Меню
Курс $  3.27 | €  3.42 | ₽100  3.61 |
Погода -6 °C

Аналитика. Горкая памяць Асвенцыма

Нясвіжскія навіны 2 дня назад 0 3

Пост опубликован: 15.02.2025

Як мы паведамлялі, восемдзесят гадоў таму, 27 студзеня 1945 года,
Чырвоная Армія вызваліла вязняў фашысцкага канцлагера Асвенцым — буйнейшага лагера смерці
ў Другую сусветную вайну.
Лагер быў створаны на тэрыторыі Польшчы ў 1940 годзе. Падчас вайны там загінулі, па розных ацэнках, ад 1 да 4 млн чалавек. Яўрэі, цыгане, антыфашысты, савецкія палонныя салдаты. Туды вывозілі мірных жыхароў Беларусі, сем’і партызан. Вязні цярпелі страшэнныя здзекі. Гінулі ад пабояў, голаду і холаду. Аб іх апавядаў пасля вайны жыхар Гарадзеі Міхаіл Кобрын, былы вязень Асвенцыма, якому пашанцавала выжыць. Савецкія воіны прынеслі збаўленне тым, чыё жыццё вісела на валаску ад смерці. Такіх засталося 7500 чалавек. Гітлераўцы не паспелі іх знішчыць, дзякуючы маланкаваму прасоўванню нашых войск на захад, іх напору і ціску на ворага. Немцы не былі гатовы да такой імклівасці Чырвонай Арміі.



