Меню
Курс $  3.27 | €  3.41 | ₽100  3.71 |
Погода -1 °C

Спорт — гэта жыццё

Нясвіжскія навіны 3 дня назад 0 34

Пост опубликован: 21.02.2025

Спорт — гэта жыццё. Менавіта так лічыць трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Сень. Ужо 34-ы год ён прывівае юнаму пакаленню любоў да валейболу — спорту, без якога не ўяўляе свайго жыцця. Сам Андрэй Міхайлавіч захапіўся гэтай гульнёй яшчэ ў пятым класе школы і паступова зрабіў яе сваёй прафесіяй — спачатку закончыў Гродзенскі тэхнікум фізкультуры, а затым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізкультуры і спорту, атрымаўшы спецыяльнасць “трэнер па валейболе”. Да прыходу ў Нясвіжскую ДЮСШ атрымаў вопыт работы з дзецьмі ў Астроўскай СШ, адслужыў у арміі і ў 1991-м годзе стаў навучаць юных спартсменаў усім валейбольным прамудрасцям. І, мяркуючы па выніках шматлікіх спаборніцтваў, у якіх удзельнічаюць выхаванцы Андрэя Міхайлавіча, гэта ў яго атрымліваецца добра: толькі ў мінулым годзе каманда пад яго кіраўніцтвам стала бронзавым прызёрам у рэспубліканскім турніры па валейболе сярод дзяўчат 2010-2011 гадоў нараджэння, у спартакіядзе сярод ДЮСШ у Мар’інай Горцы яго выхаванкі 2012-2013 г.н. таксама заваявалі бронзавыя медалі і яны ж занялі яшчэ адно ІІІ месца ў першынстве Мінскай вобласці. Яго вучні — пастаянныя ўдзельнікі сборнай Мінскай вобласці па валейболе.



На пытанне, што з’яўляецца залогам поспеху ў трэнерскай рабоце, мой суразмоўца адказаў, што галоўнае — гэта фанатычнае захапленне абраным відам спорту, уласны прыклад і любоў да дзяцей, якую трэба ўмела спалучаць з патрабавальнасцю. Асабліва прыемна, калі ёсць магчымасць па праве ганарыцца сваімі выхаванцамі. Так, універсітэт фізкультуры і спорту скончыла Юлія Раманава (Платун) — прызёр спаборніцтваў па валейболе сярод краін Садружнасці, у абласным упраўленні спорту і турызму працавала Юлія Васільеўская, якая зараз перайшла ў гандбольны клуб, вучыцца ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь Мікіта Аксак, які да паступ- лення быў пастаянным удзельнікам зборнай каманды Мінскай вобласці.
Яшчэ адзін гонар трэнера — Дзмітрый Лукашэвіч, шматразовы прызёр чэмпіянатаў рэспублікі, які стаў чэмпіёнам Еўропы ў спаборніцтвах па валейболе сярод каманд сілавых структур і зараз працягвае сваю спартыўную дзейнасць, будучы супрацоўнікам Дзяржынскага РАНС.
Цяпер Андрэй Міхайлавіч вядзе 4 групы юных спартсменаў ад 2008 і да 2016 гадоў нараджэння, якія займаюцца на базе СШ №4 г. Нясвіжа і ФСК “Рудаўка”. І хаця, вядома, не ўсе яны стануць вялікімі спартсменамі, аднак сур’ёзныя заняткі спортам дапамогуць ім выпрацаваць дысцыплінаванасць, вынослівасць і байцоўскі характар, якія вельмі спатрэбяцца ў далейшым жыцці.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!