскім вельмі напружаная. Выбрала настаўніцтва. Да таго ж, сколькі сябе помню, саджала ў радок лялек і гуляла ў школу. Вялікі ўплыў аказала і настаўніца фізікі нашай першай Нясвіжскай школы Кацярына Пятроўна Канкаловіч. Яна была вельмі сур’ёзным і патрабавальным прадметнікам. Мы яе пабойваліся і адначасова любілі. Усё ж такі галоўную ролю ў тым, што я стала настаўнікам фізікі і матэматыкі, адыграла менавіта яна.
Пасля школы гераіня гэтага аповеду паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага (зараз Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка) на фізічны факультэт. Скончыла яго з чырвоным дыпломам. Пасля размеркавання ў наш раён пачала працаваць у Пагарэльцах. Там 5 гадоў выкладала фізіку, матэматыку і інфарматыку, затым яшчэ 6 — у Снове, дзе вяла толькі фізіку. І вось праз 11 гадоў па запрашэнні тагачаснага дырэктара Таццяны Юрэвіч патрапіла ў гімназію.
— Ніколькі не шкадую, што столькі гадоў адпрацавала на краю нашага раёна, — гаворыць Жанна Іванаўна. — Гэта быў час майго станаўлення як настаўніка. У гімназію я прыйшла ўжо сфарміраваным педагогам, ведаючы розныя методыкі і тэхналогіі навучання.
З гімназістамі Ж.І. Скачко ўдзельнічала ў турнірах юных фізікаў, яе вучні некалькі гадоў запар перамагалі ў іх, і дзякуючы гэтаму Нясвіжская гімназія адной з першых у 2014 годзе атрымала выдатнае матэрыяльнае забеспячэнне кабінета фізікі па рэспубліканскай праграме.
Немагчыма пералічыць усіх вучняў, якімі вельмі ганарыцца выдатная настаўніца. Напрыклад, Яраслаў Тамашэвіч зараз заканчвае аспірантуру ў Нарвегіі. У красавіку ён павінен абараняць дысертацыю і стане кандыдатам фізіка-матэматычных навук, затым плануе выкарыстоў- ваць атрыманыя веды на ра- дзіме. У Маскоўскім фізіка-тэхнічным інстытуце вучыцца Арцём Марозаў. Многія выпускнікі Жанны Іванаўны, зарыентаваныя на фізіку, паступаюць у БДУІР і БДУ.
На пытанне, што значыць для яе фізіка як навука, Ж.І. Скачко адказала, што гэта ў першую чаргу любоў да пазнання прыроды. А яе педагагічнае крэда — любіць дзяцей і прывіваць ім любоў да працы.
— Дасягнуць поспеху можна толькі калі працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць, — гаворыць яна. — Я не кладуся спаць, пакуль не даведаюся нешта новае. А лепшы адпачынак для мяне — гэта рашаць задачы.
Менавіта за гэту няўрымслівасць і глыбокае веданне свайго прадмета і любяць настаўніцу яе вучні.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.