За 6 км ад ускрайку Нясвіжа ў напрамку на паўднёвы захад, каля левага берага ракі Ушы, размешчаны аграгарадок Карцэвічы. З 1940 года і да 2013-га гэты населены пункт быў цэнтрам Карцэвіцкага сельскага савета, але пасля ўзбуйнення мясцовых тэрытарыяльных адзінак увайшоў у склад Нясвіжскага. Зараз тут пражывае 321 чалавек, з якіх 189 яшчэ працуюць, 71 — пенсіянеры і 61 — дзеці да 18 гадоў.
Статус аграгарадка вёска Карцэвічы набыла ў 2011 годзе, і калі мы паглядзім прыдзірлівым вокам гарадскога госця на тое, што тут ёсць для зручнасці людзей, адказ бу- дзе вельмі просты: усё. Тут ёсць дзе вучыцца, ёсць, дзе лячыцца, ёсць, дзе адпачыць. Да паслуг насельніцтва таксама пошта і стацыянарны магазін. Дадамо сюды яшчэ цалкам заасфальтаваныя вуліцы і начное асвятленне, якое, дарэчы, сёлета было заменена на новае. Для поўнага шчасця не хапае хіба толькі сваёй цырульні і трэнажорнай залы.
Калі ж пакінуць жарты ў баку, то першае, што кідаецца ў вочы ў Карцэвічах, гэта прыгажуня-школа. Прасторная, трохпавярховая, яна была пабудавана ў 1974 годзе з выключнай зручнасцю для вучняў і настаўнікаў і сёлета адзначае сваё 50-годдзе. Тут прадугледжаны камфортная сталовая, актавая і спартыўная залы, апошняя — з пакоямі для змены адзежы і душавымі. Пры школе абсталяваны стадыён, дзе можна праводзіць урокі на адкрытым паветры і гуляць у камандныя гульні.
Зараз гэту ўстанову адукацыі ўзначальвае Анастасія Кашалюк, якая і паведаміла, што цяпер у школе займаюцца 90 вучняў. Яны прыходзяць або прыязджаюць сюды з саміх Карцэвіч, а таксама з Малева, Саскай Ліпкі і Альбянкі. Працуе профільны 10-ы аграрны клас. Яго вучні таксама вывучаюць на павышаным узроўні беларускую мову і біялогію, а 11-класнікі — англійскую і нямецкую мову, а таксама гісторыю Беларусі.
Акрамя гэтага, Анастасія Дзмітрыеўна з задавальненнем адзначыла, што сёлета ў школе працуюць шэсць маладых настаўнікаў — хто першы, а хто другі год, і ім заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу больш вопытныя калегі, якія аддалі школе ўжо ад 20 да 30 гадоў.
Дарэчы, на наступны год па папярэдніх разліках у першы клас Карцэвіцкай СШ прыйдуць 10 маленькіх вучняў, і гэта вельмі добра, таму што, як даўно заўважана ў народзе, вёска жыве, пакуль у ёй жыве школа.
Па тым жа баку вуліцы Піянерскай, дзе стаіць установа адукацыі, праз адзін дом знаходзіцца Карцэвіцкі ФАП, якім загадвае Ганна Кунец. У мінулым годзе тут быў праведзены рамонт, установа аснашчана ўсім неабходным згодна з табелем абсталявання.
Сёння Карцэвіцкі ФАП абслугоўвае чатыры населеныя пункты — Малева, Карцэвічы, Сычэва, Альхоўку, — а гэта 589 чалавек, з якіх 116 дзяцей, 106 адзінокіх, 2 чалавекі старэйшыя за 90 гадоў. Работы, па прызнанні Ганны Мікалаеўны, хапае: прыёмы пацыентаў на месцы, абслугоўванне выклікаў дома, патранажы немаўлят, інвалідаў, адзінокіх людзей пажылога ўзросту, планавая дыспансерызацыя мясцовага насельніцтва, дыягностыка анкалагічных, сардэчна-сасудзістых і іншых захворванняў — усяго і не пералічыць.
— Працоўны дзень у мяне доўжыцца з 8 да 15 гадзін, і ў сярэднім за дзень на прыём звяртаецца чалавек 15, плюс можа быць ад 2 да 7 выклікаў на дом. Хаця кожны дзень па-рознаму складваецца, — расказвае Ганна Кунец. — Безумоўна, сёння фельчару вельмі важна быць не толькі кваліфікаваным спецыялістам, але і ўмець знайсці падыход да кожнага чалавека.
А вось калі хвораму патрэбна кансультацыя ўрача, загадчык Карцэвіцкага ФАПа Ганна Кунец выклікае на дом урача паліклінікі. Акрамя гэтага, раз у месяц на ФАП па графіку прыязджае ўрач агульнай практыкі, а таксама працуе перасоўны медыцынскі комплекс. За ўчасткам замацаваны ўрач агульнай практыкі Мікіта Аляксандравіч Макараў і педыятр Анастасія Дзмітрыеўна Кабакова. Пры неабходнасці фельчар можа запісаць пацыентаў і на прыём да вузкіх спецыялістаў паліклінікі.
Вядома, што для падтрымання здароўя патрэбны не толькі лекі, але і добры настрой, цікавы занятак для душы. З гэтым у Карцэвічах таксама няма праблем, бо ў мясцовым доме культуры заўсёды рады ўсім, хто хоча тым ці іншым чынам праявіць свой талент.
