У мінулую суботу ў Калекцыйнай зале Нясвіжскага замка адкрылася часовая экспазіцыя ірландскіх карункаў Вольгі Старасцінай “Звяжам свет прыгажосцю”, якая стала ўжо традыцыйнай.
Пастаянныя чытачы нашай газеты маглі заўважыць, што сёлета гэта выстава адзначае свой першы — пяцігадовы юбілей. Тым жа, хто чуе пра яе ўпершыню, патлумачым, што экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў з работамі майстроў членаў міжнароднай школы аматараў ірландскіх карункаў пад кіраўніцтвам аўтара міжнароднага праекта і заснавальніка школы Вольгі Старасцінай, а таксама з работамі самой Вольгі, удзельніцы шматлікіх міжнародных выстаў. Яна стварае кручком калекцыйныя вырабы класа “люкс” у старадаўняй тэхніцы ірландскіх карункаў. Яе працы атрымалі высокую ацэнку ад майстроў каралеўскага двара Вялікабрытаніі. 3 2016 г. Вольга Старасціна зарэгістраваная ў міжнароднай арганізацыі каруначніц, яна выдала ўласны часопіс па сучасных ірландскіх карунках.
Па традыцыі, выстава “Звяжам свет прыгажосцю” дзейнічае ў Нясвіжскім замку напярэдадні Калядных свят. Сёлетняя экспазіцыя стала фіналам аднайменнага міжнароднага праекта, які азнаменаваўся стварэннем апошняй сукенкі з серыі “Поры года” — “Зімы”. Нагадаем, што гэту серыю Вольга Старасціна распачала яшчэ ў 2021 годзе. Тады быў прадстаўлены першы шэдэўр з гэтага цыклу — “Вясна”. Дарэчы, і “Вясну”, і “Лета”, і “Восень” можна зараз таксама пабачыць у Калекцыйнай зале замка. Усе гэтыя эксклюзіўныя вырабы ствараліся майстрыхамі з розных краін, што яшчэ раз падкрэслівае тое, што любоў да прыгожага аб’ядноўвае людзей незалежна ад іх нацыянальнасці і грамадзянства.
І вось нарэшце аматары вытанчанай ручной творчасці змогуць палюбавацца і на “Зіму” — чароўны ўбор, выкананы ў адценнях белага і блакітнага. Ён нібы спецыяльна створаны для таго, каб той, хто на яго глядзіць, супыніў мітуслівыя думкі, супакоіў трывогу і ўпусціў у сваё сэрца навагоднюю казку.
Вядома, бела-блакітная “Зіма” — не адзінае, чым захапляе сёлетняя выстава. На ёй яшчэ прадстаўлены карункавыя парасончыкі і вееры, таксама створаныя майстрыхамі з розных краін свету — Беларусі, Украіны, Расіі, Канады. Іх далікатнае пляценне і пяшчотныя колеры таксама нібы магнітам прыцягвалі позіркі гледачоў, у якіх выразна чыталася захапленне і радасць ад магчымасці сузіраць такія незвычайныя рэчы.
Аб сваім захапленні я папрасіла расказаць майстрых — удзельніц выставы.
Святлана Грышына, г. Масква:
— Я з дзяцінства ўмею вязаць кручком, але менавіта ірландскімі карункамі захапілася каля шасці гадоў таму, калі на прасторах інтэрнэту пазнаёмілася з Вольгай Старасцінай. Яны патрабуюць вялікага майстэрства і выконваць вырабы ў гэтай тэхніцы вельмі цікава, таму што ты адчуваеш, што расцеш, як творца. Да таго ж, вязаныя рэчы ізноў уваходзяць у моду, і гэта недарэмна — яны дадаюць жанчынам далікатнасці і прыгажосці.
Ірына Сталярова, г. Мінск:
— У 2018 годзе я пазнаёмілася з Вольгай Старасцінай на жывым майстар-класе і дзякуючы ёй захапілася ірландскімі карункамі. Да гэтага я вязала і кручком, і спіцамі, але цяпер ірландскія карункі сталі маім асноўным хобі. Я кожны год удзельнічаю ва ўсіх праектах Вольгі, і ўсведамленне таго, што ў цудоўных сукенках з серыі “Поры года” ёсць і мая праца, вельмі радуе. Думаю, што кожнаму трэба мець нейкае сваё захапленне, тады намнога цікавей жыць!
— У розныя гады мы выстаўлялі розныя прадметы, — адзначыла ў нашай гутарцы аўтар і ідэйны натхняльнік выставы Вольга Старасціна. — Гэта былі ёлачныя шары, карункавыя лямпы, маскі і пальчаткі, каўнерыкі і нават сумачкі. Ну і, вядома, пачынаючы з 2021-га, штогод з’яўлялася новая сукенка з серыі “Поры года”. Я распрацоўвала яе дызайн, адпраўляла майстрыхам яго дэталі, а пасля таго, як яны ўжо зробленыя прыходзілі да мяне па пошце, злучала іх у адно той самай непаўторнай сетачкай, якая ёсць толькі ў ірландскіх карунках.
Дарэчы, да фінішу праекта “Поры года” прыйшлі толькі дзевяць майстрых, хаця напачатку іх было больш за 30. Іх адданасці свайму захапленню, якое ў выніку прынесла столькі радасці людзям, можна толькі нізка пакланіцца. Гэта дзве беларускі — сама Вольга Старасціна і Ірына Сталярова, украінка Аксана Садоўнік, расіянкі Галіна Мошкіна, Віялета Сіманава, Святлана Грышына, Аксана Каут, Наталія Ганчарова, Святлана Палякова, а таксама Любоў Шахімарданава з Канады.
Гэтыя ж майстрыхі удзельнічалі і ў стварэнні карункавых веераў і парасончыкаў.
Часовая экспазіцыя ірландскіх карункаў Вольгі Старасцінай “Звяжам свет прыгажосцю” будзе дзейнічаць у Калекцыйнай зале палацавага ансамбля да 21 студзеня наступнага года. Не прапусціце магчымасць акунуцца ў казачную атмасферу старажытнага майстэрства!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.