“Зямля-матуля вырасціла мяне, і я прысвяціў ёй сваё жыццё”, —
гаворыць пенсіянер Мікалай Дэмух.
Яго можна спаткаць на вуліцах Нясвіжа. Ідзе нетаропка. Прыпыняецца са знаёмымі, аб нечым гутараць. З задавальненнем вітаюся — прыемна бачыць гэтага чалавека паважанага ўзросту ў добрым здароўі, як кажуць, на сваіх нагах. Мікалаю Іванавічу заўтра, 19 студзеня, спаўняецца 90 гадоў. Згадзіцеся: гэта нагода не толькі павіншаваць земляка, але і пагутарыць, паслухаць пра жыццё, пра добрае і вечнае. Пра яго сакрэт даўгалецця.
— Не п’ю, не куру з маладосці, — кажа Мікалай Іванавіч. — Шмат працаваў. Шмат рухаўся. І цяпер хаджу на прагулку па Ленінскай вуліцы — да фантана, да “пажаркі”. У парк ужо не накіроўваюся, далекавата. А яшчэ ёсць у мяне маршрут, які называю БАМ — бальніца, аптэка, магазін. І туды хаджу, бо патрэбны і прадукты, і лякарствы.
Мікалай Іванавіч клапоціцца пра самаадчуванне сваёй другой палавінкі — Алы Іванаўны, не хоча лішні раз нагружаць абавязкамі дачку Наталлю, бо ў яе хапае сваіх настаўніцкіх клопатаў. У руху сам, бо ведае, што рух — гэта жыццё.
А зямлю ён любіць, паважае з дзяцінства. Яна дала жыццё, дала сілы вытрымаць нягоды, вызначыла яго далейшую дарогу, прафесійнае прызванне.

Начальнік Нясвіжскага раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі Мікалай Дэмух (справа) і старшыня калгаса “Новае жыццё” Міхаіл Саленік абмяркоўваюць ход палявых работ. 1984 год
Што такое сірочы хлеб, хлопчык з Высокай Ліпы спазнаў у пяць гадоў. Тады не стала бацькі, Івана Ільіча. Ён загінуў у першы дзень Вялікай Айчыннай вайны, пад Беластокам, дзе ўдзельнічаў у будаўніцтве аэрадрома. Быў прызваны 8 сакавіка 1941 года, а 22 чэрвеня ноччу немцы разбамбілі аэрадром. Раніцай ужо з аўтаматаў расстрэльвалі тых, хто не схаваўся. Аб гэтым расказаў аднавясковец Мацей Чайка, якому тады ўдалося вярнуцца. “Не чакайце. Хто не загінуў на аэрадроме, збіраліся, абмяркоўвалі, як дабрацца дамоў. Ён быў бы з намі”, — сказаў мужчына Леаніле Фёдараўне Дэмух, маці Мікалая. Жанчына засталася з чатырма дзецьмі. Міколу, адзінаму мужчыне ў сям’і, было пяць, яго старэйшай сястры — восем гадоў, самай малодшай — чатыры месяцы. Выжывалі, як маглі. Карміла зямля. Дапамагаў дзядуля па лініі маці. Ён меў каня і надзел дачкі апрацоўваў разам са сваім. А Леаніла Фёдараўна з большымі дзецьмі працавала ў агародзе. Сяляне выжылі, вытрымалі варожую акупацыю, дзякуючы нястомнай працы на зямлі. З таго часу герой майго аповеду з глыбокай пашанай ставіцца да яе.
Пасля вызвалення нашага раёна ад фашыстаў у 1944 го- дзе Мікола Дэмух пайшоў у першы клас Ліпаўскай школы, а ў 1954-м закончыў Сноўскую сярэднюю. Калі прызвалі ў армію, служыў у школе малодшых камандзіраў. У зенітна-артылерыйскіх войсках камандаваў аддзяленнем. У вольны час шмат чытаў, вучыў хімію, фізіку, падручнікі па якіх вазіў з сабою з другога года службы. Вабілі юнака сельскія спецыяльнасці. Вырашыў вучыцца на агранома, дакументы падаў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. За добрую службу юнака дэмабілізавалі датэрмінова. Ён паспяхова вытрымаў уступныя экзамены і стаў студэнтам агранамічнага факультэта. Жыў на стыпендыю. Пасля заняткаў, ноччу, хадзіў з таварышамі разгружаць вагоны. Не цураліся хлопцы ніякай работы, якія б грузы ні паступалі — цэгла, цэмент, лесаматэрыялы, абы быў заробак, каб купіць адзенне ці абутак. Маці дапамагчы сыну-студэнту не магла, на працадні ў калгасе атрымлівала мала, а трэба ж было апранаць- абуваць дачок.
