Памятныя даты
Дзве даты — 30 снежня і 1 студзеня, якія мы толькі што пражылі, займаюць важнае месца ў нашай гісторыі.
30 снежня 1922 года — дзень утварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспуб-лік. На I Усесаюзным з’ездзе Саветаў 25 прадстаўнікоў БССР разам з дэлегацыямі РСФСР, УССР і ЗСФСР падпісалі аб гэтым дэкларацыю і дагавор. За кожнай рэспублікай захоўваліся права свабоднага выхаду, роўныя правы і ўмовы развіцця, самастойнасць у ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі.
У 1924 годзе былі створаны і ўвайшлі ў склад СССР Туркменская і Узбекская ССР, у 1929-м — Таджыкская, у 1936-м — Казахская і Кіргізская. Арменія, Азербайджан і Грузія ў 1936 годзе ператварылі сваю Закаўказскую Федэратыўную Рэспубліку ў тры самастойныя. Працоўныя Літвы, Латвіі і Эстоніі ў 1940 годзе падчас рэвалюцыйнай барацьбы аднавілі савецкую дзяржаўнасць і таксама ўвайшлі ў склад Савецкага Саюза. З аўтаномнай стала самастойнай у складзе Саюза Малдаўская ССР.
1 студзеня 1919 года была створана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспуб- ліка. Маніфест аб гэтым абнародаваў Часовы ўрад Беларусі. У ім, у прыватнасці, гаварылася: “З сённяшняга дня Беларусь — Савецкая рэспубліка — становіцца рэспублікай працоўнага народа, рабочых, сялянскай беднаты і чырвонаармейцаў”. Зямля з інвентаром, лясы, воды і нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі і заводы, банкі станавіліся ўласнасцю народа. Апошні пасыл, узгадаем, поўнасцю адмяняўся некаторымі кандыдатамі падчас выбараў на пост прэзідэнта Беларусі, пачынаючы з 1994 года і заканчваючы 2020-м. Яны патрабавалі прыватызаваць прадпрыемствы і прадаць у прыватную ўласнасць зямлю. Дык на чый млын лілі (і льюць) ваду тыя асобы? Зноў хацелі (хочуць) вярнуць народ у капіталіс- тычна-памешчыцкі лад?
Негатыўныя адносіны некаторых людзей да савецкай рэальнасці — суб’ектыўныя, несправядлівыя. Бо СССР, а ў яго складзе ўсе рэспублікі, дасягнулі ў розных сферах такіх вышынь, што буржуі капіталістычных краін ад злосці толькі зубамі скрыгіталі.
Як прыклад — высокі ўзровень савецкай адукацыі, якая дазваляла паспяхова развівацца іншым галінам.
Самыя чытаючыя
Савецкі чалавек славіўся сваёй адукаванасцю, начытанасцю. У СССР была створана адна з лепшых у свеце сістэма народнай адукацыі з яе прынцыпамі бясплатнасці, агульнадаступнасці для шырокага кола насельніцтва. Для гэтага давялося пераадолець шмат цяжкасцей. У той жа БССР у 1920 г. 52,6% насельніцтва ва ўзросце ад 9 да 49 гадоў з’яўлялася непісьменным. Ліквідоўваць яе дапамагаў урад РСФСР. Усерасійскай надзвычайнай камісіяй па ліквідацыі непісьменнасці ў Беларусі было выдадзена 60 тысяч буквароў. У 1921/22 навучальным годзе ў БССР у сістэме навучальных устаноў гэтага кшталту налічвалася 12,2 тысячы чалавек, у 1924/25 годзе — ужо 37,4 тысячы. З 1926-га да 1932-га года школы пісьменнасці ў рэспубліцы скончыла больш за 800 тысяч чалавек. І ў 1934/35 годзе патрэба ў падобных школах знікла, масавую непісьменнасць ліквідавалі.
У 1939 годзе ў СССР была пастаўлена задача забеспячэння ўсеагульнага сярэдняга навучання ў горадзе і завяршэння арганізацыі ў вёсцы і ва ўсіх рэспубліках усеагульнага сямігадовага навучання. Дарэчы, БССР на мяжы 20 — 30-х гадоў першай сярод саюзных рэспублік ажыццявіла ўсеагульнае абавязковае пачатковае навучанне. Паспяхова развівалася сярэдняя спецыяльная і вышэйшая школа.
