Меню
Курс $  3.27 | €  3.44 | ₽100  3.37 |
Погода 4 °C

Мастацтва, звязанае з Нясвіжам

Нясвіжскія навіны 2 месяца назад 0 87

Пост опубликован: 04.12.2024

У мінулую пятніцу ў Вялікай выставачнай зале Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” адбылося ўрачыстае адкрыццё выставачнага праекта “Не пакiдай мяне, мой светлы сум” скульптараў Льва і Сяргея Гумілеўскіх.

Знакамітыя на ўвесь свет скульптары Гумілеўскія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва XX-XXI стагоддзяў. На працягу больш за чвэрць стагоддзя Леў Мікалаевіч і Сяргей Львовіч працавалі ў творчым саюзе, іх лёсы і мастацтва непарыўна звязаны з Нясвіжам. Іх творы, прасякнутыя любоўю да беларускай зямлі, вядомыя не толькі ў роднай краіне, але і за яе межамі.



Леў Гумілеўскі, з’яўляючыся прыхільнікам традыцыйнай скульптуры, прыўносіў у свае працы глыбокую цеплыню і дэталёвасць, пэўную ўнутраную цэласнасць, што рабіла іх жывымі і ўражваючымі. Сваю любоў да Нясвіжа ён выказваў у стварэнні скульптур, прысвечаных нашаму цудоўнаму гораду. Леў Мікалаевіч быў узнагароджаны сярэбраным медалём імя Грэкава, медалём Ф. Скарыны, з’яўляўся лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. У 1991 г. яму было прысвоена званне “Народны мастак Беларусі”.

Сын Льва Мікалаевіча, Сяргей Львовіч Гумілеўскі — член Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы (2010 г.) — працуе ў манументальнай і станковай скульптуры. Творчае натхненне для працы ён чэрпае ў беларускай паэзіі, ствараючы творы, напоўненыя вобразамі і каштоўнасцямі роднай культуры. З дзяцінства скульптар цікавіўся творчасцю вядомых беларускіх аўтараў Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, знаходзіў у ёй нязведаныя бакі. Ён стварае скульптуры-станы, у якіх перадае выявы песняроў беларускай зямлі і прыгажосць роднага краю. Сяргей Львовіч Гумілеўскі таксама беражліва захоўвае калекцыю твораў свайго бацькі.Мастацтва, звязанае з Нясвіжам

У рамках выставачнага праекта “Не пакiдай мяне, мой светлы сум” прадстаўлена больш за 60 работ — персанальных скульптур Сяргея Львовіча і Льва Мікалаевіча, а таксама работы сумеснага аўтарства, творы, натхнёныя прыгажосцю роднай зямлі, працы, прысвечаныя Нясвіжу, выявы дзеячаў беларускай культуры. Шэраг работ Сяргей Львовіч прадставіў на часовай экспазіцыі ўпершыню.

Гэты выставачны праект стаў важнай падзеяй як для прыхільнікаў творчасці Гумілеўскіх, так і для ўсіх знаўцаў мастацтва. Госці змаглі пагрузіцца ў свет, створаны рукамі двух майстроў, звязаных не толькі кроўнай роднасцю, але і адзіным бачаннем мастацкай канцэпцыі свету. Кожная праца, прадстаўленая на выставе, расказвае ўнікальную гісторыю, адлюстроўваючы светабачанне мастака і дух часу.

Падчас урачыстага адкрыцця выставы аб значэнні творчасці Льва і Сяргея Гумілеўскіх гаварыў дырэктар Нацыянальнага музея-запаведніка “Нясвіж” Дзмітрый Яшчанка.
Аб візіце ў майстэрню Льва Гумілеўскага ўзгадаў першы намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Афанасік. Ён выказаў спадзяванне, што скульптура Льва Гумілеўскага “Адзінства веры”, прысвечаная двум славутым святарам Нясвіжа — ксяндзу-прэлату Рыгору Каласоўскаму і протаіерэю Дзмітрыю Хмелю, яшчэ ўпрыгожыць наш горад. Знойдзе сваё месца і памятная дошка Мікалаю Радзівілу Сіротку — заснавальніку каменнага Нясвіжа — і архітэктару Яну Марыі Бернардоні, па праектах якога ўзводзіліся самыя знакамітыя будынкі горада.
Ганаровы генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў выказаў прапанову да гарадскіх уладаў надаць імя Льва Гумілеўскага Нясвіжскай дзіцячай школе мастацтваў, а таксама назваць яго прозвішчам адну з вуліц горада.

Сваімі ўражаннямі аб творчасці Льва і Сяргея Гумілеўскіх па- дзяліліся таксама старшыня Беларускага саюза архітэктараў па Мінскай вобласці, член Мінскага абласнога савета па манументальным мастацтве, дырэктар творчай майстэрні Юрый Самойлік, мастак Аляксандр Суша, мастацтвазнаўца Пётр Васілеўскі, краязнаўца Наталля Плакса. Наталля Васільеўна, дарэчы, расказала аб сваіх тэлефонных трохдзённых гутарках, якія яна вяла са Львом Мікалаевічам, каб сабраць інфармацыю пра яго для публікацыі ў газеце. І падчас адной з гэтых размоў вялікі скульптар сказаў памятныя і вельмі сімвалічныя словы: “Нясвіж — мая духоўная радзіма”. І хаця нясвіжскі перыяд жыцця вялікага творцы быў нядоўгі — з 1944-га па 1949 год, у гэты час таленавіты юнак паспеў павучыцца ў мясцовай студыі выяўленчага мастацтва, якой у той час кіраваў Міхась Сеўрук — беларускі жывапісец і графік, прадстаўнік Віленскай мастацкай школы.
Пазней у лёсе Гумілеўскага былі такія знакамітыя настаўнікі, як Аляксей Глебаў і Андрэй Бембель, але свайго першага настаўніка Леў Мікалаевіч узгадваў усё жыццё і перадаў па спадчыне любоў да Нясвіжа сваім родным. Менавіта нашаму гораду ён падарыў некалькі скульптур: кампазіцыю “Русалка”, бюсты Юрыя Нясвіжскага, Мікалая Хрыстафора Радзівіла (Сіроткі) і Уладзіслава Сыракомлі на Алеі Памяці ў старадаўнім парку.

Пра ўсё гэта і многае іншае і было ўзгадана падчас урачыстага адкрыцця выставы. Яно завяршылася вельмі цікавай аўтарскай экскурсіяй, якую правёў Сяргей Гумілеўскі.

Для аматараў творчасці слынных беларускіх скульптараў нагадаем, што выстава “Не пакiдай мяне, мой светлы сум” будзе дзейнічаць па 6 красавіка наступнага года.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!