З вёскі пачынаецца многае. Нашы духоўныя набыткі, традыцыі — усё адтуль, з глыбіні народнай мудрасці.
А колькі цікавых, самабытных, душою адданых родным мясцінам людзей жыве на Нясвіжчыне?!
І ўсе яны — нашы землякі, людзі, што побач.
«Раёнка» адкрывае свой новы праект дзеля таго, каб бліжэй пазнаёміць вас, шаноўныя чытачы, з тымі, хто жыве па-суседску. “Землякі” — гэта праект аб людзях і дзеля людзей. І першая, адпраўная, кропка нашага падарожжа —
Гарадзейскі сельскі Савет. Менавіта тут мы пазнаёміліся
з цікавымі і неабыякавымі мясцовымі жыхаркамі,
для якіх вёска — гэта не проста населены пункт, кропка на карце. Іх думкі і памкненні накіраваны на простыя, але неабходныя справы — дапамогу людзям, малой радзіме.
“Няхай
жыве вёска…”
Галіна Хваль сустрэла мяне ва ўтульным вясковым доме ў вёсцы Прасці. Менавіта тут яна пражыла большую частку свайго жыцця. Галіна Аляксандраўна родам з Астровак, калісьці працавала сакратаром у мясцовым сельсавеце.
Увесь час яна была актыўнай, удзельнічала ў грамадскім жыцці — была сакратаром камсамольскай арганізацыі, пасля — сакратаром цэхавай партыйнай арганізацыі.
Працоўная дзейнасць у сельскім Савеце Галіны Аляксандраўны прыпала на нялёгкія для краіны часы — 90-я гады. Яна добра памятае, як складана было аднавяскоўцам, як не хапала самых простых і неабходных рэчаў. І яна імкнулася дапамагчы кожнаму, хоць як, але спрасціць жыццё землякоў. І людзі ставіліся да Галіны Хваль з павагаю, часта прыходзілі да яе па параду і дапамогу. І яна не адмаўлялася, дапамагала. І па сённяшні дзень ідуць людзі да сваёй старасты, бо ведаюць, што раўнадушнай да іх пытання яна не застанецца.
— Я нават калі на пенсію пайшла, вольнага часу больш мець не стала, — смяецца жанчына. — Відаць, характар у мяне такі: не магу заставацца раўнадушнай да чужых праблем. Калі бачу, што дзесьці штосьці не да ладу — адразу трэба вырашыць пытанне. Хочацца, каб людзі камфортна жылі, каб не з’язджалі, не пакідалі вёску.
А пытанні Галіна Аляксандраўна вырашае розныя, нягледзячы на свой паважаны ўзрост (дарэчы, нарадзілася мая гераіня ў 1942 годзе). Калі ў Прасцях праходзіла газіфікацыя, яна актыўна дапамагала і ў гэтым працэсе. Навядзенне парадку, пытанні з вулічным асвятленнем, уборка дарогі ад снегу зімой — усё гэта яна трымае на кант- ролі. І дзвюх дачок Галіна Хваль выгадавала такімі ж неабыякавымі. А хіба можа быць інакш, калі перад вачыма такі станоўчы прыклад?
У жыцці маёй суразмоўцы ёсць адна незвычайная гісторыя.
— Неяк так адбылося, што бусел пабудаваў гняздо на старым і трухлявым дрэве, якое аднойчы ўпала, — расказвае Галіна Аляксандраўна. — А мая мама яшчэ калісьці гаварыла, што трэба берагчы гнёзды гэтых птушак, бо пакуль у вёсцы жыве бусел — жыве і вёска. Можа хто падумае, што гэта глупства, але для мяне гэта было вельмі важным. І вось пры дапамозе аднавяскоўцаў мы перанеслі гэта гняздо ў больш прыдатнае месца. Хто яго ведае, можа і праўда, вясковыя казкі. Але мне хочацца, каб тое месца, дзе прайшло маё жыццё, дзе выраслі мае дзеці, усё ж засталося. Няхай жывуць тут буслы, і вёска няхай жыве…
На ўласным
прыкладзе
Вольга Шэфер (на фота злева) і Людміла Гуленка — жыхаркі вёскі Ужанка. 42 гады Вольга Рыгораўна адпрацавала сакратаром у ЭБ “Свеклавічная”, потым — ва Ужанкаўскай бібліятэцы-клубе. Хоць жанчына ўжо і на заслужаным адпачынку, працаваць не перастае. З восені мінулага года яна — памочнік па доглядзе ў Нясвіжскім РТЦСАН. Яна дапамагае двум інвалідам-аднавяскоўцам.