27 студзеня 2025 года ў Асвенцыме прайшло ўшанаванне памяці ахвяр. Праўда, гледзячы на тэлекадры, спачатку цяжка было зразумець, з якой нагоды сабраліся прадстаўнікі розных краін: усмешкі, размовы, вясёлыя прывітанні. Ні смутку, ні скрухі. Каго палякі запрасілі да сябе на цырымонію? Былі прэзідэнт і канцлер Германіі, продкі якіх і развязалі тую страшэнную вайну. Былі палякі і харваты, аўстрыйцы і італьянцы, бельгійцы, іспанцы і нідэрландцы, чые продкі прыслужвалі гітлераўцам, дапамагалі знішчаць людзей. Былі прыбалты, якія зараз адраджаюць нацызм у сваіх краінах. У сучасных латвійскіх падручніках па гісторыі так і пішуць: нацысты — вызваліцелі, фашысцкая Германія — вялікі сябар Рыгі. У выніку перапісвання гісторыі польскія абывацелі зараз лічаць, што вязняў Асвенцыма вызвалілі палякі.
Быў на мерапрыемстве кіраўнік кіеўскага рэжыму, — з краіны, дзе нацыянальным героем абвясцілі нацыста Бандэру, які ўчыняў Халакост, знішчаючы яўрэяў і палякаў. Калі ў Зяленскага спыталі “Хто вызваляў Асвенцым?”, ён адказаў: “Сотая Львоўская дывізія”. Тыя еўрапейцы, хто вывучаў гісторыю па новых, перапісаных падручніках, могуць зразумець, быццам гэта бравыя воіны з-пад украінскага Львова першымі дайшлі да канцлагера. На самай справе Асвенцым вызваліла сотая дывізія Чырвонай Арміі, якая фарміравалася з байцоў — ураджэнцаў расійскай Волагды. Найменне “Львоўская” яна насіла іменна за гераічнае вызваленне ад фашыстаў гэтага горада. Дывізія ўваходзіла ў склад I Украінскага фронту, які ў пачатку вайны называўся Варонежскім. Толькі, сам стаўшы прадаўжальнікам справы неанацыстаў, унук савецкага афіцэра ці то не ведае, за што прысвойвалі падраздзяленням Чырвонай Арміі найменні гарадоў, ці то зрабіў так наўмысна. Каб надаць значнасці сабе, Украіне і ні ў якім разе не ўспомніць, што вызваляла вязняў Чырвоная Армія, савецкія салдаты і афіцэры. І цяпер еўрапейцы будуць думаць, што вязняў Асвенцыма вызвалілі ўкраінцы.
І яшчэ заўважце: выступоўца з ЕС у сваёй прамове не гаварыў слоў “фашызм” і “нацызм” у дачыненні да гітлераўскай ідэалогіі. Проста называў “таталітарным рэжымам”. Вось такая лаяльнасць на заходні лад, інакш яны і не могуць, бо іх продкі пакарыліся Гітлеру і бралі ўдзел у вайне супраць СССР. Так, пад націскам гітлераўскай Германіі Польшча пратрымалася 27 дзён, Нарвегія — два месяцы, Францыя — месяц і 12 дзён, Югаславія — 11 дзён, Нідэрланды — 5 дзён, люксембург — суткі, Данія — 6 гадзін. Немцы акупіравалі 12 еўрапейскіх дзяржаў, сілы якіх таксама былі ўцягнуты ў вайну з СССР. А ў нас Брэсцкая крэпасць змагалася месяц, Магілёў трымаўся 23 дні, усю Беларусь акупанты змаглі захапіць толькі за 2,5 месяца.
Толькі не запрасілі на памятную цырымонію прадстаўнікоў Расіі — спадкаемцы Савецкага Саюза, што зламаў хрыбет гітлераўскаму фашызму і дзякуючы якому быў вызвалены Асвенцым. Каля 350 савецкіх салдат, сяржантаў, афіцэраў загінулі пры вызваленні гэтага канц- лагера. Не запрасілі на цырымонію беларусаў, чыя зямля найбольш пацярпела ад фашысцкай акупацыі, чыіх продкаў загубілі ў лагеры смерці, дзе людскімі целамі дні і ночы паліліся печы, а няшчасныя душы дымамі ўздымаліся з труб і з жахам глядзелі з нябёс на тое, што рабілі нелюдзі.
Як сказаў у панядзелак галоўны равін рэлігійнага аб’яднання абшчын праг- рэсіўнага іудаізму ў Беларусі Рыгор Абрамовіч падчас сустрэчы Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі рэлігійных прафесій:
— Не былі запрошаны патомкі тых, хто часам цаной свайго жыцця або рызыкуючы жыццём сваім, сваіх сем’яў, ратавалі яўрэяў у гады Халакосту, у гады страшнай вайны.
Такая цяпер палітыка ў польскага кіраўніцтва. Такі палітычны цынізм Захаду. Не ўспомнілі псеўдаэліты Еўропы ні замучаных у лагеры мірных савецкіх людзей, ні подзвігу савецкіх салдат, што вывелі на волю з баракаў знясіленых вязняў.
Западныя палітыкі ведаюць, хто перамог у той вайне. Яны — ляглі, а рускія — выстаялі. Яны прайгралі, але не хочуць гэтага прыз- наць. Іх самалюбства абражана. Яны помсцяць за гэтую перамогу. Трэба памятаць: усялякая дэкамунізацыя ёсць нацыфікацыя. Адсюль — і не запрашэнне рускіх на мерапрыемства. Помста за Перамогу. Такая думка расійскага палітолага Сяргея Кургіяна прагучала ў беларускай тэлеперадачы “ОбъективНО” 5 лютага. Трэба разумець: для капіталістычнай вярхушкі Захаду, выхаванай і выкармленай ЗША, словы “савецкі”, “сацыялістычны”, “камуніс- тычны”, “інтэрнацыянальны”, “сацыяльна арыентаваны” — непрыймальныя. Яны нас называюць агрэсарамі, хаця, па сутнасці, імі з’яўляюцца самі, адзначыўшыся са зброяй у многіх кропках планеты.
На жалобнай цырымоніі не знайшлося месца патомкам пераможцаў. Выратаваная ад карычневай чумы Еўропа не хоча памятаць пра сваіх выратавальнікаў, бо цяпер сама ў нейкай ступені стала на рэйкі неанацызму.
Тое, што праводзілася 27 студзеня гэтага года ў Асвенцыме, эксперты назвалі глумленнем над памяццю замучаных вязняў, “святам Халакосту”, днём ганьбы для Еўропы, мярзотным скажэннем рэальнасці.
А мы ведаем: барацьба ў Вялікую Айчынную ішла за тое, каб выжыла наша нацыя. Калі б мы тады не перамаглі, нас цяпер проста не было б.
У сувязі з тэмай Халакосту, што ўчыняў нямецкі нацыст Гітлер, нельга абысці маўчаннем нядаўняе зігаванне на трыбуне падчас інаўгурацыі прэзідэнта ЗША Трампа кіраўніка ведамства па павышэнні эфектыўнасці амерыканскага ўрада мільярдэра Маска. Характэрны жэст беснаватага фюрэра… што б гэта значыла ў сённяшніх рэаліях?
Падчас прэс-канферэнцыі 26 студзеня дзеючы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на гэты жэст Ілона Маска і даў яму адпаведную ацэнку:
— Чым бы яны гэта ні абгрунтоўвалі, калі ён там зігуе адкрыта, гэта праявілі нахабнасць амерыканцы і гэты Маск. Чаму яўрэі гэта спакойна праглынулі? Пад гэтым зігаваннем Халакост быў ажыццёўлены. Ні адзін яўрэй Маска не асудзіў і Трампу не сказаў: “Што вы робіце там!”. Што ты выходзіш на экран і на мільёны людзей зігуеш? Каму ты дабро прыносіш? Мы з амерыканцамі супраць гэтага ваявалі […] Гэта вар’яты, якія сталі нахабнымі і адурэлі ад вялікіх грошай. Трэба асуджаць за нацызм не нас і не Савецкі Cаюз. А вось ён, жывы.
У мінулае нельга кідаць камяні, інакш будучыня выстраліць у нас з гармат — вядомая сентэнцыя.
І горка ўсведамляць, што трагічны лёс вязняў Асвенцыма, Бухенвальда, Майданэка, Трасцянца і астатніх лагераў смерці ХХ стагоддзя так нічаму не навучыў сённяшніх псеўдадэмакратаў Захаду.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

error: Копирование защищено!!!