Меню
Курс $  3.18 | €  3.46 | ₽100  3.82 |
Погода 11 °C

І цікава, і карысна

Софья ЛЮБАНЕЦ 3 недели назад 0 14

Пост опубликован: 08.03.2025

Па выніках абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх вынікаў у развіцці адукацыі” за 2024 год пераможцам у намінацыі “Лепшая ўстанова дашкольнай адукацыі, размешчаная ў сельскай мясцовасці”, стаў Сноўскі дзіцячы сад.
Як расказала яго загадчык Алена Грэчка, на сённяшні дзень сюды прыходзіць 155 выхаванцаў, якія падзелены на сем груп, шэсць з якіх — інтэграванага навучання і выхавання. З маленькімі падапечнымі тут працуюць 43 работнікі, 20 з якіх — менавіта педагогі, у тым ліку два — настаўнікі-дэфектолагі.



— Па духоўна-маральным выхаванні мы вельмі цесна супрацоўнічаем з нашым Космадаміанаўскім храмам, — адзначыла ў нашай гутарцы Алена Мікалаеўна. — Штогод у нас праходзяць калядныя і велікодныя сустрэчы, святы, прысвечаныя Пакравам Найсвяцейшай Багародзіцы. Айцец Аляксандр і матушка Таццяна Калеснік — нашы пастаянныя госці.
Шмат у Сноўскім дзіцячым садзе працуюць і па патрыятычным выхаванні — з удзелам маленькіх снаўчан праходзяць рознага роду акцыі і сустрэчы, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны, Дню Перамогі, Дню Незалежнасці і іншым дзяржаўным святам.
Яшчэ адзін вядомы “брэнд” Сноўскага садка — яго маляўнічая тэрыторыя, упрыгажэнню якой надаецца вялікая ўвага. Выхаванцы тут з маленства прызвычайваюцца да клопату аб раслінах: яны ўдзельнічаюць у доглядзе міні-агарода, уладкаванага згодна з метадычнымі рэкамендацыямі па працоўнай дзейнасці дзяцей. Ёсць тут і аптэкарскі агарод з лекавымі травамі, які таксама малыя вельмі любяць даглядаць.
— Кветкавую расаду, напрыклад, мы адразу вырошчваем у групах на вокнах, — дзеліцца сакрэтамі экалагічнага выхавання Алена Мікалаеўна. — З вясны ў кожнай групе ёсць таксама свае міні-агароды, дзе дзеці вырошчваюць зялёную цыбулю. Пасадка, догляд, паліў — ва ўсім гэтым яны з задавальненнем удзельнічаюць.
Не застаюцца ў баку выхаванцы садка і ад даследчай работы, удзельнічаюць у конкурсах рознага ўзроўню. Вось і сёлета яны ўжо паспелі атрымаць два дыпломы абласнога значэння за работы, прысвечаныя якасцям ваўняных нітак і мікробам. Трэба адзначыць, што дыпломы за даследчую работу выхаванцы і педагогі тут атрымліваюць штогод, у тым ліку і міжнародныя.
У адукацыйным асяроддзі садка шмат таго, што ствараецца самімі педагогамі: гэта міні-музеі ў куточках патрыятычнага выхавання, тэматычныя гульнёвыя ўчасткі. Нядаўна тут поўнасцю адрамантавалі і абсталявалі адну з тэматычных пляцовак пад назвай “Зямля пад белымі крыламі”, дзе можна праз QR-коды і праслухаць дзяржаўны гімн, і выканаць розныя цікавыя заданні, каб пашырыць свае веды аб роднай краіне.
Адным словам, тут робіцца ўсё магчымае, каб знаходжанне дзяцей у садку было не толькі цікавым для іх, але і карысным.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!