— Здаецца, ужо і хопіць працаваць, ужо ж і на пенсіі, — кажа Вольга Рыгораўна. — Аднак не магу я так: сесці ў хаце і нічога не рабіць. І не ў матэрыяльным сэнсе тут справа, разумееце. Усіх грошай, як вядома, не заробіш. Ды і хіба многа мне, пенсіянеру патрэбна? Але вельмі хочацца быць карыснай, дапамагчы таму, каму гэта проста неабходна. Нельга сказаць, што ўсё гладка і лёгка даецца, але я спраўляюся.
Людміла Казіміраўна 40 гадоў аддала працы ва Ужанкаўскай бібліятэцы-клубе. І работа заўсёды, кожны дзень прыносіла ёй задавальненне, хацелася зрабіць для ўстановы і жыхароў вёскі як мага больш. Яна ла- дзіла вечарыны і сустрэчы, канцэрты. Да кожнай справы падыхо- дзіла з душою і адданасцю.
— Па сваёй натуры я — рамантык, — прызнаецца Людміла Казіміраўна. — Мне падабаецца, калі навокал усё прыгожа. Калі я толькі прыйшла працаваць у клуб, навокал яго была пустка. А мне вельмі хацелася, каб тут была зеляніна і цвілі кветкі. Такім чынам, я вырашыла, што будзем высаджваць сквер. Спачатку нават і не ведала, як падысці да вырашэння гэтага пытання. А потым і расліны з гадавальніка заказала, і разам з калегамі пасадзіла іх. І доўгі час сквер усіх радаваў, нават настрой у людзей падымаўся.
Плённай і карыснай сумеснай працай для дзвюх жыхарак Ужанкі было і навядзенне парадку на мясцовых могілках. Гэта праблема існавала ўжо некаторы час і не была чымсьці звышнатуральным: як і на многіх старых месцах пахаванняў, тут разрасліся кусты, з цягам часу з’явіліся і небяспечныя дрэвы. Кожны раз, наведваючы могілкі, жанчыны бачылі, што сітуацыя толькі пагаршаецца. Тады Вольга Рыгораўна і Людміла Казіміраўна ўзялі ініцыятыву ў свае рукі і заняліся падрыхтоўкай да добраўпарадкавання. Перш-наперш яны адшукалі сваякоў людзей, якія пахаваны на мясцовых могілках, і растлумачылі ім сутнасць пытання. Бо зразумела, што не ўсе яны жывуць у Нясвіжскім раёне. Потым, агульнымі намаганнямі, яны сабралі неабходныя грашовыя сродкі, знайшлі прыватнага прадпрымальніка, які згадзіўся выкарчаваць непатрэбныя дрэвы, заключылі з ім афіцыйную дамоўленасць. Такім чынам, было прыбрана 32 дрэвы. На грошы, якія засталіся, жанчыны купілі неабходныя хімікаты і пазбавіліся з іх дапамогаю ад зараснікаў.
— Работа была праведзена значная, — расказваюць мясцовыя жыхаркі. — Самае складанае — арганізаваць людзей, давесці да кожнага інфармацыю, што ачысціць могілкі неабходна як мага скарэй, бо з кожным годам сітуацыя будзе горшаць. Нельга сказаць, што ўсе паў- дзельнічалі ў гэтым, але пераважная большасць людзей адгукнулася і ўспрыняла гэту інфармацыю так, як патрэбна. Апрацоўку ядахімікатамі таксама рабілі мясцовыя жыхары. Збіраліся па 6 — 8 чалавек і некалькі разоў на працягу года праводзілі яе, абыхо- дзячы з апрысквальнікамі ўсе могілкі. Безумоўна, з вывазам спіленых дрэў вельмі дапамагло кіраўніцтва ЭБ “Свеклавічная”, але працавалі і мясцовыя жыхары. З праблемай мы спраўляліся па старой беларускай звычцы — талакой. Увогуле, і вясной, і восенню мы ла- дзім работу, прыбіраем там усе разам: хтосьці косіць, хтосьці падграбае, хтосьці смецце выносіць. Разумееце, гэта вельмі важна, калі на могілках парадак. Там нашы родныя, блізкія… Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым.
Акрамя таго, па ініцыятыве нераўнадушных жанчын да ладу была даведзена агароджа могілак і пафарбаваны вароты, заменены ліхтары на вуліцы. Жыхаркі пільна сочаць за парадкам у вёсцы, і калі заўважаюць, што нешта не так, адразу стараюцца выправіць сітуацыю. І гэта вельмі важна ў наш час, бо бачыць недахопы здольны кожны, а вось дапамагаць вырашаць праблемныя пытанні, працаваць разам з усімі гатовыя далёка не ўсе.
Ірына ЕФІШОВА.
Фота
Дарыны МІТРАКОВАЙ.
#нашалепшае