На пачатку года — другога студзеня — адзначыў свой 92-і дзень нараджэння жыхар вёскі Астроўкі Барыс Шукайла. Выхадзец з дружнай шматдзетнай сям’і (у бацькоў акрамя яго было яшчэ тры дачкі
і сын), ён рана зведаў цяжкую сялянскую працу,
зразумеў, што такое адказнасць за сям’ю.
З гэтай датай доўгажыхара павіншавалі старшыня Гара- дзейскага сельсавета Наталія Цвірка, намеснік дырэктара ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Бусько і старшыня прафкама таварыства Ірына Шчука. Яны ўручылі імянінніку і яго дачцэ Алене, якая ў гэты ж дзень адзначала свой юбілей, кветкі і падарункі.
Герою гэтага аповеду было 6 гадоў, калі адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. Ён і сёння памятае мітынг з гэтай нагоды, надзеі дарослых на лепшае жыццё. Аднак не паспелі вяскоўцы як след адысці ад польскай улады, як грымнула Вялікая Айчынная вайна. Прыйшлі фашысты. Людзі выжывалі толькі за кошт таго, што самі вырасцілі ці выгадавалі.
— Вайна запомнілася тым, што згарэў панскі маёнтак, згарэла школа. Шмат разбурэнняў прынеслі немцы на нашу зямлю, — узгадвае гэты час Барыс Мікалаевіч. — Добра, што мы ўсе жывыя засталіся, дачакаліся вызвалення.
У хуткім часе пасля вайны пачалі стварацца калгасы. Аднымі з першых у мясцовую калектыўную гаспадарку ўступілі і бацькі майго суразмоўцы. Па іх слядах пайшоў і ён: скончыў 8 класаў у суседняй вёсцы Прасці і стаў механізатарам, апрацоўваў родныя палеткі. Калёсны трактар, бульдозер, камбайн — усё было яму знаёма: і араў, і сеяў, і падкормліваў, і ўбіраў ураджай, і што толькі не рабіў за свой доўгі працоўны шлях.
— Хіба ж параўнаць цяперашнюю тэхніку і тую, на якой працаваў я, асабліва напачатку, — гаворыць доўгажыхар. — Ніякай гідраўлікі, ніякіх зручнасцей у кабіне. Помню, бывала, як накруціш гэты руль за цэлы дзень, дык потым не адчуваеш рук. Быццам здранцвелыя рабіліся.
А працавалі тады на адным трактары ў дзве змены — і ноччу, і днём. З сабой, бывала, возьмеш кавалак хлеба, калі ён ёсць, і ўсё. А магло і не быць… Потым паступова жыць стала лягчэй, на палі пачалі прывозіць абеды. Дык дзіўна было глядзець, як некаторыя яшчэ круцілі носам: нясмачна. Мусіць, не ведалі, што такое, калі ўвесну ў хаце няма хлеба. А мне ўсё было і смачна, і добра.
Пры гэтых словах я пачала здагадвацца пра сакрэт даўгалецця майго суразмоўцы, і гэта не толькі адсутнасць шкодных звычак (Барыс Мікалаевіч ніколі не курыў і быў на “вы” з алкаголем), але і прывычка нагружаць сябе пасільнай працай, і ўменне знайсці, чаму парадавацца і за што быць удзячным.
— Мо, таму я і пражыў столькі, — адзначыў ён у нашай гутарцы, — што шмат працаваў. І рукі балелі, і спіна, затое арганізм натрэніраваны. А жыць зараз — адна любата. Людзі вакол мяне — золата, а не людзі. І кіраўнік гаспадаркі, і дырэктар школы, і старшыня сельсавета — што ні папрашу, усё зробяць, ва ўсім дапамогуць. За свет і газ плачу палову, у хаце мне памянялі праводку, паставілі пажарныя апавяшчальнікі. Дык чаго ж мне крыўдзіцца? Толькі дзякаваць усім.
