Меню
Курс $  3.11 | €  3.58 | ₽100  3.82 |
Погода 12 °C

Страчаная каштоўнасць

Нясвіжскія навіны 2 месяца назад 0 47

Пост опубликован: 03.02.2025

Міхальская або Анёльская гара —
адна з самых незвычайных
і містычных гістарычных
каштоўнасцей Нясвіжчыны, памяць аб якой засталася толькі ў легендах. Менавіта сюды вялі таямнічыя
падземныя хады з нясвіжскага касцёла Божага Цела, якія, магчыма, да гэтага часу надзейна ахоўваюць страчаныя скарбы Радзівілаў. Калісьці да гэтага месца з’язджаліся людзі са ўсяго



наваколля. Дзеля чаго? Аб гэтым пазней,
а зараз акунёмся ў незвычайную
гісторыю гэтага месца.

Рэканструкцыя
знешняга выгляду касцёла

Князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, фундатар касцёла святога Міхала

План капліцы Святога Рафаіла
з кнігі Яна Аланда
“Аб цудах у касцёле Святога Міхала”, 1630 г. выдання

Міхальская гара невысокая, усяго 229 метраў над узроўнем мора, але асаблівасці мясцовага рэльефу такія, што пагорак відзён літаральна з усіх бакоў. Менавіта гэтае месца выбраў яшчэ ў XVI стагоддзі Мікалай Радзівіл Сіротка для будаўніцтва капліцы ў гонар Святога архангела Рафаіла, нябеснага заступніка ўсіх вандроўнікаў. У 1593 годзе Мікалай Радзівіл Сіротка разам з жонкай Эльжбетай Яўфіміяй і шляхетскай світай выехалі з Нясвіжскага палаца на будучую Міхальскую гару, дзе разбілі часовы лагер. На працягу 10 дзён сам князь Радзівіл разам са шляхтай удзельнічалі ва ўзвядзенні капліцы — збіралі камяні, насілі цэглу, замешвалі будаўнічы раствор. У рэшце рэшт, будаўніцтва скончылася за 10 дзён — на вяршыне гары з’явілася новая капліца незвычайнай шасціграннай формы. І ў гэтым закладзены вялікі філасофскі і рэлігійны сэнс: сімвал гексаграмы, а таксама лічбы “6” у хрысціянстве звязваюць з прыродай анёлаў. Менавіта так яе трактавалі тэолагі-схаласты Сярэднявечча. Таксама яна абазначала адзінства працы і творчасці, была сімвалам стварэння Сусвету, бо менавіта за столькі дзён яго сварыў Усявышні. Апекай новай капліцы павінны былі займацца манахі ордэна езуітаў. Амаль адразу гэта сакральнае месца стала карыстацца надзвычайнай папулярнасцю. І добрым прыкладам служылі паводзіны самаго князя Мікалая Радзівіла — ён рэгулярна наведваў тут службы. Акрамя таго, у 1596 годзе ён пакінуў тут залатую падзячную таблічку (воту) за ацаленне свайго сына Аляксандра Людвіка. У хуткім часе побач паявіліся і іншыя таблічкі ад мясцовай шляхты, а потым і ад простых людзей. Стала зразумела, што невялікай капліцы недастаткова: патрэбен большы храм. Неўзабаве на Міхальскай гары з’явіўся новы касцёл традыцыйнай выцягнутай формы з вежай на франтоне над уваходам, на барабане якой была выкаваная з медзі выява архангела Міхала — заступніка воінаў і ўсяго Навагрудскага ваяводства Рэчы Паспалітай. Дарэчы, капліца не была страчана — яна была арганічна ўключана ў алтарную частку новага касцёла. Храм на Міхальскай гары стаў сапраўдным местам паломніцтва. Людзі ішлі і ехалі з усіх бакоў для таго, каб прасіць аб самым запаветным. І, па сведчаннях сучаснікаў, атрымлівалі. Аб цудах касцёла Святога Міхала была выда- дзена нават кніга “Цуды на Міхальскай гары”, якая змяшчала рэальныя гісторыі пілігрымаў.
Напрыканцы XVIІ стагоддзя ў касцёле Святога Міхала з’явілася каштоўнасць, значная для ўсяго хрысціянскага свету — галава мучаніка першых стагоддзяў нашай эры Святога Маўрыкія — аднаго з самых папулярных святых еўрапейскага Сярэднявечча. Мячом Святога Маўрыкія каранавалі імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі, а яго дзіда ўвогуле лічылася цудадзейным артэфактам, які валодаў звышнатуральнымі ўласцівасцямі. Галава гэтага святога з 1694 года захоўвалася ў драўлянай скрынцы, аббітай срэбнымі пласцінамі, у касцёле на Міхайлавай гары! Трапіла яна сюды дзякуючы Міхалу Казіміру Радзівілу, гетману польскаму і падканцлеру літоўскаму. Нядзіўна, што касцёл Святога Міхала стаў месцам паломніцтва для ўсіх вернікаў Рэчы Паспалітай.
Асаблівы перыяд у гісторыі храма быў звязаны з іменем Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Ён асабліва трапятліва ставіўся да касцёла на Міхальскай гары. На працягу ўсяго жыцця ён рэгулярна наведваў гэты храм, часам нават пешшу хадзіў з замка на службы. У той час там служыў адзін з адметных багасловаў гэтага перыяда — ксёндз Ян Пашакоўскі. Ён быў духаўніком Міхала Казіміра Радзівіла і ўсёй яго сям’і.

