Першае, што кідаецца ў вочы ў аграгарадку Карцэвічы, гэта прыгажуня-школа. Прасторная, трохпавярховая, яна была пабудавана ў 1974 годзе з выключнай зручнасцю для вучняў і настаўнікаў і нядаўна адзначыла сваё 50-годдзе. Тут прадугледжаны камфортная сталовая, актавая і спартыўная залы, апошняя — з пакоямі для змены адзежы і душавымі. Пры школе абсталяваны стадыён, дзе можна праводзіць урокі на адкрытым паветры і гуляць у камандныя гульні.
Аднак так было не заўсёды. Першая згадка аб адукацыі ў мікрараёне вёскі Карцэвічы належыць ажно да 1897 года, якім датуецца дакумент, што сведчыць аб тым, што Фёдар Ільіч Крыўко “успешно окончил курс учения в Малевской церковно-приходской школе”.
Пасля прыходу ў 1922 годзе на тэрыторыю Заходняй Беларусі польскай улады пачалі адкрывацца польскія школы, якія размяшчаліся у прыватных дамах. Для гэтага выбіралі самыя вялікія і светлыя хаты. Гаспадары выдзялялі пад школьны клас самыя лепшыя пакоі, а самі падчас жылі на кухнях. Як узгадвала жыхарка Карцэвіч Ванда Станіславаўна Усовіч, яна хадзіла ў школу толькі зімой, калі не трэба было пасвіць кароў, даглядаць агароды. Памятае яна і старэнькую сівенькую настаўніцу Бжэзінскую, якая прыходзіла з Гальбы (цяпер раён завода медпрэпаратаў) і ў хаце Рыгора Хілько навучала дзяцей грамаце.
У Малеве дзетак вучылі ў хаце З.П. Шах. Прычым, у асноўным, зімой. Вучыў дзяцей А.Р. Вініцкі.
Памятаюць людзі і настаўніка Барыса Ігнацьевіча Чыжыка. З іменем гэтага чалавека звязаны ўспаміны прыкладна з 1920 года і да Вялікай Айчыннай вайны. Спачатку Чыжык размясціў школу ў сваім доме ў вёсцы Альбянка, а затым прыходзіў вучыць дзяцей у Карцэвічы.
Дзякуючы ўспамінам жыхаркі Карцэвіч Вольгі Сямёнаўны Жураўскай стала вядома, што ў доме Сямёна Міхайлавіча Вальчыка размясціліся першы і чацвёрты класы, а ў доме яго брата Антона Міхайлавіча Вальчыка — другі і трэці. Вольга Сямёнаўна расказвала, з якой цікавасцю яна, калі сама яшчэ не вучылася, назірала за заняткамі ў школе з другога пакоя праз шчылінку ў сцяне і прасоўвала ў гэтую шчылінку дубчык, каб рассмяшыць дзяцей.
Выкладанне ўсіх прадметаў вялося на польскай мове. У гэтай школе вывучаўся таксама і Закон Божы. Яго выкладаў святар Смоліч, які прыходзіў у школу з Малёўскай царквы. Аднак навучанне на даму не магло працягвацца пастаянна. І тады, як стала вядома з успамінаў Пятра Ігнацьевіча Качуры, Ула-дзімір Паўлавіч Крыўко прадаў Ланскай гміне будынак, у якім і размясцілася пачатковая школа ў вёсцы Карцэвічы. А вучні 5-6 класаў хадзілі вучыцца ў суседнюю вёску Малева.
3 прыходам савецкай улады ў Малеве засталася толькі пачатковая школа, а ў Карцэвічах была адкрыта няпоўная сярэдняя, якая працавала ў некалькіх разрозненных дамах. Яна дзейнічала да 1974 года, калі на месцы былога школьнага стадыёна быў узведзены новы будынак школы. З гэтага часу Карцэвіцкая школа стала сярэдняй, а Малёўская пачатковая была закрыта.
