Трактарыст цэха вонкавай механізацыі Гара- дзейскага цукровага камбіната Генадзь Гунько — прыхільнік прыказкі “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся”. Патрыёт сваёй малой радзімы, ён нарадзіўся і вырас у Гарадзеі і пасля заканчэння другой Гара- дзейскай школы атрымаў спецыяльнасць механізатара ў райсельгастэхніцы. Першыя пяць гадоў рабіў на хлебапрыёмным прадпрыемстве, затым перайшоў на цукровы камбінат, дзе працуе ўжо 14 гадоў. Пачынаў у вапнавым цэху, затым праз паўгода перайшоў на цяперашняе месца працы, дзе і застаецца. Маладому работніку далі новы трактар МТЗ-82.1 і не памыліліся: давер хлопец пастараўся апраўдаць.
— “Універсальны салдат”, — так не столькі жартам, колькі ўсур’ёз называе героя гэтага матэрыялу яго непасрэдны кіраўнік, начальнік цэха вонкавай механізацыі Васіль Чалык. І дадае: — Генадзь Гунько — чалавек вельмі добразычлівы і адказны, у яго няма слова “не”. Усё выконвае, з усім спраўляецца. У яго залатыя рукі і інжынернае мысленне — можа самастойна вытачыць патрэбную для рамонту дэталь у такарнай майстэрні камбіната. Згон, перахаднік, болт — усё гэта ён можа зрабіць без чарцяжа і зрабіць правільна. На гэта мала хто здольны, і мы гэта вельмі цэнім.
У гарачы сезон нарыхтоўкі Генадзь Паўлавіч перасаджваецца з трактара на буртаўкладачную машыну. І там выконвае ўсе нормы, працуе так, каб з яго можна было ўзяць прыклад. Вясной падчапляе да свайго трактара кампактную, трохмятровую сеялку Клецкага механічнага завода, якая дазваляе праца- ваць на цяжкадаступных для вялікіх агрэгатаў участках. З яе дапамогай засявае арэндныя землі камбіната ў Стаўбцоўскім раёне.
Бывае, трэба ноччу пагрузіць у вагоны сухі жмых — ён без пярэчанняў выканае і гэту работу.
— Зімой чышчу снег, пасыпаю супраць галалёду тэрыторыю камбіната, — сціпла гаворыць пра сябе Генадзь Гунько. — Раней, бывала, пасыпаў і дарогі на пасёлку, цяпер гэта робіць ЖКГ. Калі трэба, перавожу па камбінату цукар і іншыя грузы, якія загадаюць. Трэба папрацаваць у выхадны — без праблем. Я люблю сваю работу і рады прынесці карысць свайму прадпрыемству і людзям, для якіх працую.
Гэтыя словы гавораць самі за сябе, і дадаць да іх можна толькі тое, што мой суразмоўца не толькі добрасумленны, шчыры працаўнік, але і добры сем’янін і гаспадар ва ўласным доме. Ад работы, па яго словах, ён адпачывае душой лепш за ўсё на рыбалцы, асабліва на летняй, ды на добраўпарадкаванні свайго дома, дзе заўсёды хапае клопату.
Сваёй дабрынёй і працавітасцю Генадзь Гунько заваяваў аўтарытэт і павагу і ў таварышаў па рабоце. Яны ведаюць: з гэтым чалавекам можна мець справу, бо на яго заўсёды можна паспадзявацца. Не падвядзе.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.