У канцы мінулага тыдня ў мастацкай галерэі “Мара”
адбылося адкрыццё выставы жывапісу віцебскага мастака Алега Захарэвіча “Гульня ў метафару”.
З гэтай падзеяй аўтара экспазіцыі павіншавалі яго калегі па мастацкім цэху Уладзімір Канцадайлаў і Міхаіл Канавалаў, а таксама дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Дзмітрый Яшчанка.
Алег Захарэвіч родам з Бабруйска, па спецыяльнасці — мастак-дэкаратар. У свой час скончыў Бабруйскае мастацкае вучылішча (цяпер дзяржаўны прафесійна-тэхнічны мастацкі каледж). Як жывапісец ён найбольш раскрыўся ў Віцебску, дзе стаў адным з арганізатараў творчага аб’яднання мастакоў “M’Art”. У складзе гэтай групы аднадумцаў удзельнічаў у многіх праектах, асобна яго карціны экспанаваліся на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставах.
Работы Алега Януар’евіча знаходзяцца ў зборах музеяў сучаснага мастацтва Мінска, Віцебска, у прыватных калекцыях ЗША, Канады, краін Еўропы і СНД. І вось зараз іх змогуць убачыць і несвіжане.
Цікава тое, што Алег Захарэвіч — не толькі мастак, але і спарт- смен. Пасля заканчэння вучылішча ён кардынальна памяняў жыццё, пайшоў у прафесійны футбол, стаў чэмпіёнам БССР у 87-м го- дзе, і ў гэтым жа годзе быў запрошаны ў Віцебск, у каманду майстроў ІІ лігі Савецкага Саюза. У складзе каманды паездзіў па Украіне, Малдавіі, Расіі, Прыбалтыцы. Аднак век футбаліста нядоўгі. Спорт прыйшлося пакінуць, і былы спартсмен вярнуўся да мастацтва, стаў пісаць карціны.
— У розныя гады я прытрымліваўся розных стыляў і накірункаў, — адзначыў ён у нашай гутарцы, — але за аснову заўсёды браўся жаночы вобраз. Я вельмі шаную жанчын і надзвычай трапятліва стаўлюся да дзяцей. У мяне дзве ўнучкі, і дзіцячая тэма мне вельмі блізкая.
Што тычыцца тэмаў работ, там прысутнічае і рамантызм, і цыркавая тэма, і маскарадная. На маіх карцінах — мой унутраны свет. Яго можна наглядна ўбачыць на іх.
Любімы матэрыял мастака — алейныя фарбы. Апошнім часам, па яго прызнанні, ён выкарыстоўвае і акрыл, таму што з ім вельмі зручна працаваць — хутка высыхае. Менавіта гэтымі фарбамі ён і стварае на палатне свае вельмі нават рэалістычныя і ў той жа час не зусім рэальныя работы.
— Спрабую злучыць незлучальнае, — так Алег Захарэвіч гаворыць пра сваю творчасць і прызнаецца, што ў свой час на яго аказаў вялікі ўплыў аўстрыйскі мастак Густаў Клімт з яго шматзначнасцю і загадкавасцю вобразаў. Віцебскі авангардны накірунак паўплываў таксама, і ён паспрабаваў выкарыстаць яго ў сваёй манеры.
— Мне не раз задаюць пытанне “дзе вы бераце свае сюжэты і вобразы?”, — адзначыў мастак у нашай гутарцы. Усё ідзе з дзяцінства. Калі нам мамы чыталі казкі, мы ж уяўлялі сабе візуальна гэтыя карціны. Вось заплюшчваеш вочы і бачыш: вось лес, вось поле, а вось казачны герой — яго выгляд, адзенне, нават выраз твару — усё ствараецца тваім уяўленнем. Цяпер гэта праяўляецца ў творчасці, выплывае з глыбіняў свядомасці.
Многія вобразы з’яўляюцца ў сне. Гэта не значыць, што я пераношу іх фатаграфічна на палатно, але за аснову бяру. Сапраўды, часта выкарыстоўваю своеасаблівую колеравую гаму — някідкую, чуць прыглушаную, пяшчотную. Але ў супрэматычных работах ёсць і яркія, насычаныя, адкрытыя колеры. Гэта залежыць ад задачы, якую я стаўлю перад сабой у той ці іншай карціне. Зараз у мяне такі перыяд, што мне больш за ўсё падабаецца выкарыстоўваць шэры колер і самыя розныя яго адценні, як цёплыя, так і халодныя. І на гэтай аснове магу зрабіць нейкія акцэнты, фарбавыя плямы. Мусіць, я нара- дзіўся для таго, каб пісаць карціны. І хаця нямала жыцця заняў і спорт, мастацтва перамагло.
І, мяркуючы па захопленых водгуках першых гледачоў, нам усім вельмі пашанцавала, што гэта здарылася менавіта так.
Выстава будзе працаваць да 16 сакавіка, і ў аматараў жывапісу ёсць магчымасць убачыць прыцягальны свет мастака — алегарычны, метафарычны і самае галоўнае — напоўнены любоўю да ўсяго, што робіць гэты свет жывым і загадкавым.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.