У мінулую суботу ў школах нашага раёна адбыліся
сустрэчы з выпускнікамі, у некаторых з іх яны прайшлі асабліва святочна ў сувязі з юбілейнымі датамі. Так, сваё 50-годдзе святкавала Карцэвіцкая СШ, пабудаваная
ў 1974 годзе. Менавіта ў гэты год яна атрымала статус сярэдняй, а першы выпуск выйшаў з яе сцен у 1976 годзе
ў колькасці 45 чалавек, раздзеленых на два класы.
Педагагічны калектыў у той час налічваў 35 чалавек.
Павіншаваць дзеючых педагогаў школы, настаўнікаў-ветэранаў і выпускнікоў з юбілеем прыбылі пачэсныя госці: старшыня Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі, першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Зарына Бава, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Святлана Шатрун, старшыня Нясвіжскага сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Белазаровіч, галоўны бухгалтар ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” Ларыса Кулакова, юрысконсульт ААТ “Нясвіжскі райаграсервіс” Таццяна Шарапава.
Пасля прывітання дырэктара школы Анастасіі Кашалюк, якая падзякавала ўсім, хто прыбыў на святочную сустрэчу, хто пакінуў у гэтай навучальнай установе часціну свайго сэрца, хто працаваў і вучыўся тут, слова мелі госці. Старшыня Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі цёпла павіншаваў прысутных са слаўным юбілеем і выказаў упэўненасць, што такая прасторная і выдатна ўладкаваная для зручнасці і вучняў, і педагогаў школа павінна мець не толькі слаўнае мінулае, але і выдатную будучыню, і пажадаў і педагогам, і вучням новых дасягненняў і плёну ў працы і вучобе.
Свае добрыя словы Андрэй Казіміравіч падмацаваў узнагародамі, якія з яго рук атрымалі настаўнік пачатковых класаў Людміла Була і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ірына Гаціла. За добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, рэалізацыю адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, дасягнутыя поспехі ў арганізацыі навучання і выхавання падрастаючага пакалення ім была аб’яўлена Падзяка старшыні райвыканкама. Акрамя таго, кіраўнік раёна уручыў школе ў асобе яе дырэктара Анастасіі Кашалюк грашовы сертыфікат для ўмацавання матэрыяльнай базы установы адукацыі.
Свае шчырыя словы віншавання адрасавала школе-юбілярцы і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Шатрун. За высокі прафесіяналізм, добрасумленную працу ў сістэме адукацыі і ў сувязі з 50-годдзем з дня заснавання ўстановы адукацыі Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама былі адзначаны настаўнік працоўнага навучання Вольга Емяльянчык і настаўнік пачатковых класаў Анжаліка Сідаровіч.
Святлана Анатольеўна таксама ўзнагародзіла Ганаровымі граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Святлану Яфімаву, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Серафіму Хоміч, настаўніка хіміі і біялогіі Наталлю Собаль, настаўніцу пачатковых класаў Таццяну Гаціла, педагога-арганізатара Марыну Шумейка. Падзякі ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі атрымалі выхавацелі групы падоўжанага дня Святлана Гаціла і Лілія Гаціла.
Падарункаў і віншаванняў увогуле ў гэты вечар было вельмі шмат. Так, яшчэ адзін грашовы сертыфікат ўстанове адукацыі ўручыла выпускніца 2001 года, гонар школы Зарына Бава. Яна таксама па- дзялілася незабыўнымі ўспамінамі аб школьным жыцці, якія ў многіх выклікалі настальгічную ўсмешку — настолькі жывымі і цёплымі яны былі. Свае падарункі ўручылі школе і іншыя ганаровыя госці — старшыня Нясвіжскага сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Белазаровіч, галоўны бухгалтар ААТ «НОВАЕ ЖЫЦЦЁ» Ларыса Кулакова, юрысконсульт ААТ «Нясвіжскі райаграсервіс» Таццяна Шарапава.
Вечар быў напоўнены яскравымі ўспамінамі, музыкай і песнямі, якія дарылі прысутным юныя таленты Карцэвіцкай школы, а яе гісторыя наглядна паўставала на экране з відэапрэзентацыямі, падчас якіх перад удзельнікамі свята прахо- дзілі незабыўныя падзеі школьнага жыцця: піянерскія зборы, прыёмы ў акцябраты, піянеры, камсамол, школьныя лінейкі, шматлікія паходы па родным краі, турыстычныя злёты, школьныя святы і многае іншае, што назаўсёды застаецца ў памяці.
Асобныя відэа былі прысвечаны 10 дырэктарам школы, якія кіравалі ёю ў розныя гады, і настаўнікам, якія ўжо ніколі не прыдуць на яе парог, застаўшыся жыць у памяці сваіх вучняў.
Ніхто не быў забыты ў гэты цудоўны, пранікнуты цёплай настальгіяй вечар: сваімі ўспамінамі пра школу і настаўнікаў з прысутнымі па- дзяліліся прадстаўнікі першага выпуску школы, які адбыўся ў 1976 годзе, Міхаіл Карачун і Рудольф Ваньковіч, выпускнік 1995 года Раман Татур, які скончыў пасля беларускай ВНУ ўніверсітэт у французскім Ліёне, ужо названая вышэй Зарына Бава і настаўнікі-ветэраны — былыя дырэктары школы Ніла Бруй і Наталля Бава. Кветкі і памятныя падарункі атрымалі таксама былы намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Станіслава Вальчык, былыя настаўнікі-прадметнікі Зінаіда Чарнюк, Таіса Цвірка і Марыя Любчанка, настаўнік пачатковых класаў Валянціна Пяткевіч.
Слова мелі таксама і прадстаўнікі юбілейных выпускаў, якія выходзілі да імправізаванай дошкі, каб выцягнуць выбраны імі “білет” з успамінамі.
Усё, што адбывалася ў зале, аб’ядноўвала адна асноўная думка: галоўнае у лёсе чалавека пачынаецца са школы. Карцэвіцкай школе сёння 50. Такі юбілей — не проста чарговая радасная падзея. Гэта цудоўная магчымасць вярнуцца ў дзяцінства і юнацтва, падзякаваць сваім любімым настаўнікам за працу і любоў, а настаўнікам — адчуць гонар за сваіх вучняў. І яны шчаслівыя, што часцінка школы сёння жыве ў кожным з іх.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.