У мінулую суботу на базе Сноўскага сельскага цэнтра культуры адбыўся справаздачны
сход упаўнаважаных членаў СВК “Агракамбінат Сноў”.
У яго рабоце прыняў удзел
старшыня Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі.
Як адзначыў у сваім выступленні старшыня праўлення кааператыва Мікалай Радаман, умовы надвор’я мінулага года не заўсёды былі спрыяльнымі для сельскай гаспадаркі. Аднак снаўчане змаглі нягледзячы ні на што, атрымаць годны ўраджай. У мінулым годзе ім удалося намалаціць 29 тысяч 747 тон збожжа, што на 1 тысячу 562 тоны больш, чым у папярэднім. Ураджайнасць збожжавых культур у СВК “Агракамбінат Сноў” дасягнула рэкордных для гаспадаркі 102,2 ц/га. Акрамя таго, ураджай зерня кукурузы склаў 23 тысячы 810 тон пры ўраджайнасці 150,4 ц/га. Як ніколі парадавалі і цукровыя буракі: іх сабрана 34 тысячы 984 тоны пры ўраджайнасці 875 ц/га, што з’яўляецца лепшым паказчыкам у вобласці.
Больш за 2 мільёны рублёў летась было інвесціравана ў набыццё новай тэхнікі для трактарнага і аўтамабільнага парку.
Аснова фінансавай стабільнасці прадпрыемства — жывёлагадоўля. На яе долю прыпадае крыху менш за 80% ад усяго прыбытку гаспадаркі. За 2024 год надоена без малога 35 тысяч тон малака (106,2% да 2023 года), надой на 1 карову склаў амаль 12 тысяч кг (+635 кг). Значна выраслі і аб’ёмы рэалізацыі малака.
Парадавала ў мінулым годзе і галіна вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы. Яго вырашчана 6 тысяч 277 тон, што на 90 тон больш, чым у 2023-м. Атрымана 11 тысяч 416 тон птушкі (+641 т).
Мясаперапрацоўчая вытворчасць агракамбіната можа прапанаваць пакупніку больш за 300 найменняў высакаякаснай прадукцыі. Вырабы з лагатыпам “Сноў” ведаюць і любяць не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за яе межамі. На сённяшні дзень яны пастаўляюцца ў Расійскую Федэрацыю і Кыргызстан.

Пасведчанне аб прысваенні звання
“Заслужаны работнік СВК “Агракамбінат Сноў” з рук Мікалая Радамана атрымлівае Кацярына Сержан
Асобным святочным момантам сходу стала ўзнагароджанне лепшых работнікаў. Старшыня Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкама трактарысту-машыністу Ігару Радаману і загадчыку таварнай фермы “Друцкаўшчызна” Уладзіміру Слабко. Падзяка старшыні Нясвіжскага райвыканкама была аб’яўлена вадзіцелю Мікалаю Вадзянскаму, аператару птушкафермы Святлане Грынаш, аператару машыннага даення МТФ “Новы Сноў” Валянціне Канановіч, абвальшчыку мяса Ігару Гулько.
Званне “Заслужаны работнік СВК “Агракамбінат Сноў” было прысвоена начальніку цэха перапрацоўкі малака Але Бубен, старшаму заатэхніку-селекцыянеру Кацярыне Сержан, трактарысту-машыністу Ігару Будзько.
12 чалавек атрымалі Падзякі раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу з рук яе старшыні Святланы Мацкевіч.
— Паказчыкі, якія сёння атрымліваюць у “Снове” — гэта не проста высокія паказчыкі, гэта верх майстэрства, за якім стаяць звычайныя людзі — механізатары і жывёлаводы, спецыялісты і кіраўнікі, — адзначыў, падводзячы вынікі сходу, Андрэй Ратомскі. — Хацелася б, каб вы і далей маглі знайсці на гэтай высокай планцы кропкі росту і рухаліся наперад.
Ён таксама падзякаваў снаўчанам за стваральную працу і пажадаў усім працаўнікам “Снова” паразумення, здароўя, шчасця і мірнага неба над галавой.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.