Рэшткі падмурку касцёла

На жаль, гэта быў апошні перыяд росквіту касцёла Святога Міхала. Пасля смерці Міхала Казіміра падтрымка скончылася, а самы сакрушальны для храма ўдар прыйшоў з Рыма, дзе Папа Клімент XIV распусціў ордэн езуітаў. Землі, якія належалі езуітам на Нясвіжчыне, адышлі ў казну Радзівілаў, а манахі і святары разышліся па другім прыходам.
Звычайна храмы, якія аказваліся ў такой сітуацыі, станавіліся цэнтрамі прыходу для мясцовых жыхароў. Але лёс касцёла Святога Міхала больш трагічны: з-за аддаленасці ад населеных пунктаў ён стаў пуставаць. Храм, слава якого распаўсюдзілася на ўсю Рэч Паспалітую, рэлігійны цэнтр стаў раптам непатрэбным ні царкве, ні самім Радзівілам. Адраджэнню касцёла не пайшла на карысць і ўлада Расійскай імперыі, якая імкнулася скараціць колькасць каталіцкіх прыходаў на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.
У першай палове ХІХ стагоддзя будынак касцёла Святога Міхала выкарыстоўваўся ў якасці ваеннага склада. А ў пачатку ХХ стагоддзя храм на Міхальскай гары, закладзены самім Мікалаем Радзівілам Сіроткай, быў канчаткова знішчаны.
29 верасня 2019 года на Міхальскай гары ўпершыню за некалькі стагоддзяў адбылася значная падзея: па ініцыятыве Нясвіжскай парафіяльнай супольнасці на чале з пробашчам касцёла Божага Цела ксяндзом- канонікам Пятром Шарко там быў асвечаны мемарыяльны знак у гонар таго, што некалі на гэтым месцы стаяў велічны храм. У гэты дзень на Міхальскай гары ўпершыню прайшла святая імша ў гонар Арханёла Міхала, якая адзначылася сімвалічным “прылётам” фігуры Арханёла, што прыбыла да вернікаў на верталёце ў суправаджэнні пробашча касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску ксян- дза-каноніка Уладзіслава Завальнюка. Святую імшу ў гонар адкрыцця мемарыяльнага знака правялі ксёндз-канонік Пётр Шарко і ўраджэнец Нясвіжчыны, пробашч касцёла Святога Казіміра ў Стоўбцах ксёндз Ігар Лашук.
Нягледзечы на ўсе няшчасці апошніх стагоддзяў, гара Святога Міхала засталася найпрыгажэйшым і маляўнічым месцам нясвіжскіх ваколіц. На яе схілах дзе-нідзе выглядваюць падмуркі старых будынкаў, якія, напэўна, надзейна ахоўваюць многія таямніцы нясвіжскай зямлі.
Ірына ЕФІШОВА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!