— Зона абслугоўвання нашага клуба ўключае 1192 чалавекі з вёсак Саска Ліпка, Альбянка, Альхоўка, Сычэва, Малева і саміх Карцэвіч, — гаворыць загадчык установы Марына Шумейка. — Працуюць шэсць аматарскіх аб’яднанняў, з іх два — для дарослых (сямейны клуб “Надзея” і студыя сольнага выканання) і чатыры — для дзяцей. Гэта аматарскае аб’яднанне з тэатральным уклонам “Непаседы”, студыя эстраднага спеву “Вясёлка”, дзіцячая вакальная група “Дамісолька” і этнаграфічны гурток “Хвілінка”. Кожную суботу да 23 гадзін у нас праходзяць танцавальныя вечары для падлеткаў і моладзі, жадаючыя могуць прыйсці пагуляць у тэніс.
Дарэчы, тут ужо сёння думаюць пра юбілейнае свята вёскі, якое будзе адзначацца ў жніўні наступнага года, калі споўніцца 420 гадоў з дня першага ўзгадвання Карцэвіч у афіцыйных дакументах.
У бліжэйшых планах — справаздачны канцэрт, які пройдзе 22 снежня ў форме абсалютна новага, арыгінальнага мерапрыемства пад назвай “Дзень рыбака”. Падрабязнасці раскрываць не будзем, каб не сапсаваць сюрпрыз.
Марына Вячаславаўна таксама з вялікай удзячнасцю адзначыла, што сёлета значна палепшылася матэрыяльная база СДК: у глядзельную залу закуплены мяккія камфортныя крэслы, для догляду тэрыторыі — электрычная газонакасілка, для правядзення мерапрыемстваў з дзецьмі з’явіўся плазменны тэлевізар. РЦК перадаў камплект апаратуры, а спонсар — ТАА “Баркоў-Агра” — дапамог з пакупкай радыёмікрафонаў з мікшарным пультам.
Яшчэ мая суразмоўца выказала пажаданне, каб у яе ўстанове з’явіўся спецыяліст па харэаграфіі, таму што ёсць шмат дзяцей, якія жадаюць займацца танцамі, і лепш было б, каб з імі працаваў дасведчаны чалавек, якому тут будуць вельмі рады.
Развітаўшыся з прыязнай загадчыцай Карцэвіцкага СДК, я накіравалася далей па вуліцы Савецкай, дзе на скрыжаванні з вуліцай Паркавай стаяць побач пошта і магазін.
У невялікім, але ўтульным памяшканні першага аб’екта якраз была на працы спецыяліст паштовай дзейнасці пункта паштовай сувязі “Карцэвічы” аддзялення паштовай сувязі “Аношкі” Людміла Чарнабай.
— У асноўным сюды прыходзяць, каб заплаціць за розныя паслугі, пакласці грошы на тэлефон, набыць розныя тавары, якія мы маем права прадаваць, а таксама купіць ці выпісаць перыядычныя выданні, — патлумачыла Людміла Леанідаўна. — Самы багаты на наведвальнікаў дзень — гэта субота, калі ў многіх выхадны, а я на рабоце.
На пытанне, што ж вяскоўцы выпісваюць часцей за ўсё, мая суразмоўца, да нашага гонару, адказала, што гэта менавіта “Нясвіжскія навіны”. Афармляюць падпіску і на “Савецкую Беларусь”, “Звязду”, “Аргументы і факты”, “7 дзён”, “Талаку” і іншае, аднак лідарства бясспрэчна ў “раёнкі”. Што і казаць, пачуць гэта было вельмі прыемна.
Завяршылася маё падарожжа па Карцэвічах сельскім магазінам, дзе пакупнікоў у той дзень абслугоўвала яго абаяльная загадчыца і па сумяшчальніцтву мясцовая жыхарка Алена Цвірко.
— Наш магазін належыць ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”, — патлумачыла Алена Віктараўна. — Людзі могуць тут знайсці ўсё неабходнае не горш, чым у горадзе. Напрыклад, хлебабулачныя вырабы мы завозім з Нясвіжа, Слуцка, Баранавіч. Малочную прадукцыю пастаўляе таксама Слуцкі малочны камбінат і “Савушкін прадукт”. Мяса-каўбасныя вырабы прапануем больш за ўсё сваіх вытворцаў — “Свеклавічнай”, “Лані-Нясвіжа”, агракамбіната “Сноў”, а таксама Слонімскага і Дзяржынскага мясакамбінатаў. Вельмі шмат рознага марожанага, сокаў, напояў. Каму трэба мыйныя сродкі, посуд, нават дзіцячыя цацкі — усё можна знайсці ў нас.
Калі дадаць сюды, што магазін працуе кожны дзень без выхадных з 9 раніцы да 8 вечара, то становіцца зразумелай яго папулярнасць у мясцовых і праезджых пакупнікоў.
У Нясвіж я вярталася, праяз- джаючы самай новай вуліцай аграгарадка — Паркавай, паабапал якой стаяць дамы, пабудаваныя па Прэзідэнцкай праграме 15 — 20 гадоў таму. У іх жывуць сем’і, растуць дзеці. І вельмі хочацца, каб яны разумелі, як ім пашанцавала з месцам жыхарства, каб яны выраслі сапраўднымі патрыётамі сваёй малой радзімы.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
#нашалепшае