Нездарма кажуць, што ў песні змяшчаецца душа народа. Сапраўды гэта так, і калі разглядаць беларускую народную песню, у ёй можна ўбачыць усю тую палітру пачуццяў, якая толькі можа змясціцца ў сэрцы чалавека. Тут і смутак, туга, і заўзятая весялосць, і гарэзлівасць, і тонкі гумар… Пачуеш знаёмы і блізкі матыў — і быццам сама душа адклікаецца на яго. Такія мы, беларусы, і ёсць — спакойныя і памяркоўныя, вясёлыя і рухавыя. Якая душа, такія і песні.
Амаль што ніводнае свята на Нясвіжчыне не абыходзіцца без выступлення ансамбля народнай песні “Суседзі” з аграгарадка Грыцкевічы. Іх чакаюць, а кожная песня ў іх выкананні завяршаецца гучнымі апладысментамі. Інакш і быць не можа, бо ўдзельнікі калектыву да сваёй справы падыходзяць з душой, а слухачоў сваіх любяць і паважаюць. Кожны раз яны дораць нам добры настрой і адчуванне таго, што хочацца слухаць іх галасы яшчэ і яшчэ. І сёння, шаноўныя чытачы, тэматычны прает “Старана мая, старонка” бу- дзе прысвечаны менавіта гэтым душэўным, таленавітым і адданым сваёй справе людзям — творчаму калектыву ансамбля “Суседзі”.
— Наша гісторыя пачалася ў 2009 годзе, — расказвае намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце ААТ “Грыцкевічы” і ўдзельніца творчага калектыву Алена Леўшык. — Ідэя з’явілася неяк раптоўна. Былы кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Малахвей неяк сабраў калектыў для таго, каб абмеркаваць дэталі правя- дзення мерапрыемства. І падчас гутаркі, задаў пытанне: чаму мы запрашаем чужыя калектывы, хіба мы свой стварыць не можам? А сапраўды, чаму? Таленавітых людзей хапае і ў нашай мясцовасці. З такога пытання ўсё і пачалося. Праз некаторы час у нас ужо была арганізавана вакальная група.
У першапачатковы склад калектыву “Суседзі” увайшло 18 чалавек, усе свае, мясцовыя. Прыходзілі і сямейнымі парамі. Алена Аляксееўна некалі таксама прышла разам з мужам. Дарэчы, яны і па сённяшні дзень спяваюць разам.
— Безумоўна, мы ўсе хваляваліся, — успамінае мая гераіня. — І не дзіўна гэта: ні ў кога не было музычнай адукацыі, усё развучвалі толькі апіраючыся на свой слых. Нашым мастацкім кіраўніком стаў Юрый Кабяк. І для яго гэта таксама быў своеасаблівы шок — людзей назбіралася, але з чаго ж пачынаць?! Час ішоў і праз некалькі месяцаў усё пайшло на лад, мы развучылі песні, заказалі сцэнічныя касцюмы і пакрысе пачалі выступаць. Першае наша выступленне па-за межамі мясцовага Дома культуры адбылося на Дажынках у Высокай Ліпе. Як сёння памятаю, выконвалі песню “Івушка”. Насамрэч, мы вельмі хваляваліся і перажывалі, ці атрымаецца, ці прымуць нас слухачы. І колькі мы не выходзілі на сцэну пасля гэтага, такіх пачуццяў больш не было. Бачыце, і праз 15 гадоў я помню той дзень і тое выступленне.
“Суседзі” ў гэтым годзе святкуюць юбілей — 15 гадоў са дня стварэння калектыву. Шмат чаго змянілася за гэты час, ды і склад гурту памяняўся, але касцяк з тых, самых першых спевакоў усё ж застаўся. Сёння ў калектыве 9 удзельнікаў. Але гэта людзі сапраўды апантаныя сваім захапленнем, любімай справай. А інакш і быць не можа: у кожнага з удзельнікаў ёсць сваё асноўнае месца работы, дом, уласная гаспадарка. Удзел у творчым калектыве — занятак для душы. Але ці такі ён просты? Для таго, каб дасканала падрыхтавацца, мала таго, што патрэбна дастаткова часу, неабходна прыкласці яшчэ і значныя намаганні. За паўтара дзясятка гадоў калектыў вырас творча і прафесійна. З цягам часу удасканаліўся не толькі рэпертуар, але і прафесійнае майстэрства выканаўцаў.
— У асноўным мы выконваем народныя песні, — зазначае Алена Леўшык. — Падборам рэпертуару займаецца Таццяна Кабяк. І падыходзіць да гэтага яна вельмі сур’ёзна, стараецца, каб музычныя кампазіцыі не паўтараліся ад канцэрта да канцэрта. Людзі прыходзяць паслухаць наша выкананне, нешта новае. І нам хочацца парадаваць слухача, а часам і здзівіць. Наш калектыў удзельнічае ва ўсіх святах, якія праводзяцца ў Грыцкевічах. Праграма у нас сапраўды вельмі насычаная, бо акрамя мясцовых выступленняў, удзельнічаем амаль ва ўсіх раённых мерапрыемствах.
На пытанне аб тым, чаму творчы калектыў носіць такую назву, Алена Аляксееўна з добрай усмешкай адказвае:
— А хто ж мы яшчэ, як не суседзі?! Мы амаль усё жыццё побач, добра ведаем адзін аднаго, а некаторых больш маладых удзельнікаў — увогуле з самага дзяцінства. І адносіны ў нашым калектыве найлепшыя. За гады сумеснай творчай працы мы сапраўды быццам свае ўсе паміж сабой. Перажываем адзін за другога, смуткуем разам, і радасці раздзяляем сумесна. Творчасць не толькі аб’ядноўвае, але быццам звязвае людзей. І сувязь гэта прасціраецца далёка за межы агульнай дзейнасці. Мы сапраўдныя сябры, і калі камусьці трэба дапамога — неадкладна яе акажаш.
У Грыцкевіцкім сельскім доме культуры ёсць яшчэ і тэатр мініяцюр “Люстэрка жыцця”. Яго стваральнік і нязменны кіраўнік — загадчык Грыцкевіцкага СДК Людміла Гадун. Творчы калектыў “Суседзяў” у поўным складзе задзейнічаны яшчэ і ў спектаклях. Праўдзівыя, шчырыя і такія простыя карціны жыцця, прадстаўленыя ўдзельнікамі тэатра, проста не могуць пакінуць гледачоў абыякавымі. Простыя, але такія захапляльныя сюжэты, выкананыя артыстамі настолькі прафесійна і дасканала, знаходзяць водгук у сэрцы кожнага, хто дакрануўся да іх творчасці.
Дарыць людзям радасць — іх прызначэнне, хобі, якое з цягам часу стала своеасаблівым ладам жыцця. Артысты выходзяць на сцэну — і мы чуем іх чароўныя галасы, з асалодай ловім кожнае слова іх песень, захапляемся прыгажосцю і дасканалым выглядам касцюмаў. Мы бачым вынік іх паўсядзённай працы, а за ўсім гэтым — дні і тыдні карпатлівай работы, рэпетыцыі… У кожнага з іх ёсць уласнае жыццё, са сваімі паўсядзённымі клопатамі і перажываннямі. Але разам яны — “Суседзі”, а гэта — сапраўдны знак якасці!
Ірына ЕФІШОВА.