Меню
Курс $  3.27 | €  3.42 | ₽100  3.61 |
Погода -6 °C

Калі ты даў прысягу, трэба яе выконваць

Нясвіжскія навіны 2 дня назад 0 36

Пост опубликован: 15.02.2025

Несвіжанін Дзмітрый Квачэнка — адзін з тых, хто не па чутках ведае, што такое вайна, хоць і з’явіўся на свет у мірны час, праз 24 гады пасля заканчэння Вялікай Айчыннай.
Пачыналася ўсё спакойна і як ва ўсіх — хіба толькі правесці дзяцінства на поўначы тагачаснага Савецкага Саюза ўдавалася не кожнаму, а толькі таму, чые бацькі вырашаліся на работу ў суровых умовах Запаляр’я. У выпадку майго суразмоўцы менавіта так і было: адпрацаваўшы энную колькасць гадоў на Поўначы, яго бацькі, ураджэнцы Віцебшчыны, па парадзе знаёмых у канцы перабудовы вырашылі асталявацца ў Нясвіжы. Пасля службы ў арміі да іх далучыўся і герой гэтага матэрыялу.



Але спачатку было паступленне на I курс Мінскага радыётэхнічнага інстытута (цяпер — універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі) ў 1986 годзе. Пасля першага года вучобы прыйшла павестка ў ваенкамат.
— Я ведаў, што існуе верагоднасць патрапіць у Афганістан, але, шчыра кажучы, не думаў, што гэта верагоднасць стане маёй рэальнасцю, — узгадвае мой суразмоўца. — Адразу быў накіраваны ў вучэбку ў Печах, потым праз тры месяцы даведаўся, што буду служыць у Афганістане, у Шынданце. Патрапіў у артылерыйскія войскі. Гэта быў лістапад 1987-га. Размясцілі нас у казармах: вядома, не гатэль, але жыць можна. Самым нязвык- лым для нас, жыхароў раўнін, былі горы. Яны крыху прыгнечвалі і нібы моўчкі гаварылі: “Ты тут — чужынец, і мы табе — чужыя”.
Пачаліся баявыя дзеянні. Дзмітрый Аляксандравіч быў накіраваны ў дывізіён самаходнай артылерыі, стаў камандзірам самаходнай устаноўкі “Акацыя”, вядомай пад пазначэннем «GRAU 2S3» — савецкай 152,4-мілімет- ровай самаходнай прылады, распрацаванай яшчэ ў 1968 годзе ў адказ на амерыканскую 155-міліметровую гаўбіцу M109. Гэта баявая машына зарэкамендавала сябе ў Афганскай вайне як эфектыўная і надзейная артылерыйская сістэма, на якой былі занятыя 3-4 чалавекі. Выязджаць прыходзілася за 400 км ад месца дыслакацыі, і днём, і ўначы выконваць заданні, самым частым з якіх было забяспечэнне руху калон савецкай арміі.
— Бывала, нас да месяца не было на базе, — гаворыць Дзмітрый Аляксандравіч. — Пратрымацца дапамагаў сухпаёк. Часам прыязджала нават спецыяльная “памывачная” машына, каб салдаты маглі хоць як змыць з сябе гар і пот.
Асаблівай складанасці той вайне надавала адсутнасць вызначанай лініі фронту. Маджахеды дастаткова хутка ўсвядомілі, што ў адкрытай барацьбе іх чакае паражэнне, таму яны шырока ўжывалі тактыку партызанскіх дзеянняў з выкарыстаннем спосабаў дыверсійна-міннай вайны.
Асноўнымі іх акцыямі былі абстрэлы воінскіх калон, гарнізонаў і розных устаноў, мініраванне камунікацый, падкладванне выбуховых прыстасаванняў у грамадскіх месцах, дыверсіі. Маючы добра пастаўленую разведку і апавяшчэнне, яны дзейнічалі ініцыятыўна, здзяйснялі напады раптоўна і часцей за ўсё з засад.
Непасрэдным сведкам і ўдзельнікам усяго гэтага і быў мой нешматслоўны, сціплы суразмоўца. Але лёс аказаўся вельмі літасцівым да яго: даслужыўшы ў сваім артылерыйскім дывізіёне да самага вываду савецкіх войск з Афганістана, 8 лютага 1989 года, ён жывы і нават не паранены ўжо прыбыў у Кушку — самы паўднёвы горад Савецкага Саюза на мяжы з Афганістанам. А 1 красавіка ўжо прыехаў у Мінск як дэмабілізаваны.
На пытанне, ці паўплывала тая вайна на яго характар ці погляды на жыццё, Дзмітрый Аляксандравіч адказаў, што не надта.
— Так, было няпроста, месцамі — нават вельмі небяспечна, — прызнаўся ён, — але абавязак ёсць абавязак: калі ты даў прысягу на вернасць радзіме, трэба яе выконваць, вось і ўсё. Інакш не будзеш пава- жаць сам сябе.
Гэтым жа прынцыпам Дзмітрый Квачэнка кіруецца ўсе наступныя гады: жыць так, каб не было сорамна ў першую чаргу перад уласным сумленнем. Пасля арміі вярнуўся на вучобу ў інстытут, скончыў яго, працаваў па спецыяльнасці. Апошнія 9 гадоў герой гэтага матэрыялу — слесар КВПіА ў філіяле Нясвіжскае УМГ ААТ “Газпром трансгаз Беларусь”. Ён добрасумленна працуе і жадае самага галоўнага: міру ўсім і ўсюды. А яшчэ — каб паняцце “лакальны ваенны канфлікт” як мага хутчэй адышло ў нябыт.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

error: Копирование защищено!!!