Дарэчы, Барыс Мікалаевіч паказаў нам простыя фізічныя практыкаванні, якія ён робіць кожны дзень, каб захоўваць бадзёрасць і рухавасць, і падзяліўся сваёй жыццёвай устаноўкай: “У добрага гаспадара павінна быць, пра каго клапаціцца”. І сёння ён трымае курэй (яйка са свайго хлява — гэта святое!), песціць сабаку і ката (што за хата без чацвёраногіх сяброў!). І толькі ў мінулым годзе паддаўся на ўгаворы дачкі збыць казу.
— Нельга сядзець увесь час, — лічыць герой гэтага аповеду. — Трэба выйсці, прайсціся, пагля- дзець за парадкам. Я касой яшчэ кашу, і лепш скашу, чым некаторыя гэтымі касілкамі, што гудуць на ўсю вуліцу. Галоўнае — самому сябе ўзбадзёрваць, каб быць на сваіх нагах. Быве, гляну — малады яшчэ чалавек ідзе сагнуўшыся. Ну, няхай я ўжо сагнуты — зразумела, чаму. А такому маладому хіба гэта да твару? Радуйся жыццю і хадзі роўненька, так і хочацца яму сказаць. Трэба даваць сабе нагрузку. Я і ўнуку свайму кажу: “Варушыся, займайся спортам, парабі што-небудзь карыснае, не сядзі ў тэлефоне!”
Думаецца, што гэту слушную параду можна адрасаваць усёй нашай моладзі, якая толькі пачынае свой шлях. І калі ўлі- чыць, што жыццё таго, хто яе дае, было далёка не гладкім і не лёгкім, яна становіцца яшчэ больш каштоўнай. Барыс Мікалаевіч Шукайла — не толькі добрасумленны, шчыры працаўнік, але і мужны, годны чалавек. 20 гадоў таму пайшла з жыцця яго жонка Марыя Ісакаўна — верная спадарожніца жыцця. Заўчасна абарвалася жыццё сына Леаніда. Не кожны стойка вытрымлівае адну страту за другой — бывае, людзі і ў чарку пачынаюць заглядваць, каб тапіць у ёй свой боль, ці і самі ад гора здаюцца хваробам і хутка сыходзяць у іншы свет услед за роднымі. Усяляк бывае. Але мой суразмоўца зрабіў выбар на ка- рысць жыцця. У яго засталася дачка Алена Барысаўна, якая, дарэчы, адзначае дзень нараджэння ў адзін з дзень з бацькам — 2 студзеня — і сёлета стала 60-гадовай юбіляркай, унукі і праўнукі. Алена Барысаўна штодзень прыносіць бацьку цёплую вячэру і сочыць за яго самаадчуваннем, не пакідаючы роднага чалавека без увагі. А ён у адказ стараецца быць як мага больш самастойным, шкадуючы сілы дачкі.
Калі ж дадаць сюды тое, што ў шаноўнага імянінніка чатыры ўнукі і пяць праўнукаў ад 12 да трох гадоў, становіцца зразумелым, што яму ёсць дзеля чаго і дзеля каго жыць. А ўжо пра добры прыклад і казаць няма чаго: працавітасці, сумленнасці, дабрыні, умення радавацца жыццю і быць удзячным Барысу Мікалаевічу не займаць. Гэтаму любы можа ў яго павучыцца. І хаця падчас нашай гутаркі ў майго суразмоўцы і праляцеў уздых: “І калі тое жыццё прайшло?”, хочацца з гэтым не пагадзіцца. Жыццё якраз такі яшчэ не прайшло. Перажаніўшы ўнукаў, трэба яшчэ перажаніць і праўнукаў. Нешта мне падказвае, што прачытаўшы гэтыя словы, Барыс Мікалаевіч усміхнецца: “А чаму б і не?” І з новымі сіламі прымецца за свае штодзённыя практыкаванні і будзе думаць пра добрае. А гэта і ёсць галоўны інгрыдыент у рэцэпце даўгалецця — думаць пра добрае і верыць у лепшае.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.