Усе настаўнікі, якія працавалі ў Карцэвіцкай школе, заслугоўваюць пашаны, але званне “Заслужаны настаўнік БССР” атрымала толькі Ніна Венядзіктаўна Камарова. Па ўспамінах яе калег, Ніна Венядзіктаўна была вельмі строгая, але тактоўная, ніколі не дазваляла сабе павысіць голас. Працавала так сумленна, што многія вучні, асабліва дзяўчаткі, хацелі стаць, як і яна, настаўнікамі. 3 1971-га па 1982 год Н.В. Камарова ўзначальвала Карцэвіцкі сельсавет Нясвіжскага раёна.
Напярэдадні вялікага свята — 80-годдзя Перамогі, нельга не ўспомніць асаблівым чынам удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — настаўнікаў-франтавікоў. У Карцэвіцкай школе такі быў адзін: Генадзь Паўлавіч Бараноўскі.
24 снежня 1939 года ён быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі мінамётчыкам 274 стралковага палка. З 26 чэрвеня па 3 ліпеня 1941 года, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, удзельнічаў у баях у напрамку г. Гродна ў складзе 274 палка 24 стралковай дэвізіі. Частка была разбітая. Г.П. Бараноўскі быў вымушаны застацца на акупаванай тэрыторыі, жыў у вёсцы Машчыцы Слуцкага раёна, працаваў у сельскай гаспадарцы. Са снежня 1942 года стаў сувязным партызанскага атрада і выконваў розныя заданні партызанскіх атрадаў брыгады Ціхамірава Чырвонаслабодскага раёна.
Былая вучаніца Генадзя Паўлавіча Святлана Гаціла ўзгадвае пра яго так:
— Генадзь Паўлавіч Бараноўскі выкладаў у нас рускую літаратуру і мову ў 6-7 класах. Памятаю, як упершыню ўбачыла яго ў школьным калідоры: высокі, падцягнуты, з высакароднай сівізной у валасах, у акулярах, у строгім цёмным гарнітуры, пры гальштуку. Сёння магу сказаць, што гэта быў інтэлігентны чалавек не толькі па знешнім выглядзе, але і па сваіх думках, меркаваннях, поглядах, па манеры гаварыць, па паводзінах у школе і ў паўсядзённым жыцці. Памятаюцца яго ўрокі рускай літаратуры, якія закраналі тэму Вялікай Айчыннай вайны, паводле твораў Барыса Палявога, Аляксея Талстога, Канстанціна Сіманава. На гэтых уроках Генадзь Паўлавіч станавіўся яшчэ больш сур’ёзным і пранікнёным. Тое, як ён чытаў вершы Канстанціна Сіманава, нікога не пакідала абыякавым. Здавалася: радкі льюцца з душы, з самага сэрца. Усе вучні класа слухалі, затаіўшы дыханне, нават хлапчукі “на камчатцы” прыціхалі, баючыся паварушыцца, каб не парушыць адмысловы стан у класе, стан пакланення перад памяццю, подзвігам, гераізмам, вернасцю абавязку. Успаміны Генадзя Паўлавіча аб вайне рабілі ўрокі літаратуры незвычайнымі і запамінальнымі. Мы, яго вучні, адкрывалі для сябе абпаленыя вайной старонкі гісторыі свайго народа, схіляліся перад самаахвярнасцю воінаў, якія аддавалі жыццё за свабоду роднай зямлі, вучыліся любіць сваю Радзіму. І заўсёды яго ўспаміны заканчваліся словамі: “Я не жадаю, каб вы ўбачылі ці паспыталі падобнае. Беражыце мір, калі станеце дарослымі!”.
Наўрад ці мог падумаць паважаны настаўнік, як актуальна загучаць гэтыя словы ў нашы дні!