Не трэба забываць, што становішча ў Заходняй Беларусі, акупіраванай панскай Польшчай, было адваротным. Так, у Віленскім універсітэце ў 1934 г. навучалася толькі 1,55% беларусаў. А нашы ж людзі цягнуліся да святла, да кнігі. Што і атрымалі ў складзе Савецкай Беларусі.
У 1940 годзе на 100 тысяч чалавек насельніцтва Беларусі ў масавых бібліятэках прыпадала 55 кніг і часопісаў. У 1977-м іх стала 770. У той жа час гарвардскі часопіс паведамляў, што каля палавіны дарослых амерыканцаў непісьменныя, у Італіі іх 12 мільёнаў, у Францыі ў тым годзе 30% апытаных не прачыталі ніводнай кнігі, а ў дамах 27% сем’яў кніг наогул няма. Канстытуцыя ж СССР забяспечвала права агульнага доступу да каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знахо- дзіліся ў дзяржаўных і грамадскіх фондах.
У 1977 г. мы перайшлі на бясплатныя падручнікі. Дзеці карысталіся імі беражліва і ў канцы навучальнага года здавалі ў школьную бібліятэку.
У 1970-х гадах наша рэспубліка па колькасці студэнтаў на 10 тысяч чалавек насельніцтва апярэдзіла найбольш развітыя капіталістычныя краіны. У БССР стала ў 2,7 раза болей дыпламаваных спецыялістаў, чым было ва ўсёй царскай Расіі.
У суверэннай Беларусі
Якасная і даступная адукацыя і цяпер з’яўляецца адным з прыярытэтаў беларус- кай дзяржавы. Узровень пісьменнасці яе насельніцтва ва ўзросце ад 15 гадоў і старэй — адзін з самых высокіх у свеце, ён дасягае зараз 99,9%.
У 1995/96 навучальным годзе ў краіне працавала 39 дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў, у 2005/06 годзе іх стала 43. У першым названым вышэй навучальным го- дзе на 10 тысяч чалавек насельніцтва прыходзілася 194 студэнты, у другім названым годзе — 393 студэнты.
Па паказчыку “Базавая адукацыя” ў індэксе сацыяльнага прагрэсу за 2023 год Беларусь заняла 16 месца сярод 170 краін. Дзяржава ўдзяляе гэтай сферы велізарнае значэнне. За апошнія тры гады ў яе было накіравана 30 мільярдаў рублёў. У нашым сацыяльным грамадстве ўсе маюць аднолькавую магчымасць мець адукацыю.
Прэстыж беларускіх ВНУ пацвярджае рост колькасці замежных студэнтаў. Сёння гэта больш 30-і тысяч чалавек болей чым са ста краін.
Разумныя, адукаваныя, таленавітыя беларусы развівалі і сваю былую сацыялістычную рэспубліку, і ўносілі немалы ўклад у справы ўсяго савецкага народа, і зараз, у суверэннай дзяржаве, дасягаюць зайздрос- ных вышынь.
Больш 98% дзяцей ва ўзросце 3 — 6 гадоў атрымліваюць дашкольную адукацыю. Інвестыцыі ў яе, параўнайце, у 2020 г. складалі: 1,1 % ад валавога ўнутранага прадукта — у Беларусі, па 1% — у Францыі і Швецыі, па 0,8% — у Малдове і Нарвегіі, 0,6 % — ва Украіне, 0,35% — у ЗША, 0,2% — у Канадзе.
З гонарам даведваемся пра здабыткі маладога пакалення беларусаў. Толькі за апошнія тры гады нашы школьнікі заваявалі больш за 200 медалёў на міжнародных алімпіядах. З апошніх паведамленняў: з 53 удзельнікаў алімпіяд па геаграфіі і геалогіі 46 сталі пераможцамі. Падтрымлівае адораных навучэнцаў і студэнтаў спецыяльны фонд Прэзідэнта, які функцыянуе з 1995 года.Нашы знаўцы дэманструюць глыбокія веды ў розных сферах і пасля прымяняюць іх на практыцы, у народна-гаспадарчай дзейнасці.