Мікола Дэмух у акадэміі, як і ў арміі, быў актывістам, старастам групы, сакратаром камсамольскай арганізацыі аграфака. І калі ў сакавіку 1963 года атрымаў дыплом, яго накіравалі галоўным аграномам калгаса імя Дзяржынскага Слуцкага раёна. Малады спецыяліст хацеў трапіць іменна ў Мінскую вобласць, бліжэй да маці і сясцёр. У Нясвіжскі раён размеркавання не было, вось і паехаў на Случчыну.
— Калгас быў вялікі, — успамінае Мікалай Іванавіч. — Аб’ядноўваў 16 вёсак па абодва берагі ракі Случ. Трынаццаць паляводчых брыгад і дзве агароднія. 8 тысяч гектараў зямлі. Добрую практыку я там атрымаў. А калі адпрацаваў неабходныя пасля размеркавання два гады, мяне перавялі ў Нясвіжскі раён галоўным аграномам тэрытарыяльнага калгасна-саўгаснага ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Тады Клецкі раён таксама ў яго ўваходзіў (да 1966 года), і аб’ём работы быў велізарны. Ішоў сакавік, рыхтаваліся да чарговай пасяўной кампаніі. А гэта — рамонт тэхнікі, падрыхтоўка насення, забеспячэнне і вывазка на палі ўгнаенняў, ворыва, сяўба… На матацыкле з каляскай я праяз- джаў за дзень 150 — 200 кіламетраў, трэба было ўсюды пабываць, усё паглядзець, парашаць нейкія праблемы. Мы ўкаранялі шмат дасягненняў навукі і перадавога вопыту. Укаранялі квадратна-гнездавы спосаб вырошчвання кукурузы, пастаянна абнаўлялі насенне збожжавых культур і бульбы. Рабілі ўсё, каб павысіць эфектыўнасць працы, павялічыць аддачу кожнага гектара. І дасягалі добрых вынікаў. Зямля аддзячвала хлебаробам.
Каб пацвердзіць тыя вынікі, зазірнём у кнігу “Памяць. Нясвіжскі раён”. 1960 — 1970-я гады сталі перыядам асаблівага ўздыму ў параўнанні з пасляваеннымі 1950-і. з кожнага гектара ў сярэднім збіралі па 22 ц збожжа, 153 — бульбы, 227 — цукровых буракоў. Усе вытворчыя галіны сельскай гаспадаркі сталі рэнтабельнымі. Чысты прыбытак калгасаў у 1970 г. у параўнанні з папярэднім вырас на 11% і склаў 5 мільёнаў рублёў. За 1971 год ён выйшаў 5 мільёнаў 408 тысяч рублёў. Ураджай збожжавых у тым годзе дасягнуў 27,2 ц/га — гэта быў небывалы паказчык. Да нясвіжцаў пачалі прыязджаць вучыцца гаспадаранню. У 1966 годзе тут прайшоў рэспубліканскі семінар па ўкараненні механізаванага вырошчвання цукровых буракоў. У 1969-м па эфектыўнасці сельгасвытворчасці наш раён заняў першае месца ў рэспубліцы.
У 1972 годзе Мікалая Іванавіча прызначылі намеснікам начальніка райсельгасупраўлення. Працаваў ён з начальнікам Васілём Дзянішчыкам. У 1976-м узнікла вытворчая неабходнасць — і Мікалай Дэмух стаў галоўным інспектарам па закупках і якасці сельгас- прадукцыі. Якасці малака і мяса, збожжа, буракоў, ільну, што здавалі гаспадаркі дзяржаве, удзялялася вялікая ўвага, патрэбны былі добрыя веды, пільны погляд і патрабавальнасць. Гэтымі якасцямі і валодаў мой суразмоўца. А ў 1982-м яго выклікаў тадышні першы сакратар РК КПБ Анатоль Бычак і сказаў: “Мікалай Іванавіч, мы ствараем сельгасаддзел у райкаме партыі, вы павінны яго ўзначаліць”. Трэба дык трэба. Камуніст Дэмух ішоў туды, дзе, як лічыла кіраўніцтва, ён больш патрэбны. А работы не баяўся, ды і вопыт ужо меў не малы. У 1984-м адбыўся чарговы паварот на працоўным шляху. Мікалаю Іванавічу даручылі ўзначальваць РАПА — раённае аграпрамысловае аб’яднанне. Ён з’яўляўся першым намеснікам старшыні райвыканкама, членам бюро райкама партыі. Пазней перайшоў у аддзел па землеўпарадкаванні.
