У ААТ «НОВАЕ ЖЫЦЦЁ» працуе шмат адказных і надзейных работнікаў, дзякуючы якім гаспадарка няспынна паляпшае свае паказчыкі.
Адзін з самых вопытных з іх — трактарыст-машыніст Мікалай Буйко, які працуе ў сельгаспрадпрыемстве амаль 30 гадоў.
— Я з дзяцінства прывык да работы ў полі. Мой бацька — Іван Антонавіч — некалі працаваў механізатарам, браў нас, дзяцей, з сабой у кабіну трактара, даваў паруліць, — расказвае Мікалай Іванавіч. — Сёння мы з братам працягваем бацькоўскую справу — працуем трактарыстамі-машыністамі. Вядома, тэхніка сёння зусім іншая ў параўнанні з тагачаснай — энерганасычаная, аснашчаная высокатэхналагічнымі сістэмамі, у кабінах кандыцыянеры. У горад зусім і не хочацца. Ды і дзе там атрымаеш такія заробкі? Да ўсяго і сельгаспрадпрыемства клапоціцца пра людзей. Вось ужо 25 гадоў, як мая сям’я жыве ў доме, які выдзеліла гаспадарка. Тут мы разам з жонкай выгадавалі сына і дачку.
Вядома, не адразу ў працы ўсё прыходзіць да цябе само. Перш трэба пастарацца, добра сябе зарэкамендаваць, каб быў давер у любой справе — і ў абыхо- джанні з тэхнікай, і ў выкананні тэрмінаў работ, і проста ў сумленным стаўленні да ўсяго. Ды і сабе тут не заўсёды належыш. Вядома ж, у сельскагаспадарчай галіне ўмовы амаль заўсёды дыктуе нябесная канцылярыя, — лічыць Мікалай Іванавіч.
Дарэчы, працаваць у гаспадарку ён прыйшоў адразу пасля школы. Пасведчанне на кіраванне трактарам атрымаў яшчэ падчас вучобы ў Казлоўскай сярэдняй школе, калі школьнікаў вазілі на заняткі ў Сноўскі навучальна-вытворчы камбінат.
Юнака заўважылі ўжо там. У конкурсе “Лепшы па прафесіі” ён быў у лідарах. На той час бацькі Мікалая Іванавіча атрымалі Падзяку з навучальнай установы за выхаванне сына. І сёння гэты ліст захоўваецца ў сям’і.
— З цягам часу я павышаў катэгорыі, — працягвае размову механізатар. — Давераныя машыны стараўся даглядаць, не эксплуатаваў звыш дапушчальнага, своечасова праводзіў прафілактыку ўсіх вузлоў, каб не падводзілі.
Сёння працую на пагрузчыку. Машына ў мяне чацвёрты год. Задзейнічаны на пагрузцы арганікі, на нарыхтоўцы кармоў, на сянажных траншэях, у кармацэху, на пагрузцы збожжа або рулонаў саломы ў час жніва і іншым. У любой справе патрэбна твая адказнасць ды старанне, бо лепш любых слоў чалавека характарызуе тое, што і як ён выконвае.
Сваю працу Мікалай Буйко заўсёды лічыў вельмі запатрабаванай у сельскагаспадарчай галіне. А за добрасумленнае стаўленне да абавязкаў, прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу трактарыст-машыніст неаднаразова быў адзначаны Падзякамі старшыні райвыканкама, Ганаровымі граматамі Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, а таксама іншымі ўзнагародамі.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.