Меню
Курс $  3.28 | €  3.45 | ₽100  3.42 |
Погода -6 °C

Лявонавіцкія ўспаміны

Нясвіжскія навіны 1 месяц назад 0 138

Пост опубликован: 04.01.2025

Гісторыя беларускай вёскі ўнікальная. У кожнай свая біяграфія, непаўторныя рысы і лёс, сваё шчасце і смутак. Ёсць вёскі паспяховыя
і перспектыўныя, а ёсць ціхія
і самабытныя. У адных жыццё
доўгае і поўнае, у іншых — наадварот. Але практычна кожная можа пахваліцца сваімі вядомымі людзьмі — землякамі.

Талент, памножаны на працу і натхненне

Загадчыца Лявонавіцкага
сельскага клуба-бібліятэкі Людміла Кудрук



Талент, памножаны на працу і натхненне

Будынак былой школы ў Лявонавічах
набыў другое жыццё —зараз гэта аддзяленне кругласутачнага
знаходжання для пажылых і інвалідаў РТЦСАН

Як вы ўжо зразумелі, паважаныя чытачы “раёнкі”, сёння мы зноў накіроўваемся ў падарожжа па Нясвіжскім раёне і едзем у вёску Лявонавічы, якая ўваходзіць у склад Ланскага сельсавета. Гэта зараз, а да 2013 года вёска Лявонавічы была цэнтрам Лявонавіцкага сельсавета.
А для таго каб даведацца, чым жыве вёска, нам па традыцыі патрэбны гід і мы спыняемся ля Лявонавіцкага сельскага клуба-бібліятэкі, дзе нас ветліва сустракае загадчыца Людміла Кудрук. Яна не мясцовая жыхарка, але ведае пра вёску ўсё. Хочацца адзначыць, што першыя ўспаміны пра Лявонавічы датуюцца 1720 годам, калі гэта было сяло ў Навагрудскім ваяводстве ВКЛ. У 1870 годзе — гэта вёска ў Пацейкаўскай воласці таго ж павета. У 1890 годзе ў вёсцы адкрылася перасоўная школа граматы, у якой вучыліся 8 хлопчыкаў.
Перажыла вёска і Вялікую Айчынную вайну, падчас якой загінулі 49 землякоў. У 1976 годзе ва ўшанаванне іх памяці ў цэнтры вёскі пастаўлена стэла, а на мясцовых могілках стаіць стэла ў памяць двух партызан, загінулых у Другой сусветнай вайне, усталяваная ў 1965 годзе.
— Назва вёскі пайшла ад імя першага чалавека, які з’явіўся тут. Яго звалі Лявон. Вось з таго часу і называецца вёска Лявонавічы, — распавядае Людміла Іванаўна.
Так і хочацца адразу заспя- ваць: “А Лявоніху Лявон палюбіў, Лявонісе чаравічкі купіў…”
— Менавіта так і было, — смяецца загадчыца клуба. — Але пра Лявона ніякай інфармацыі няма, а вось пра знакамітага беларускага паэта Новіка-Пяюна я вам раскажу і нават пакажу месца, дзе ён пахаваны.

Талент, памножаны на працу і натхненне

Мясцовыя жыхары карыстаюцца паслугамі аўталаўкі

Так і атрымалася, што наш экскурс па вёсцы пачаўся з мясцовых могілак, куды мы с Людмілай Кудрук і накіраваліся. Сярод сучасных помнікаў на вясковых могілках дзе-нідзе сустракаюцца крыжы ды агароджа, якія нагадваюць пра каваля Васіля Беньку, ураджэнца Лявонавіч.
Нарадзіўся ён у 1893 годзе, змалку рос дапытлівым хлопчыкам, таму аддалі яго вучыцца на каваля. Хутка таленавіты юнак стаў майстарам сваёй справы і адкрыў уласную кузню. Трэба адзначыць, што за выдатную працу і майстэрства польскія ўлады ўзнагародзілі Беньку крыжам за гаспадарчую дзейнасць.
А вось і магіла Сяргея Новіка-Пяюна, таксама ўраджэнца Лявонавіч. Некаторыя песні на яго словы лічацца народнымі, а найбольш вядомыя з іх “Зорачкі” і “Над Шчарай” (“Слонімскі вальс”).
— 26 жніўня 1994 года перастала біцца сэрца нашага земляка, — расказвае Людміла Кудрук. — Равеснік ХХ стагоддзя, Сяргей Новік-Пяюн, трапіўшы ў махавік гісторыі, змог застацца беларусам і па духу, і па перакананнях. Памяць аб ім натхняе нас дзейнічаць так, каб беларусы не згубіліся сярод другіх народаў, адрадзілі сваю мову і не страцілі незалежнасць. Хоць ён і жыў у Мінску, але пахавалі яго па хрысціянскім звычаі на радзіме.

Талент, памножаны на працу і натхненне

Урачэбная амбулаторыя ў Лявонавічах

У 1926 годзе жыхары вёскі стварылі Лявонавіцкі народны хор, адзін з найстарэйшых самадзейных калектываў Мінскай вобласці і агулам Беларусі. У вытоках хору якраз і быў мясцовы паэт і кампазітар Сяргей Новік-Пяюн. Вялікую дапамогу як кансультант у свой час хору аказваў народны артыст СССР Генадзь Цітовіч. У гэтым жа годзе разам з хорам быў арганізаваны тэатр, які праіснаваў да 1936 года і адыграў адметную ролю ў распаўсюджанні беларускай культуры ў Заходняй Беларусі, што тады была ў складзе Польшчы. За дзесяць гадоў Лявонавіцкі тэатр падрыхтаваў і паставіў 21 п’есу. Сярод іх былі «Паўлінка» Янкі Купалы, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Леапольда Родзевіча. Спектаклі ставіліся ў будынку хлебазапаснага магазіна дарэвалюцыйнага часу. У 1933 годзе гэты будынак быў перабудаваны ў Народны дом. Тэатр выяз-джаў са спектаклямі ў суседнія вёскі, а таксама ў Клецк і Нясвіж. На пастаноўкі ў Лявонавічы прыходзілі людзі з навакольных вёсак і мястэчак. Пра тэатр пісалі нават віленскія газеты.

Талент, памножаны на працу і натхненне

Магіла Сяргея Новіка-Пяюна
на вясковых могілках у Лявонавічах

Насычанае мінулае вёскі… Зараз гэта ціхае месца, куды прыязждае магазін на колах. Агульнаадукацыйная школа была зачынена тут яшчэ дзевяць гадоў таму. У 2018 года на яе месцы адкрыта аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Есць у вёсцы і свая амбулаторыя і дзіцячы сад, але дзетак там выхоўваецца толькі дзесяць.
— На жаль, пайшоў з жыцця Расціслаў Міхайлавіч Ждановіч, краязнаўца-аматар, ён бы вам паведаў больш, — рэзюмуе Людміла Іванаўна.
Сыходзяць людзі, сціраецца гісторыя… Спадзяемся, што гэты невялікі ўспамін аб Лявонавічах ускалыхнуў памяць несвіжан, асабліва тых, хто родам з гэтай цудоўнай вёскі.
Святлана
РЫЖАКОВА-ЛУЦЭВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

error: Копирование защищено!!!