Час ішоў, школа развівалася, і кожны яе кіраўнік стараўся прыўнесці ў яе работу нешта новае, нешта сваё. Першым дырэктарам стаў А.Ц. Яўзрэзаў. Ён адразу задаў устаноўку на тое, што школа павінна стаць не толькі цэнтрам адукацыі для навакольных вёсак, але і асяродкам культуры, прыгажосці і самай сапраўднай інтэлігентнасці. Пры ім быў закладзены дэндрапарк, высаджаны школьны сад і ліпавая алея, дэкаратыўнае кустоўе ўздоўж школьных дарожак, сфарміравана кабінетная сістэма навучання. Аднак Анатоля Цітавіча ў хуткім часе перавялі ўзначальваць Сноўскую СШ, і кіраўнічую эстафету перанялі Д.Л. Сланімская, М.З. Траян, А.І. Сідаровіч, Г.П. Святловіч, Л.П. Валочнік, Н.Я. Бруй, А.В. Мяленька, Н.П. Бава, А.В. Гесь.
Зараз гэту ўстанову адукацыі ўзначальвае Анастасія Кашалюк. Яна расказала, што цяпер у школе займаюцца 90 вучняў, якія прыходзяць або прыязджаюць сюды з саміх Карцэвіч, а таксама з Малева, Саскай Ліпкі і Альбянкі. Працуе профільны 10-ы аграрны клас. Вучні ў ім таксама вывучаюць на павышаным узроўні беларускую мову і біялогію, а 11-класнікі — англійскую і нямецкую мову, а таксама гісторыю Беларусі.
Акрамя гэтага, Анастасія Дзмітрыеўна з задавальненнем адзначыла, што сёлета ў школе працуюць шэсць маладых настаўнікаў: фізічнай культуры — Ц.А. Хвіцько, біялогіі і хіміі — Н.А. Собаль, пачатковых класаў — Т.М. Гаціла, геаграфіі — А.А. Фамін, нямецкай мовы — Дз.Б. Антановіч і англійскай мовы — А.Г. Марчык. Ім заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу больш вопытныя калегі, якія аддалі школе ўжо ад 20 да 30 з лішкам гадоў. Гэта настаўнік беларускай мовы і літаратуры І.У. Гаціла, настаўнікі пачатковых класаў А.А. Сідаровіч і Л.М. Була, выхавальнікі С.А. Гаціла і Л.В. Гаціла.
Сёння школа ганарыцца сваёй вучаніцай Кацярынай Прушынскай, якая ў гэтым навучальным го- дзе заваявала дыплом ІІ ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. У мінулым годзе дыплом ІІ ступені дастаўся пераможцу ўніверсітэцкай алімпіяды “Абітурыент БарДУ-2024” Андрэю Калабаю.
У скарбонцы карцэвіцкіх школьнікаў таксама Дыплом І ступені Яўгена Гацілы ў літаратурным конкурсе “Чалавек свайго лёсу” да 100-годдзя Васіля Быкава і Дыпломы І і ІІ ступені ў конкурсе творчых работ “Залатое пяро Белай Русі”, якія заваявалі ізноў жа Яўген Гаціла і Ягор Кунец адпаведна.
Дарэчы, на наступны год, па папярэдніх разліках, у першы клас Карцэвіцкай СШ прыйдуць 10 маленькіх вучняў, і гэта вельмі добра, таму што, як даўно заўважана ў народзе, вёска жыве, пакуль у ёй жыве школа.