Нясвіжскі раён заўсёды ішоў у ліку перадавікоў сацыялістычнага спаборніцтва. Па выніках выканання пяцігадовых заданняў атрымліваў Пераходныя Чырвоныя сцягі і дыпломы абласнога, рэспубліканскага і саюзнага ўзроўняў.
— Як гаварылі, “Нясвіж забраў усе сцягі, ад Масквы да самых да ўскраін”, — смяецца Мікалай Іванавіч. — За мае 24 гады работы ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі дзевяць разоў быў удзельнікам Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Дзевяць медалёў з яе захоўваю: адзін — сярэбраны, восем — бронзавых. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі “За доблесную працу” і “Ветэран працы”, дзвюма Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР — адна за высокі ўраджай збожжавых, другая за паспяховае развіццё сельскай гаспадаркі, знакамі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” і “Ударнік камуніс- тычнай працы”.
Узнагароды Мікалай Іванавіч беражэ, хоча, каб унучка захоўвала і памятала. Медалі ВДНГ, дарэчы, суправаджаліся каштоўнымі падарункамі, і адзін з іх — дыван — дагэтуль “жыве” на сцяне ў кватэры Дэмухаў.
Нясвіжцам зайздросцілі многія раёны, на нарадах у вобласці калегі так і гаварылі Мікалаю Іванавічу: “У вас багатая зямля, вось вы і разумныя”.
— Землі нашы і сапраўды нядрэнныя, але ж у нас і працавітыя, здольныя людзі, якія апрацоўваюць гэтую зямлю, — у голасе суразмоўцы сур’ёзныя ноткі. — Мы ў яе столькі ўкладвалі — сіл, грошай, ведаў. Ураджай узнялі з мізерных паказчыкаў. Прыемна, што і цяпер яны паступова растуць.
— На вашым працоўным шляху сустракалася шмат людзей. Хто пакінуў памятны след у душы, з кім працавалася лёгка, з паразуменнем? — пацікавілася я.
— Якаў Васільевіч Аляксанкін, старшыня калгаса імя Калініна. Мы з узаемнай павагай адносіліся адзін да другога. Калі мне трэба было пабываць у калгасе, заўсёды загадзя тэлефанаваў яму, каб дамовіцца на канкрэтны дзень. І мы са старшынёй увесь дзень ездзілі па іх палях. Аб’язджалі ўсе пасевы. Аляксанкін па прафесіі быў ветурач, таму вельмі цікавіўся агранаміяй. Міхаіл Васільевіч Саленік, старшыня калгаса “Новае жыццё”. З ім мы вучыліся ў адной школе, Сноўскай, толькі ён ішоў на год уперадзе. Рыгор Паўлавіч Сасноўскі, старшыня калгаса “17 Верасня”. Галоўныя аграномы Міхаіл Аляксандравіч Борыс з “Новага жыцця”, Вера Дзмітрыеўна Макаўчык з калгаса “Слава”, Уладзімір Пятровіч Голікаў з саўгаса “Гарадзейскі”. Пазней у кагорту кіраўнікоў увайшлі прадстаўнікі новага пакалення: Анатоль Захарэвіч, Вікенцій Макарэвіч, Аляксандр Губарэвіч… Мы ўсе разам вырашалі пытанні, прымалі рашэнні, клапаціліся пра эфектыўнасць сельгасвытворчасці.
— Мікалай Іванавіч, высокі ўра- джай — гэта матэрыяльны дастатак, прэміі. А з другога боку — душэўнае задавальненне? Так?
— Так. Вось стаіш на палявой дарозе. З аднаго боку, з другога калышуцца пад ветрыкам або роўненька стаяць у цішыні цяжкія залатыя каласы… І такая радасць на сэрцы… Гэта ж усё дала наша зямелька, выпешчаная людскімі рукамі.
Мікалай Іванавіч жыве ў Нясвіжы. Яшчэ да нядаўнага часу працаваў на зямлі — у Высокай Ліпе, ля бацькоўскай хаты. Цяпер хату прадалі мінчанам пад дачу. Мой сураз- моўца спадзяецца, што новыя гаспадары будуць даглядаць участак, радаваць кветкамі, ласавацца яго чарэшнямі. Жыццё працягваецца. Мікалай Іванавіч сочыць за яго плынню. Глядзіць тэлевізар, выпісвае і чытае газеты — рэспубліканскую “СБ. Беларусь сегодня” і раённую “Нясвіжскія навіны”. Інакш не ўмее.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.