Меню
Курс $  3.23 | €  3.48 | ₽100  3.25 |
Погода -1 °C

Па слядах знікаючых вёсак

Нясвіжскія навіны 1 час назад 0 5

Пост опубликован: 23.11.2024

Царства запусцення і маўчання. Увосень, па-асабліваму шчымліва, калі праязджаеш міма населенага пункта і разумееш, што калісьці тут жылі людзі, а цяпер — гэта кавалачак зямлі, парослы быльнікам. Выклікае сум выгляд знікаючых вёсак. Але чаму яны знікаюць? Хто ў іх жыў? Якія яны насілі назвы? Выміраюць вёскі ціха і неўзаметку, паступова сыходзячы з нашай памяці, хоць кожная з іх мае свой лёс.



Рэдакцыя газеты «НН» запускае новы цыкл матэрыялаў аб вёсках Нясвіжчыны, якія зніклі або адыхо- дзяць у нябыт. Колькі іх? Адна, дзве… Вярнуць зніклыя вёскі не ў нашых сілах, але захаваць памяць аб іх мы павінны. Можа, яшчэ засталіся людзі, якія нарадзіліся там, іх дзеці, унукі, праўнукі — тыя, для каго гэтыя вёскі застануцца толькі казачнай краінай бесклапотнага дзяцінства, якая цяпер з’яўляецца толькі ў снах. На жаль, з кожнай зніклай вёскай губляецца і частка нашай духоўнасці, а гэта ж наша мінулае, без якога няма будучыні. Безумоўна, ёсць вёскі, дзе засталіся некалькі жылых дамоў, у якіх апошнія бабулі дажываюць свой век, а нейкія дамы выкарыстоўваюцца пад дачы. Але большую частку года ў гэтых вёсках таксама пануе бязмоўе.

Пляшэвічы. Першыя звесткі датычацца 1811 года, калі Пляшэвічы былі фальваркам Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў і знаходзіліся ў арэндзе ў Кучынскага. У 1843 годзе там было 12 дамоў, а да 1909 года іх колькасць павялічалася да 42 двароў, у якіх жылі 213 жыхароў. У 1940 годзе — гэта засценак з 49 дварамі і 334 жыхарамі. У 1955 годзе ў Пляшэвічах налічвалася 76 дамоў, насельніцтва — 285 чалавек.У пачатку нулявых там пражывалі толькі 20 жыхароў у 13 дварах. Да 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Лявонавіцкага сельсавета. Сёння асноўнай славутасцю вёскі з’яўляецца каталіцкая капліца Святога Юзафа на мясцовых могілках. Драўлянае збудаванне з’явілася ў 1920-х гадах, калі гэтыя тэрыторыі ўваходзілі ў склад Польшчы. Разабрана яна была ў 1954 годзе, але адноўлена ў 1990-х палякамі, чые продкі захаваны тут. Па суседстве з вёскай размешчана база адпачынку. Зараз у Пляшэвічах жыве толькі адзін чалавек.

Па слядах знікаючых вёсакПа слядах знікаючых вёсак

Мысліва. У 1764 годзе — засценак Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў у Навагрудскім ваяводстве ВКЛ. Па афіцыйных дадзеных у 1897 годзе ў Мысліва пражывалі 53 вяскоўца,потым у 1909 годзе вёска павялічваецца — там жывуць 72 чалавекі. Але ў 1940-м — гэта ўжо засценак на 17 двароў і 59 жыхароў, у 1952 годзе — 16 двароў і 38 жыхароў. У пачатку 2000-х — 2 двары і 4 жыхары. Зараз у вёсцы ніхто не жыве, а 2 дамы выкарыстоўваюцца як дачныя.

Хрыпкава. У 1827 годзе гэта маёнтак у Слуцкім павеце, які належаў Ф.А. Гутаровічу. У 1897 годзе на месцы сучаснай вёскі знаходзіліся вёска Хрыпкава (яна ж Кутляны) і 5 аднаіменных фальваркаў. У 1909 годзе — гэта фальварак на 6 двароў, у якіх пражывалі 63 жыхары, у 1921 — аколіца на 14 двароў і 103 жыхары. Да 1939 года вёска знаходзілася ў складзе Польшчы. У 1940 годзе там пражывалі 93 жыхары, у 1955-м — 123, а ў 2001 — толькі 7 чалавек. Зараз там ніхто не жыве. На ўсю вёску чатыры дамы: два — пустуюць, адзін выкарыстоўваецца пад дачу і адзін дом аднаўляецца.
Мяняем напрамак — і зараз мы ў Сноўскім сельсавеце.Па слядах знікаючых вёсак

Сынгалы. У 1889 годзе Сынгалы — вёска Сноўскай воласці Навагрудскага павета, а побач знаходзіўся аднаіменны фальварак Сынгалы (Ігнацічы), які належыў А. Берсеневічу. У 1897 годзе ў вёсцы было 11 двароў і пражывалі там 79 жыхароў, млын — 2 чалавекі, фальварак — 1 двор і 6 жыхароў. Таксама да 1939 года Сынгалы, як і многія населеныя пункты Нясвіжчыны, знаходзіліся ў складзе Польшчы і ў 1940 годзе насельніцтва вёскі налічвала 113 жыхароў. Праз 60 год засталося 6, а на сённяшні дзень замест вёскі — поле.Па слядах знікаючых вёсак

Супрунавічы. Аб тым, што тут калісьці жылі людзі ўзгадвае толькі малочнатаварная ферма. А ў 1870 годзе яна налічвала 80 душ толькі мужчынскага полу. На 1909 год там пражывалі 310 чалавек, у 40-м — 419. У 1950 годзе 20 вясковых гаспадарак аб’ядналіся ў калгас “Світанне”, з 51-га года вёска была ў складзе ўзбуйненага калгаса “Беларусь”. Але росквіт быў нядоўгім — у 2001 годзе Супрунавічы — вёска на 6 двароў, ў якіх пражывалі 7 чалавек. Зараз — зноў жа поле… Апошні дом на ўзгорку знесены нядаўна.
Прыемна, што жывая цікавасць народа да сваёй малой радзімы, да свайго жыцця, зямлі, дзе ён нарадзіўся і жыве ўзрасла ў апошнія гады. Многія сталі цікавіцца жыццём продкаў. Кім яны былі? Дзе і калі яны жылі? Знайсці дакладныя адказы з цягам часу становіцца цяжэй — няма тых, хто памятае, але калі не захаваць гэтага зараз, аднавіць ужо будзе немагчыма.
Зразумела, што вёскі могуць паміраць, як і людзі, але і даўгалецце залежыць толькі ад нашай памяці.

Святлана
РЫЖАКОВА-ЛУЦЭВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!