Самы працяглы перыяд у гісторыі Карцэвіцкай СШ — з 1987 па 2003 год — прайшоў пад кіраўніцтвам Нілы Яўгенаўны Бруй:
— Галоўным сваім клопатам я лічыла якасць ведаў вучняў, — расказала яна. — Для яе паляпшэння былі, безумоўна, патрэбны высокая кваліфікацыя настаўнікаў і выкарыстанне тэхнічных сродкаў навучання. У школе якраз з’явіўся камп’ютарны клас, і ўкараненне гэтай абсалютна новай для нас на той час тэхнікі ў навучальны працэс было вельмі цікавым. Яшчэ вельмі хацелася, каб дзеці вучыліся ў найлепшых умовах, каб школа давала ім не толькі веды, але і культуру, як гэтага хацеў першы дырэктар нашай школы Анатоль Цітавіч Яўзрэзаў. Для мяне ён быў прыкладам кіраўніка і настаўніка, і я старалася быць дастойным яго спадкаемцам. У школе быў зроблены добры рамонт, абноўлена актавая і спартыўная залы (у апошняй падлога была выслана з сібірскай лістоўніцы), абсталяваны лінгвістычны кабінет. У кабінет хіміі вярнулася вада, падведзеная пры будаўніцтве школы да кожнага вучнёўскага стала, а хімічнае абсталяванне і рэактывы для лабараторных работ стаялі пад рукамі вучняў у спецыяльных скрынках. Стала больш утульнай і прыгожай сталовая, на школьных клумбах з’явілася мноства руж, якія квітнелі да маразоў. І хаця прывабнасць школы і яе тэрыторыі былі для мяне важнымі, усё ж такі галоўнай радасцю з’яўляліся дасягненні нашых вучняў: як плён стараннай працы настаўнікаў у школе ізноў пасля шматгадовага перапынку з’явіліся медалісты, дзякуючы высокаму ўзроўню выкладання французскай мовы выпускніца 1991 года, пераможца рэспубліканскай алімпіяды Алена Бруй без экзаменаў стала першай у нашай краіне дзяўчынай, якую прынялі на перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Да гэтага туды бралі толькі хлопцаў.
Плённа супрацоўнічалі мы і з мясцовай гаспадаркай — колішнім калгасам “Радзіма”. Школе выдзялялі поле, якое засявалася цукровымі буракамі. Мы яго даглядалі, убіралі (ізноў жа з дапамогай гаспадаркі) і здавалі ўраджай на цукровы камбінат. Атрыманыя грошы ішлі на ўмацаванне матэрыяльнай базы школы. Тады ў яе быў свой рахунак. Вось так і выжывалі ў складаныя часы пасля распаду Савецкага Саюза — на ўласных сілах і веры ў лепшае.
За 50 гадоў існавання Карцэвіцкай СШ каго толькі не выйшла з яе сцен: працаўнікі сельскай гаспадаркі, настаўнікі, урачы, навукоўцы, журналісты, прадпрымальнікі і нават першая ў краіне жанчына-перакладчык. І гэта далёка не поўны спіс. Але пра тое, чым была ў іх жыцці родная школа, лепш за ўсё раскажуць яны самі.
Раман Татур, намеснік дырэктара транспартна-лагістычнай кампаніі “Праспер Тэхна”, выпускнік 1995 года:
— Што такое школа?.. Гэта будынак, куды ідзе дзіця, і гэта настаўнікі, якія яго вучаць. Гэта два слупы, на якіх трымаецца паняцце “школа” — матэрыяльна-бытавы і духоўна-навучальны. І настаўнік стаіць у цэнтры гэтай канструкцыі. Мне вельмі пашанцавала ў жыцці мець справу з такім настаўніцкім калектывам, які здолеў цвёрда ўзяць у свае моцныя рукі маё сырое “альбянскае цеста” і “спячы” з яго чалавека.
Як першая мая настаўніца Людмiла Мiкалаеўна Бутэвiч, так i астатнiя выдатныя педагогі — Станicлава Георгiеўна Вальчык, Галiна Вiкенцьеўна Выркоўская, Наталля Васiльеўна Плакса, Таiсiя Мiхайлаўна Цвiрка — усе яны прафесiйныя “пекары”.
Таксама наяўнасць у школе сапраўднага мужчынскага выхавання — гэта вялікая справа. Педагогі-мужчыны: настаўнік фізкультуры Міхаіл Аляксандравіч Ла- дзята, гісторыі — Уладзімір Ула-дзіміравіч Парэйка, французскай мовы — Уладзімір Дзмітрыевіч Бруй — адказвалі за нас не проста як за вучняў, а як за сваіх дзяцей. Яны нас вучылі, кантралявалі, натхнялі. З Уладзімірам Уладзіміравічам мы хадзілі ў паходы на возера Кромань і ў Карпаты, у лыжныя паходы на другі канец Карцэвіцкага лесу і нават да Грыцкавіцкай школы. Дзякуючы Міхаілу Аляксанд- равічу я палюбіў спорт, а дзякуючы Уладзіміру Дзмітрыевічу — французскую мову.
