Як вядома, асноўная дзейнасць Нясвіжскай доследнай навуковай станцыі па цукровых бураках НАН Беларусі заключаецца ў навуковай рабоце па праблемах буракаводства, прапагандзе і садзейнічанні асваенню навуковых распрацовак у сельскагаспадарчай вытворчасці, у тым ліку — і ў насенняводстве збожжавых культур.
Як расказаў дырэктар станцыі Уладзімір Гнілазуб, за доследнай станцыяй замацавана 612 гектараў зямлі. З іх 408 га заняла збожжавая група: 91 га азімай пшаніцы, 98 — азімага трыцікале, 37,5 га — азімага ячменю і 65 — яравога, 75 га яравой пшаніцы, 44 — яравога трыцікале.
Азімая пшаніца сёлета дала 60 цэнтнераў з гектара, азімы трыцікале — 55. Больш за іншыя культуры пацярпеў ад спёкі і засухі яравы ячмень: 38 ц/га, азімы даў 40 ц/га. Яравой пшаніцы, як і ў мінулым годзе, атрымалі па 40 ц/га, яравога трыцікале — 44 ц/га. Сярэдняя ўраджай- насць збожжавых склала 47,2 цэнтнера з гектара, цукровых буракоў — 450 ц/га.
Сярод сартоў, якія высяваліся на станцыі, Уладзімір Паўлавіч адзначыў сорт азімага трыцікале “Гродна”, тры гады таму ўнесены ў рэестр сартоў і ўжо запатрабаваны на рынках Беларусі, азімай пшаніцы — “Амелія”, яравога трыцікале — “Дело” і “Новое”. Усе сарты — беларускай селекцыі.
На бурачных палетках былі пасеяны сумесны беларуска-расійскі гібрыд “РУП354ССС” і гiбрыд імпартнай тэхналогii “Канвіза Смарт”.
Паколькі доследная навуковая станцыя па цукровых бураках у датычнасці да збожжавых выступае як насенняводчая гаспадарка, то атрыманы на яе палетках ура- джай ідзе на вытворчасць высокіх рэпрадукцый насення — суперэліты і эліты. Гэта работа — адзін з важных накірункаў дзейнасці станцыі, якая прапаноўвае гаспадаркам Мінскай вобласці і не толькі ім высакаякаснае насенне са сваіх пітомнікаў размнажэння.
Трактарыст-машыніст доследнай навуковай станцыі па цукровых бураках Аляксей Кірэеў — карэнны несвіжанін, прадстаўнік сямейнай дынастыі работнікаў гэтага прадпрыемства. Яго бацька працаваў тут галоўным аграномам, і сын таксама вырашыў не адрывацца далёка ад роднай зямлі — пасля заканчэння Нясвіжскай СШ №2 (цяпер — Нясвіжская гімназія) паступіў у Клецкае ПТВ на спецыяльнасць “Трактарыст-машыніст”.
Пасля вучылішча адразу пачаў праца- ваць тут, на станцыі, якой аддаў ужо 30 гадоў жыцця, асвоіў усю неабходную тэхніку.
— Даводзілася араць, сеяць буракі і збожжавыя, уносіць гербіцыды і ўгнаенні, карацей кажучы, выконваць увесь спектр работ, — расказвае Аляксей Вячаслававіч. — Усе работы люблю аднолькава, усё стараюся зрабіць, як найлепш, каб нікога не падводзіць. Праца мая мне падабаецца за тое, што ты заўсёды знаходзішся ў руху, выконваеш розныя заданні.
Кіраўніцтва станцыі цэніць стараннага працаўніка, даверыла яму адразу дзве адзінкі тэхнікі: пагрузчык “Амкадор” і трактар “МТЗ 12-21”, на якіх ён выконвае ўсе заданні аднолькава адказна.
Трактарыст-машыніст доследнай навуковай станцыі па цукровых бураках Аляксей Раўгейша нарадзіўся і вырас недалёка ад Нясвіжа — у вёсцы Касмовічы ў сялянскай сям’і. Аляксей Іванавіч, як і яго таварыш па працы Аляксей Кірэеў, таксама скончыў Клецкае ПТВ, толькі па будаўнічым профілі, аднак усё ж такі пасля вырашыў уладкавацца бліжэй да зямлі і прыйшоў працаваць механізатарам на доследную станцыю.
— Мне ў маёй рабоце падабаецца ўсё, — прызнаўся ў нашай гутарцы мой суразмоўца, — сеяць, араць, уносіць угнаенні, рабіць усё, што скажуць.
Для таго, каб заданні выконваліся без збояў, Аляксей Іванавіч старанна даглядае свой пяцігадовы “МТЗ 20-22”. А калі заканчваецца рабочая змена, ён спяшаецца дадому — да жонкі, дзвюх дачок і блізнятаў-сыночкаў, якім і дома падае прыклад гаспадарлівасці і працавітасці.
Механізатар доследнай станцыі Аляксандр Ігнатчык працуе тут ужо 19 гадоў. Ураджэнец вёскі Чанавічы, з цягам часу ён пераехаў з сям’ёй у Заазер’е і памяняў палеткі роднай “Лані”, дзе адпрацаваў 11 гадоў, на землі доследнай станцыі. Апошняй, можна сказаць, пашанцавала, бо ў асобе Аляксандра Ігнатчыка яна набыла надзейнага і вопытнага працаўніка.
За гады работы на станцыі майму суразмоўцу давялося папрацаваць на збожжаўборачным камбайне “GS 12-18”, буракаўборачным камбайне “Аміці-300”, сеялцы “Бярэсце”, на трактары з разнастайнымі плугамі, культыватарамі, раскідвальнікамі ўгнаенняў. І ўсё гэта — з уласцівымі яму стараннасцю і акуратнасцю. Зараз за А.М. Ігнатчыкам замацаваны трактар “МТЗ 20-22”. А ў дзень, калі быў зроблены здымак, ён пачынаў прыводзіць у парадак пасля заканчэння ўборкі буракаўборачны камбайн “Аміці”.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.