17 гадоў таму Нясвіжчына стала другой радзімай для ўраджэнца Гродзеншчыны Уладзіміра Мітроня. Тады, у 2007-м годзе, ён прыехаў разам з жонкай па размеркаванні ў СВК “Агракамбінат Сноў” пасля заканчэння Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Як расказвае сам Уладзімір Міхайлавіч, “Сноў” ужо быў яму знаёмы — яшчэ будучы студэнтам 4 і 5 курса ён праходзіў тут практыку і сваю дыпломную работу пісаў менавіта па гэтым сельгаспрадпрыемстве. Абараніў яе ён, дарэчы, на вышэйшы бал, скончыўшы акадэмію з чырвоным дыпломам.
Нядзіўна, што граматны малады спецыяліст быў з радасцю сустрэты ў агракамбінаце і ў сваю чаргу рабіў усё магчымае, каб апраўдаць аказаны яму давер. Першым месцам работы майго суразмоўцы ў агракамбінаце стаў МТК “Сычы”, дзе ён працаваў па сваёй прамой спецыяльнасці — ветэрынарным урачом. Праз год яго перавялі на птушкафабрыку на такую ж пасаду. Праз тры гады Уладзімір Мітронь стаў начальнікам птушкафабрыкі, аддаўшы гэтай працы яшчэ шэсць гадоў.
На пытанне, дзе працаваць было больш складана — з буйной рагатай жывёлай ці з птушкай, ён адказаў, што пачынаць у такой перадавой гаспадарцы, як “Сноў”, было адразу вельмі няпроста: вялікая колькасць жывёлы, яе высокая прадуктыўнасць патрабавалі асаблівых падыходаў, а тэорыя, якая прыгожая яна ні была б, не заўсёды супадае з практыкай. Аднак дзякуючы дасведчаным калегам — начальніку птушкафабрыкі Пятру Іванавічу Крайко, галоўнаму заатэхніку Мікалаю Анатольевічу Чарняўскаму, галоўнаму ўрачу Яўгену Аляксандравічу Туціну і старшыні праўлення Мікалаю Вячаслававічу Радаману — практычны вопыт з’явіўся хутка. А пераход на птушкаводства стаў чарговым выпрабаваннем на прафесіяналізм.
— Галіна хоць і таксама ветэрынарная, — узгадвае той час Уладзімір Міхайлавіч, — але больш аддаленая ад таго, што прыхо- дзілася вучыць у акадэміі, і ў той час такой вялікай увагі навука ёй не ўдзяляла. А да птушкі, вядома, патрэбны іншыя падыходы, чым да буйной рагатай жывёлы. Выгадаваць за 42 дні з 38-40-грамовага кураняці птушку вагой 2,7-2,8 кілаграма — гэта не так проста. Таму прыйшлося на два тыдні паехаць на птушкафабрыку “Дружба”, вучыцца там усім тонкасцям птушкагадоўчага працэсу — ад з’яўлення кураняці ў інкубатары да яго ператварэння ў дарослую птушку. Давялося пазнаёміцца з усімі спецыялістамі буйных птушкафабрык, пры дапамозе якіх знаходзілася выйсце са складаных сітуацый.
Адказнае стаўленне майго суразмоўцы да сваіх абавязкаў, яго адданасць справе не засталіся незаўважанымі: пасля кіраўніцтва птушкафабрыкай ён быў прызначаны галоўным заатэхнікам гаспадаркі, а ў маі 2020 года — намеснікам старшыні праўлення агракамбіната.
— Зараз мая галоўная задача — забяспечваць бесперабойнасць работы ўсіх цыклаў вытворчасці, пачынаючы ад зямлі і заканчваючы канчатковым вынікам, які кладзецца на паліцы нашых магазінаў, — так ахарактарызаваў свае сённяшнія абавязкі Уладзімір Мітронь. — І самы радасны для мяне момант у рабоце — бачыць, што твая праца ў спалучэнні з працай іншых людзей дала той вынік, якога чакалі. Гэта значыць, што ўсё было зроблена правільна, нічога не ўпушчана, тэхналогія вытворчасці захавана на ўсіх яе этапах. Тады і на работу хочацца ісці і, як кажуць мастакі, “ствараць”. Я лічу, што ўсе працаўнікі сельскай гаспадаркі — гэта таксама творцы, толькі яны ставараюць не на палатне, а на зямлі.
З гэтым цяжка не пага- дзіцца, як і з тым, што найлепшыя вынікі ў працы ўсё ж такі паказваюць тыя людзі, якія былі захоплены гэтай працай з дзяцінства. Напрыклад, мой суразмоўца, па яго словах, яшчэ ў школьныя гады вырашыў, што звяжа сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, а менавіта — з ветэрынарнай медыцынай.
— Я сам з сельскай мясцовасці, вырас у вёсцы, заўсёды любіў жывёлу, — прызнаецца Уладзімір Міхайлавіч. — У бацькоў была свая гаспадарка, я прывык да сялянскай працы і вырашыў, што больш за ўсё прынясу карысці людзям менавіта на гэтым шляху.
Дарэчы, менавіта праца была і застаецца яго галоўным захапленнем.
— За першыя паўтара гады работы ў “Снове” я развітаўся з рыбалкай, — дзеліцца ўспамінамі мой суразмоўца, — бо часу на яе проста не было — каб атрымаць у маёй рабоце вынік, неабходна працаваць не “ад” і “да”, а столькі, колькі трэба. А калі прыходзіш дахаты, то ў сваім доме (дарэчы, прадастаўленым гаспадаркай) і на ўчастку з агародам, дзвюма цяпліцамі і пладовымі дрэвамі работы хапае для ўсёй сям’і.
За добрасумленную плённую працу намеснік старшыні праўлення СВК “Агракамбінат Сноў” Уладзімір Мітронь на нядаўнім раённым урачыстым мерапрыемстве, прысвечаным прафесійнаму святу, быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. І, мяркуючы па яго адданасці сваёй справе, гэта далёка не апошняя яго ўзнагарода.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.