Працаўнікі ААТ “Лань-Нясвіж” завяршаюць сельскагаспадарчы год на пазітыўнай ноце. І радавацца ёсць чаму — гаспадарка паказала добрыя вынікі.
— Што датычыцца раслінаводства, то паказчык вытворчасці збожжавых і зернебабовых склаў 16168 тон пры ўраджайнасці 65,50 ц/га, — расказвае намеснік кіраўніка Аляксандр Купрэвіч. — Акрамя таго, сёлета мы атрымалі 2402,290 тон рапсу, кукурузы намалочана 3870 тон пры ўраджайнасці 90 ц/га. У гэтым годзе было нарыхтавана 17239,7 тон сіласу і 12632 тоны сенажу. Неблагі атрымалі таксама і ўраджай цукровых буракоў —27145 тон. Пры гэтым сярэдняя ўраджайнасць гэтай культуры — 542,9 ц/га. Што датычыцца жывёлагадоўлі, то за 9 месяцаў бягучага года валавы надой малака склаў 62845,2 ц, прадукцыі свінаводства — 2752,9 тоны, ад вырошчвання буйной рагатай жывёлы — 451,6 тон.
Як бачым, вынікі істотныя, але іх не магчыма было б дасягнуць без зладжанай працы ўсяго калектыву прадпрыемства. Галоўныя спецыялісты, спецыялісты, заатэхнічная і ветэрынарная службы, трактарысты-машыністы, вадзіцелі, бухгалтары і эканамісты — усе яны робяць свой значны ўклад у агульную справу. Вялікае значэнне для дасягнення пастаўленых мэт мае тэхнічная мадэрнізацыя, якая пастаянна праводзіцца, і пашырэнне вытворчасці. Сёлета ў эксплуатацыю быў уведзены новы прафілакторый для цялят на 180 галоў на малочна-таварнай ферме “Лань”. Акрамя таго, пастаянна вядзецца абнаўленне вытворчых магутнасцей каўбаснага цэха, што дае магчымасць папаўняць асартымент прадукцыі і нарошчваць вытворчыя аб’ёмы. Яшчэ адзін сакрэт іх поспеху — клопат пра сацыяльную сферу гаспадаркі. Тут працуюць заслужаныя работнікі, якія перадаюць свой вопыт юнаму пакаленню. Штогод у ААТ “Лань-Нясвіж” прыходзяць маладыя спецыялісты. Прадпрыемства аказвае ім сацыяльную і прафесійную дапамогу. Таксама маладыя спецыялісты атрымліваюць даплату, а па вяртанні з войска яшчэ і дадатковую фінансавую дапамогу. Калі яны іншагароднія, то ім даецца службовае жыллё. Усе гэтыя фактары павышаюць матывацыю маладога пакалення працаўнікоў і спрыяюць іх замацаванню ў гаспадарцы.
Калі праца прыносіць задавальненне
Вадзіцель Уладзімір Траян заўсёды быў на добрым рахунку ў кіраўніцтва. І гэта зусім не дзіўна — ён любіць сваю работу, можна сказаць, што ў пэўнай ступені жыве ёю. Яго працоўная дзейнасць пасля заканчэння Клецкага сельскагаспадарчага ліцэя пачалася ў 2013 годзе ў КСУП “Племянны завод Чырвоная зорка”. Прыйшоў ён туды працаваць трактарыстам-машыністам, але надоўга не затрымаўся: праз год пераехаў у аграгарадок Лань, уладкаваўся вадзіцелем у гаспадарку.
Падчас жніва Уладзімір штогод паказвае выдатныя вынікі — не раз быў сярод тысячнікаў. І гэты год не стаў выключэннем — на сваім аўтамабілі МАЗ 551626 ён перавёз 3200 тон збожжа, у мінулым годзе яшчэ больш — 4000 тон.
— Работа ў мяне такая, нічога асаблівага, — сціпла расказвае пра свае выдатныя паказчыкі вадзіцель. — Інакш я не магу і не ўмею, характар у мяне такі. Да таго ж мне і самаму цікава ставіць новыя асабістыя рэкорды, быццам на трываласць сябе правяраеш кожны раз — а ці змагу яшчэ больш? Як і ва ўсіх прафесіях, у маёй ёсць як станоўчыя, так і адмоўныя моманты, але тых, якія прыносяць мне радасць, усё ж больш. Праца дае мне не толькі заробак, хаця і ім я поўнасцю задаволены, але і натхненне, і добры настрой.
За плённую і добрасумленную працу, за дасягненне высокіх паказчыкаў падчас жніва Ула- дзіміру Траяну была аб’яўлена Падзяка Нясвіжскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Таксама ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў.
Прафесія для душы
Адказная, добрасумленная, ветлівая — такімі словамі характарызуюць калегі і кіраўніцтва ААТ “Лань-Нясвіж” цялятніцу Людмілу Кавалевіч. Сваю справу яна ведае дасканала — так званых “дзяцей” пад яе апекай нямала. А аб тым, як правільна пра іх клапаціцца, Людміла Яўгенаўна ведае добра, хоць і тонкасцей у яе прафесіі нямала. Трэба заўсёды памятаць, каго як і чым карміць, бо тут сапраўды, як з дзецьмі — у кожнага свой рацыён адпаведна ўзросту, свае асаблівасці ў доглядзе.
— У мяне вельмі пазітыўная работа, — усміхаецца Людміла Кавалевіч, — вы не ўяўляеце сабе нават, як добра робіцца на душы сярод гэтых маленькіх жывёлак. Яны ласкавыя — толькі руку працягні ці нахіліся каля загародкі, так і наравяць аблізаць, рухавыя, смешныя. Але і сачыць за імі трэба дасканала: калі сумным хто стаў, больш ляжыць — адразу да ветурача бегчы трэба, бо гэта яўны паказчык, што штосьці не так.
У гаспадарцы Людміла Яўгенаўна працуе 27 гадоў. Многа яна пабачыла і многа ведае, і ўвесь гэты час жанчына шчыра працуе на карысць ААТ “Лань —Нясвіж”, паказвае добрыя вынікі. У мінулым годзе за ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Людміла Яўгенаўна атрымала высокую ўзнагароду — нагрудны знак “За заслугі ў сельскай гаспадарцы”.
Ірына ЕФІШОВА.