Гэта дала савецкая ўлада
У пачатку ХХ стагоддзя часопіс “Вестник просвещения” паведамляў, што для ліквідацыі непісьменнасці насельніцтва Сярэдняй Азіі спатрэбяцца шматлікія стагоддзі. Як аўтары такой высновы памыляліся! Калі да Кастрычніцкай рэвалюцыі толькі 22 жыхары Казахстана мелі вышэйшую адукацыю, то праз 50 гадоў іх стала болей за 700 тысяч. Развіццё навукі і адукацыі ў Казахстане паспрыяла стварэнню навейшых галін: авіяцыйнай, аўтамабільнай, хімічнай, радыётэхнічнай. У сталіцу Таджыкістана Душанбэ толькі ў чэрвені 1924 г. караван вярблюдаў даставіў друкарскі шрыфт і тыгельную друкарскую машыну. А за 50 гадоў савецкай улады навучэнцаў у гэтай краіне стала ў 150 разоў болей, чым было ў 1914 годзе. Узбекістан яшчэ ў 1929 г. быў амаль непісьменны, а ў 1969-м па колькасці студэнтаў на 10 тысяч чалавек насельніцтва выйшаў уперад Англіі, Францыі, Італіі і ФРГ. А першая вышэйшая навучальная ўстанова тут — Сярэднеазіяцкі ўніверсітэт — была створана згодна з дэкрэтам У.І. Леніна. У Кіргізскай ССР за 50 гадоў знаходжання ў складзе Савецкага Саюза кожны дзясяты, заняты ў народнай гаспадарцы, з’яўляўся спецыялістам з вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.
У Грузіі ў 1967 годзе на 10 тысяч чалавек насельніцтва прыпадалі 172 студэнты, у Латвіі — каля 160. У той час як у Іране — 10, Пакістане — 18, Індыі — 24, Турцыі — 28, Германіі — 45, Італіі — 47, Англіі — 58. Літва па аналагічным паказчыку пераўзышла Англію, Францыю, Швецыю, Канаду.
Усюды ствараліся нацыянальныя акадэміі навук, працавалі свае навукова-даследчыя інстытуты.
Высокі ўзровень адукаванасці стаў вялікім агульнацывілізацыйным дасягненнем шматнацыянальнага савецкага народа.
А як у іх?
Гаворачы раней пра высокі досвед беларусаў у геаграфіі, успомніла наступны факт. Колькі гадоў таму, праводзячы прэс-канферэнцыю, прадстаўнік дзяржаўнага дэпартамента ЗША Джэн Псакі заявіла: “Калі Беларусь уварвецца ва Украіну, 6-ы флот ЗША будзе неадкладна перакінуты да берагоў Беларусі”. (?!) Падобных ляпаў з вуснаў заходніх чыноўнікаў даводзіцца чуць нямала. Такія ў іх “веды”. Па геаграфіі, па гісторыі і яшчэ шмат па чым. І мысленне — аналагічнае.
Нядаўна прачытала пра справы ў адукацыі ФРГ. Там праводзілі агульнадзяржаўнае тэсціраванне. Яно паказала: кожны другі нямецкі трэцякласнік не засвоіў чытання, лічэння і пісьма. 46% вучняў не дацягваюць да мінімальных стандартаў па матэматыцы, 43% — па чытанні. Амаль кожны пяты школьнік не ўмее прымяніць веды з прыродазнаўчых навук у паўсядзённым жыцці. У зямлі Саар колькасць вучняў першых класаў з недастатковым веданнем нават нямецкай мовы вырасла за восем гадоў амаль у 4 разы!
Слабая школьная адукацыя ў Іспаніі, як сцвярджаюць эксперты. Кітайскія эмігранты нават смяюцца з элементарных задач па матэматыцы і тэкстаў па англійскай мове для іспанскіх старшакласнікаў — праграма адстае гадоў на пяць. Вучоба ва ўніверсітэтах недаступная для простых грамадзян з-за высокага кошту. А крыху раней становішча ў сферы адукацыі гэтай краіны было яшчэ горшым. У 1940 — 1950-х гадах рэжым Франка наогул перашкаджаў навучанню моладзі. Дзеці беднякоў маглі наведваць школу толькі 3-4 гады і затым ішлі працаваць. Дзяўчатам вучыцца зусім не дазвалялася.
У краінах капіталізму, куды Захад так настойліва цягне Беларусь, дзе шмат беспрацоўных і бамжоў, дзе адукацыя дорага каштуе, няма такой падтрымкі ад дзяржавы, як у суверэннай беларусі. Яна з’яўляецца сацыяльным грамадствам і будуе свае высокацывілізацыйныя адносіны.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза журналістаў.
#нашалепшае