Візітоўка. Адкрытае акцыянернае таварыства “Грыцкевічы” — гэта 3433 гектары сельгасугоддзяў, у т.л. 2088 гектараў ворыва. Колькасць працуючых — 225 чалавек. Дванаццаты год калектыў узначальвае заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Яўген Здановіч. Да свайго прафесійнага свята працаўнікі “Грыцкевіч” сёлета прыйшлі з наступнымі паказчыкамі. Валавы намалот збожжа склаў 9106 тон пры ўраджайнасці 95,1 ц/га. Цукровых буракоў накапана 14880 тон пры ўраджайнасці 709 ц/га. Кукурузы на зерне намалацілі 3500 тон — па 121 ц/га. Валавая вытворчасць малака за 10 месяцаў склала больш за 11425 тон, тэмп росту да адпаведнага леташняга перыяду — 106,3%. Рэалізацыя дасягнула 10576 тон, тэмп росту — 108,6%. Таварнасць малака склала 92,6%. Прадуктыўнасць адной фуражнай каровы — 8989 кілаграмаў. Вытворчасць (вырошчванне) буйной рагатай жывёлы склала 640 тон, тэмп росту — 101,3%. Сярэднясутачная прывага адной галавы — 833 грамы. Колькасць жывёлы на 1.11.2024 г. — 3717 галоў, больш леташняга на 113 галоў.
Гэтыя дзве маладыя абаяльныя жанчыны маюць шмат агульнага. У адзін дзень — 13 чэрвеня 2023 года — яны ў ААТ “Грыцкевічы” атрымалі павышэнне па рабоце. Юлія Антановіч стала галоўным заатэхнікам. Іна Кургановіч — галоўным ветэрынарным урачом. Ураджэнкі сельскай мясцовасці, яны ведалі, як трэба даглядаць свойскую жывёлу і птушку, і любоў да іх прывяла ў прафесію. Дыплом аб адукацыі набывалі ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. На працу трапілі ў выдатны калектыў і горача падкрэсліваюць, якія тут добрыя работнікі, адказныя людзі, на якіх можна паспадзявацца, якія ніколі не падвядуць, якасна і ў тэрмін выканаюць свае абавязкі. Задавальненне ў голасе падчас нашай размовы гучала шчырае. Як маладых пецыялістаў, іх у свой час належным чынам прынялі ў акцыянерным таварыстве. Забяспечылі жыллём. Тут дзяўчаты павыходзілі замуж, іх другія палавінкі таксама працуюць у “Грыцкевічах”. У аграгарадку створана ўся інфраструктура для цікавага, камфортнага жыцця, для развіцця асобы. І што немалаважна, дзяўчаты мабільныя, за рулём службовых аўтамабіляў.
Юлія Антановіч, ураджэнка суседніх Аношак, апавядае:
— У мяне цётка працавала заатэхнікам, мама была лабарантам. Я ведала, што такое работа на ферме. Скончыла заатэхнічнае аддзяленне Ляхавіцкага каледжа, затым — акадэмію. Быў 2013 год, дырэктарам ААТ “Грыцкевічы” якраз стаў Яўген Здановіч. Ён набіраў сабе каманду адна- думцаў, і я трапіла ў гэтую каманду заатэхнікам-селекцыянерам. І ніколькі не шкадую. А ў горад мне ніколі не хацелася. Тут сустрэла свайго будучага мужа — таксама работніка таварыства. У нашай з Іллёй сям’і расце сын Мацвей. У аграгарадку ёсць усё, чым бы хацеў заняцца. Спартыўна-аздараўленчы комплекс з масажным кабінетам і трэнажорнай залай, класы ад Аношкаўскай школы мастацтваў, кафэ. Наш 9-гадовы сын не толькі выдатнік у школе. Ён іграе на баяне. Ходзіць на розныя спартыўныя заняткі. І кожную суботу імкнецца з татам у лазню. Жывём мы ў выдатнай 3-пакаёўцы ў шматкватэрным доме. Сёлета гаспадарка вы- дзеліла асобны дом, там пакуль ідзе газіфікацыя. А вось агарод вясной мы ўжо садзілі, вырасцілі ўраджай. З часам пераедзем бліжэй да зямлі.
Павялі мы размову і пра вытворчыя справы. Я пацікавілася ў Юліі Уладзіміраўны, як увайшоў у агульны працэс калектыў рэканструяванай малочнатаварнай фермы “Нялепава”, як асвойвалі новую тэхналогію даення.
— Раней там стаяў малакапровад, утрыманне жывёлы было прывязным. Цяпер — беспрывязное, а доім кароў на ўстаноўцы “Паралель 12х12”, — расказала мая суразмоўца. — Даяркі засталіся тыя ж. перад пускам абноўленай фермы ездзілі вучыцца на МТФ “Мацылёўшчына”, дзе зманціравана “Паралель 16х16”. Зразумела, што клопатаў шмат, павялічылася пагалоўе жывёлы. І адказнасць у мяне, як галоўнага спецыяліста, высокая — за ўвесь працэс вытворчасці малака і мяса. Я такую выбрала прафесію.
Іна Кургановіч родам з аграгарадка Дунілавічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Яшчэ школьніцай умела даіць карову. А ў наш раён, іменна ў ААТ “Грыцкевічы”, прыехала спачатку на практыку, а затым на работу. У акадэміі падчас размеркавання арыентавалася, прызнаецца, на Мінскую вобласць, гэта па-першае, а па-другое — на знакаміты Нясвіжскі замак. Хацелася трапіць у наш край, пагля- дзець, пажыць. Нясвіжчына зрабіла на дзяўчыну вялікае ўражанне: тут прыгожа, высокая культура гаспадарання, калектыў цудоўны. Так і працуе з 2016 года.
— Люблю жывёлу, маю адпаведную прафесію — вось і працуецца з задавальненнем, — не хавае добрых эмоцый Іна Станіславаўна. — У маім падначаленні тры ветэрынарныя ўрачы, тры ветфельчары, адзін ветсанітар. Чацвёрты фельчар пайшоў служыць у армію. Чакаем яго вяртання ў наш калектыў. Калі я была на практыцы, яны мяне вучылі, падказвалі, дапамагалі. Удзячна ветфельчару фермы “Мацылёўшчына” Таццяне Мікалаеўне Хмялеўскай, ветфельчару Яўгену Мікалаевічу Калядзіну з фермы “Супрунавічы”.
Ветэрынарным урачом працуе і муж Іны Кургановіч, Арцём. Спецыялісты раяцца па некаторых пытаннях, прымаюць агульныя рашэнні. Іх сям’і далі кватэру ў двухкватэрным доме. У іх расце дачушка Адэліна. Яна наведвае дзіцячы садок. Вольны час Кургановічы право- дзяць з карысцю. Муж аддае перавагу лазні, більярду, міні-футболу. Жонка рэлаксуе на масажным крэсле. Выкройвае час і на песню. Яна любіць спяваць і спявае прыгожа, адзначаюць жыхары, калі слухаюць знакаміты калектыў “Суседзі” Грыцкевіцкага СДК.
— Репетыцыі, канцэрты, выезды на мерапрыемствы, стасункі з новымі людзьмі — добры спосаб абстрагавацца ад паўсядзённых будняў, ад мітусні, — гаворыць Іна Кургановіч.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.