Дзякуючы адукацыйнаму падмурку, атрыманаму ў роднай школе, я змог скончыць адразу педагагічны ўнiверсiтэт у Мiнску, пасля — Ліёнскі ўніверсітэт у Францыі, па спецыяльнасці “Гістарычны турызм”. Паспеў крыху папрацаваць як настаўнiк французскага каледжа. Але Радзiма чакала! Яшчэ едучы вучыцца за мяжу, я ведаў, што вярнуся дадому, каб працаваць на роднай зямлі, і ніколі не пашкадаваў аб гэтым, як і аб тым, што мой шлях у вялікі свет пачаўся з Карцэвiцкай сярэдняй школы.
Вольга Галубовіч (Новік), спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”:
— У кожнага ёсць свая школа —
Дзяцінства, юнацтва куток.
Жыццёвай дарогі аснова.
Жыццёвай дарогі выток…
Гэта радкі са сцэнарыя вечара сустрэчы выпускнікоў, дзе шмат гадоў таму я была вядучай. Нярэдка ўзгадваю іх, калі ўспамінаю сваю школу ці калі выпадкова сустракаю сваіх былых педагогаў. Нават не верыцца, што сёлета споўнілася 25 гадоў (чвэрць стагоддзя!) з таго часу, як мы пакінулі сцены роднай школы… Асабіста для мяне гэты храм ведаў у першую чаргу атаясамліваецца нават не са школьнымі сябрамі, а з настаўнікамі. Тымі людзьмі, якія паўплывалі на маё жыццё, выбар прафесіі і, без перабольшвання, станаўленне мяне як асобы…
Як сёння памятаю, як нас, малых, сарамлівых першакласнікаў, сустрэ-ла прыгожая маладая першая настаўніца Анжаліка Алегаўна Круглік (Сідаровіч). Колькі розных цікавых мерапрыемстваў, паездак, паходаў арганізавала яна, як да кожнага з нас “падабрала ключык” так, што мы ўсе да яе прыкіпелі сэрцам!
Лічу, што нашаму класу ўвогуле пашчасціла на класных кіраўнікоў. Імя Наталлі Васільеўны Плаксы вядома многім не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Наш любімы класны кіраўнік, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, выдатная знаўца роднага краю, Педагог з вялікай літары і чалавек з вялікім сэрцам. І я вельмі ўдзячна лёсу, што мне пашанцавала быць яе вучаніцай. Мяне заўсёды ўражвала тое, як у адной асобе можа быць увасоблена столькі талентаў — паэта, мастака, сцэнарыста і многіх іншых. Менавіта дзякуючы Наталлі Васільеўне я вызначылася з будучай прафесіяй і паступіла на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. І хто ведае, як склалася б сёння маё жыццё, каб не слушныя парады і падтрымка майго любімага педагога, якая для мяне была і застаецца прыкладам ва ўсім. Было вельмі страшна яе падвесці, не апраўдаць давер… Як, прынамсі, і ўсіх настаўнікаў, хто вучыў мяне ў той час. І з цеплынёй у сэрцы хочацца падзякаваць Ніле Яўгенаўне Бруй, у той час дырэктару школы і настаўніцы хіміі, настаўніку французкай мовы (дарэчы, іспыт па якой я вытрымала на выдатна пры паступленні ва ўніверсітэт) Уладзіміру Дзмітрыевічу Брую, Станіславе Георгіеўне Вальчык — настаўніцы гісторыі, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце, і іншым педагогам маёй школы, якія як раз і належалі да той кагорты сапраўдных прафесіяналаў і няўрымслівых энтузіястаў, што сеялі разумнае, добрае, вечнае.
Зычу ўсім ім моцнага здароўя на доўгія гады і бадзёрага настрою!
Падрыхтавала Соф’я ЛЮБАНЕЦ,
выпускніца Карцэвіцкай СШ.