Дзмітрый Ланкевіч пра свае старонкі аграрнай біяграфіі расказвае сціпла. Як і ва ўсіх, працоўны дзень механізатара пачынаецца на сельскагаспадарчым мехдвары, дзе ён разам з іншымі працаўнікамі правярае вузлы свайго кормаўборачнага камбайна. Круглы год адсюль даносяцца гул матораў і звон інструментаў і толькі зімой, калі палеткі адпачываюць, тут больш павольны рух. Нездарма кажуць, што ў сельскай гаспадарцы кожны дзень год корміць. А механізатары добра разумеюць, што максімальная нагрузка выпадае на іх, асабліва, калі трэба працаваць без выхадных і святаў.
— Цяжкасці ніколі не пужалі мяне. Прывучаны да працы быў з дзяцінства. Нас у бацькоў было трое. Маці працавала на свінаферме. Бацька Уладзімір Мікалаевіч сталярнічаў на пілараме ў гаспадарцы, — расказвае Дзмітрый Уладзіміравіч. — З дзяцінства памятаю, як яны стараліся для нас, дзяцей. З братам мы былі пагодкі, таму, напрыклад, веласіпеды куплялі абодвум. Колькі мною з’езджана іх было па дарогах Кунасы і суседніх вёсак! Вядома, і мы бацькам дапамагалі. Трэба было добра ўвіхацца па гаспадарцы, пакуль дарослыя на калгаснай працы. Сёння толькі ўспаміны пра тыя дні. Пра дзяцінства нагадваюць і мясцовыя краявіды, дзе ўсё, вядома, змянілася. Іншы раз толькі згадваеш: тут стаяла грыбаварня з кало- дзежам і спецыяльнымі паліцамі для нарыхтоўкі лясных дароў, а сюды — бегалі малымі глядзець на работу кавалёў: агонь у горане, гарачае жалеза, якое ў руках дужых кавалёў становіцца паслухмяным…
Дваццаць гадоў як пайшоў з жыцця бацька. Мама жыве. Іншы раз заязджаю да яе, каб адведаць. А так знаходзімся на сувязі пастаянна.
Пра яго маці, Ірыну Канстанцінаўну Ланкевіч, расказваць можна доўга. Яна —сапраўдны герой працы. У свой час яе імя славілася далёка за межамі Беларусі. Працавала свінаркай у калгасе. За добрасумленную працу была ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені і залатым медалём ВДНГ СССР “За поспехі ў народнай гаспадарцы”. Уручэнне ўзнагарод такога ўзроўню ў часы Савецкага Саюза было сапраўднай падзеяй для ўсяго рэгіёна. Ганарылася Ірынай Канстанцінаўнай і ўся сям’я.
Сёння перадавая калгасніца працягвае жыць у роднай Кунасе. А ўслаўляць сейлавіцкую зямлю працоўнымі поспехамі працягвае яе сын.
Працаздольнасць у сям’і Ланкевічаў, можна сказаць, спадчынная. Сям’я іх — самая простая і працавітая. Пачынаючы з юнацкіх гадоў, Дзмітрый стараўся ўнесці пасільны ўклад у сямейны бюджэт — працаваў летам у вольны ад вучобы час разам з іншымі хлапчукамі ў калгасе.
— Свой працоўны шлях я пачынаў адразу пасля заканчэння школы. У калгас мяне ўзялі слесарам машынна-трактарнага парка. Навучыўся разбірацца ў тэхніцы, многае браў ад бацькі і старэйшых таварышаў. Так прайшоў сваю “школу механізатара”, — дзеліцца мой суразмоўца.
Пасля Дзмітрыя чакала служба ў арміі. Вучэбка ў Львове, служба ў аўтамабільнай роце чыгуначных войскаў у горадзе Ужгарад, а пасля малады чалавек вярнуўся ў родную Беларусь, дзе вырашыў працягнуць свае старонкі аграрнай біяграфіі. Сеў за руль ГАЗ-52, працаваў на МТЗ-80. Яго транспартныя сродкі, якія мелі ўжо добры прабег, не падводзілі, бо малады механізатар кожную машыну стараўся падрыхтаваць да выезду на поле ці ферму. Усе работы, якія давяралі, Дзмітрый выконваў з адказнасцю. Цікавіўся ён і сталяркай, як бацька і дзед, любоў да гэтай справы яму перадалася, можна сказаць, на генетычным узроўні.
Майстар сваёй справы ён і за штурвалам кормаўборачнага камбайна.
— Кожны аграрны год не падобны на папярэдні, — зазначае Дзмітрый Уладзіміравіч. — Свае карэктывы ўносіць надвор’е, мяняюцца разнавіднасці культур у севазвароце, ідзе сортаабнаўленне. Нязменнымі застаюцца сельгасработы, якія даручаюцца нам, механізатарам. Менавіта ад таго, наколькі аператыўна і своечасова яны будуць выкананы, залежыць аддача палеткаў гаспадаркі. І тут кожны механізатар павінен якасна выканаць сваё заданне.
Бадай, няма ніводнай сельгасаперацыі, у якой Дзмітрый Ланкевіч не дабіўся высокай ступені майстэрства. Кожную работу ён стараецца выконваць якасна і з максімальнай аддачай.
Кожны новы аграрны сезон ён звыкла, па-майстэрску выконвае культывацыю глебы, потым чапляе кукурузную сеялку, пазней яго чакае ўборка траў на сянаж на працягу некалькіх укосаў, за ёю механізатар задзейнічаны на здрабненні саломы на рапсавых і збожжавых палях за камбайнамі, якая пасля ідзе на захоўванне.
Разумее, што многае залежыць і ад падрыхтоўкі тэхнікі да безаварыйных палявых работ, бо выкананне вытворчых задач — гэта своечасовая падрыхтоўка тэхнікі, як машыны, так і прычапнога абсталявання да яе, каб максімальна пазбегнуць паломкі ў полі, што дасць магчымасць не парушыць тэхналагічныя тэрміны, а значыць, атрымаць добры ўра-джай той ці іншай культуры.
Што тычыцца асабістых рэкордаў, працаўнік адносіцца да іх спакойна.
— За паказчыкамі я не ганюся. Проста стараюся працаваць сумленна, каб быў заробак, каб забяспечыць сваю сям’ю, дзе ёсць любыя жонка і дачка, якія шчыра радуюцца маім поспехам, — прызнаецца Дзмітрый Ланкевіч.
Просты сельскі працаўнік на высокія ўзнагароды ніколі не прэтэндаваў, але ўвагу з боку раённых улад, дзяржавы лічыць прыемнай. Ды і не дзіва, механізатар ААТ “Сейлавічы” аддана працуе ў сельскагаспадарчай вытворчасці шмат гадоў.
Зусім нядаўна да папярэдніх узнагарод Дзмітрыя Уладзіміравіча, атрыманых у розныя гады працы, дабавілася яшчэ адна. За працоўныя поспехі, прафесіяналізм і добрасумленныя адносіны да работы трактарыст-машыніст ААТ “Сейлавічы” Дзмітрый Ланкевіч узнагароджаны Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
Віншуем Вас, паважаны працаўнік сельскай гаспадаркі!
Іна ВАСІЛЕВІЧ.