21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Мы жывём у прыгожай і цудоўнай краіне, размаўляем на старажытнай, прыгожай, пявучай беларускай мове, якую павінны любіць, шанаваць
і захоўваць. Тыдзень роднай мовы пачаўся ў бібліятэцы 18 лютага
з творчых сустрэч
з беларускімі аўтарамі.
На літаратурную гасцёўню “Каб зіхацела роднай мовы слова” мы запрасілі выдатную пісьменніцу, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Іну Фралову, якая прадставіла юным чытачам трэціх класаў Нясвіжскай гімназіі і вучням 4 “А” і 4 “В” класа сярэдняя школы №1 г. Нясвіжа свае новыя кнігі “Залатыя рыбкі” і “Самы лепшы дзень”. Iна Мікалаеўна нарадзілася ў Мінску. Паэтка і перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі. Піша вершы і апавяданні на рускай і беларускай мовах. Яе творы надрукаваны таксама ў многіх альманахах і часопісах. На старонках кніг чытачоў чакаюць захапляльныя падарожжы, развясёлыя хуткагаворкі і лічылачкі, цiкавыя і вясёлыя, жартоўныя і павучальныя вершы на беларускай мове з яркiмi, прыцягальнымi iлюстрацыямi. Усё, аб чым аўтар распавядае магло б здарыцца і ў сапраўдным жыцці, а галоўныя героі твораў — звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі, у адным з якіх маленькі чытач з лёгкасцю пазнае сябе.
На сустрэчы панавала атмасфера добрага гумару і весялосці. Дзеці гулялі ў рыфму, “Знайдзі лішняе” і перакладалі словы, з вялікім задавальненнем адгадвалі загадкі, слухалі вершы і апавяданні з кніг, задавалі пытанні Іне Мікалаеўне. Разам з аўтарам дзеці склалі захапляльную гісторыю пра прыгоды сяброў у бібліятэцы. Гучала прыгожая і мілагучная беларуская мова, хараство якой падкрэслівае аўтар у сваіх творах.
Для дарослых чытачоў у гэты ж дзень прайшла творчая сустрэча з беларускай пісьменніцай і журналістам Аленай Брава. У межах сустрэчы пісьменніца рассказала пра сваё жыццё і творчы шлях і прадставіла дзве кнігі: “Дараванне” і “Имя Тени — Свет”.
Варта адзначыць, што кніга “Дараванне” выйшла ў свет у 2013 годзе на трох мовах – беларускай, рускай і нямецкай. Тыраж кнігі — 1418 экземпляраў. Менавіта столькі дзён ішла Вялікая Айчынная вайна. У аповесці даследуецца феномен памяці: гістарычнай і асабістай. Памяць пра вялікую Айчынную вайну, пра загінулых продкаў перадаецца ў нашым народзе з пакалення ў пакаленне, гэтая памяць і сёння вызначае жыццё нашай сучасніцы, галоўнай гераіні аповесці беларускі Ларысы Вашкевіч.
Кніга “Имя Тени — Свет” уключае пяць аповесцей і некалькі апавяданняў. Скразная тэма зборніка — сям’я як найвялікшая каштоўнасць для чалавека, узаемаразуменне бацькоў і дзяцей, узаемаадносіны паміж пакаленнямі.
Сустрэча адбылася вельмі цёплай і атмасфернай. Аўтар чытала вершы, якія таксама ўвайшлі ў прадстаўленныя зборнікі.
Мы выказваем вялікую ўдзячнасць Іне Фраловай і Алене Брава за цікавыя сустрэчы, жадаем творчых поспехаў, новых выданняў цудоўных кніг для маленькіх і дарослых чытачоў.
Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”, дзякуючы якому нашы чытачы змаглі набыць кнігі і атрымаць аўтограф пісьменніц, што паслужыла падарункам і памяццю пра сустрэчу.
Алёна ЧУХЛЕЙ,
загадчык дзіцяча-юнацкага аддзела
Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П.Пранузы.