Меню
Курс $  3.14 | €  3.45 | ₽100  3.81 |
Погода 9 °C

На роднай зямлі нельга працаваць дрэнна

Нясвіжскія навіны 4 месяца назад 0 65

Пост опубликован: 30.11.2024

“Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся” — такі жыццёвы дэвіз трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” Віталя Прушынскага.

Карэнны жыхар вёскі Малева, ён скончыў Карцэвіцкую сярэднюю школу і пасля паступіў у Ляхавіцкі аграрны каледж на заатэхніка, але правучыўся там толькі паўгода.
— Хутка адчуў, што гэта не маё, — узгадвае пачатак свайго працоўнага шляху Віталь Валер’евіч. — Паспрабаваў сябе ўгава- рыць, але душу не падманеш, калі яна больш ляжыць да зямлі, чым да жывёлы. Таму вярнуўся ў сваю гаспадарку (тады яшчэ гэта быў СВК “Радзіма”) і атрымаў правы трактарыста-машыніста.



З таго часу неўзаметку прайшло 20 гадоў. Ворыва, культывацыя, касьба траў, унясенне ўгнаенняў — гэтыя і іншыя работы мой суразмоўца выконваў і выконвае з нязменнымі стараннасцю і акуратнасцю. Пачынаў з “класічных” МТЗ-80 і 82, затым працаваў на больш сучасных. Зараз за Віталем Прушынскім замацаваны “МТЗ 35-22”, які ён даглядае, як лепшага сябра, каб не падвёў у напружаны час.

Узгадваючы сельскагаспадарчы год, які нядаўна завяршыўся, мой суразмоўца гаворыць, што ён пачаўся для яго з ворыва, затым механізатар быў заняты на ўнясенні арганікі, на культывацыі, на нарыхтоўцы кармоў і ізноў на ворыве пад асеннюю сяўбу і на зябліва.

— Характар у мяне такі — заўсёды зга- джаюся на любую работу, якую даюць, — з усмешкай гаворыць Віталь Валер’евіч у адказ на маё пытанне пра сакрэт працоўнага поспеху. — І ўсё стараюся зрабіць так, каб не было сорамна за вынік. Гэта ж родныя мясціны, родная зямля, на ёй нельга працаваць дрэнна. Яшчэ ў школе я ведаў, што нікуды не з’еду з яе і не пакіну роднае Малева. Для мяне гэта найлепшае месца ў свеце. Тут з дзяцінства жылі мае бацькі, тут я сам нарадзіўся і вырас, тут растуць і мае дзеці, ходзяць у мясцовую школу.
А вучыцца працавітасці малодшаму пакаленню Прушынскіх ёсць у каго і ёсць дзе — Віталь з жонкай трымаюць падсобную гаспадарку, а яна, як і прысядзібны ўчастак, патрабуе пастаяннага клопату. Таму адпачывае дбайны працаўнік толькі зімой.

— Зімовая рыбалка — адзінае, што магу сабе дазволіць, — дзеліцца жыццёвымі рэаліямі мой суразмоўца. — У іншыя поры года час ёсць толькі на працу, як не на рабоце, то дома.
Шматгадовае добрасумленнае стаўленне В.В. Прушынскага да сваіх абавязкаў не засталося незаўважаным: на нядаўнім раённым свяце работнікаў сельскай гаспадаркі і АПК ён атрымаў Падзяку старшыні Мінскага аблвыканкама. І, мяркуючы па даволі маладым узросце героя гэтага аповеду, самыя вялікія яго ўзнагароды яшчэ наперадзе.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!