У мінулую пятніцу ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа прайшлі святочныя мерапрыемствы з нагоды 80-годдзя з дня заснавання Нясвіжскага педагагічнага вучылішча і 40-годдзя з пачатку дзейнасці Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.
Усіх, хто збіраўся на святкаванне юбілею навучальнай установы, у яе дворыку чакалі тэатралізаваныя пастаноўкі, якія вярталі гледачоў у гісторыю ад часоў настаўніцкай семінарыі і да пасляваеннага педагагічнага вучылішча, а ў навучальным корпусе каледжа госці маглі пазнаёміцца са спецыяльна падрыхтаванымі лакацыямі, што прадстаўлялі спецыяльнасці, па якіх тут рыхтуюцца будучыя педагогі.
Зазіраючы ў гісторыю, можна канстатаваць, што Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа з’яўляецца яскравым прыкладам развіцця адукацыі ў Нясвіжы, пачынаючы ад стварэння бенедыктынскага кляштара ў 1591 годзе (дзе зараз размяшчаецца інтэрнат установы), які быў пабудаваны Яўфіміяй Радзівіл, жонкай Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі, па праекце вялікага Бернардоні для адукацыі і выхавання нясвіжскіх паненак у духу хрысціянскай веры і маралі. Пры кляштары функцыянавала музычная школа і вялікая бібліятэка. Затым адукацыйную эстафету пераняла Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, створаная ў 1875 г., якая рыхтавала настаўнікаў для пачатковых школ. Пры семінарыі дзейнічала ўзорнае пачатковае вучылішча. У 1914 г. фундаментальная бібліятэка семінарыі мела 1850 найменняў кніг (3630 тамоў), вучнёўская бібліятэка — адпаведна 1980 і 1710. У семінарыі вучыліся Якуб Колас, Кузьма Чорны, бацька Максіма Багдановіча Адам Багдановіч і іншыя пісьменнікі і вядомыя дзяржаўныя дзеячы таго часу. Сваю дзейнасць настаўніцкая семінарыя не перапыняла да 1944 года. Пасля вызвалення Беларусі з 1944 па 1956 год замест былой семінарыі было адкрыта педагагічнае вучылішча.
У 1956 —1984 гадах на месцы педвучылішча адкрылася школа-інтэрнат, а з 1984-га і па сённяшні дзень тут ізноў рыхтуюць педагогаў, да якіх у 2007 годзе дадаліся і навучэнцы па іншых спецыяльнасцях — “Турызм і гасціннасць” і “Дызайн”, а вучылішча з 2004 года стала называцца каледжам.
Цяпер гэта ўстанова рыхтуе навучэнцаў па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Навучанне замежнай мове”, “Навучанне фізічнай культуры” і “Дызайн”.
Раздзяліць радасць слаўнага юбілею з калектывам каледжа і яго навучэнцамі на ўрачыстасць прыбылі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама, знакамітыя выпускнікі каледжа, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, святары праваслаўнай і каталіцкай канфесіі і іншыя зацікаўленыя асобы.
Як слушна заўважыла ў сваім звароце да прысутных дырэктар установы, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, член Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Жураўлёва, каледж — гэта не проста сцены і двор, кабінеты і абсталяванне. Гэта свет зносін, агульных мэт і сумесных спраў, працы, намаганняў. Гэта імідж.
— І пра гэта лепш за ўсё ведаюць нашы выпускнікі, якія сёння падтрымліваюць наша добрае імя сваёй працай, — падкрэсліла Алена Васільеўна. — Вельмі рада, што і вы сёння з намі! Нясвіжскаму каледжу ёсць чым і кім ганарыцца. Гэта вы папаўнялі скарбонку дасягненняў каледжа сваімі перамогамі, граматамі, медалямі, гран-пры, а атрымаўшы дыплом, прынеслі ў свае калектывы часцінку нашай кіпучай энергіі, мэтанакіраванасці, пазітыву.
На ўрачыстай лінейцы, што праходзіла ў двары навучальнай установы, Алена Жураўлёва таксама адзначыла, што тут не было б усёй гэтай утульнасці і гармоніі, якія мы сёння назіраем, калі б не бязмежны клопат дзяржавы, падтрымка ініцыятыў з боку органаў дзяржаўнага кіравання, сацыяльных партнёраў, духоўных настаўнікаў. Яна выказала шчырую ўдзячнасць усім, хто дапамагаў каледжу стаць такім, якім ён ёсць зараз, за давер, увагу і разуменне.
Калі ж святкаванне перамясцілася ў актавую залу, настаў час словаў у адказ, з якімі да прысутных звярнуліся ганаровыя госці мерапрыемства.
Так, пасля сваёй прывітальнай прамовы старшыня Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Ратомскі узнагародзіў Ганаровай граматай райвыканкама за добрасумленную працу, прафесіяналізм, забеспячэнне высокай якасці падрыхтоўкі педагагічных кадраў, садзейнічанне прэстыжу педагагічных спецыяльнасцей і фарміраванню паспяховай, прафесійна мабільнай, сацыяльна актыўнай асобы будучага спецыяліста выкладчыка Алену Рацкевіч. Падзячнае пісьмо старшыні райвыканкама ён уручыў выкладчыку Святлане Якіменка і каменданту Сяргею Курачку.
Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Соф’я Філістовіч аб’явіла падзяку начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі выкладчыкам Міхаілу Канавалаву і Ільі Янчыку, сакратару Алене Русак.
Старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Апраніч аб’явіла падзяку выкладчыкам Марыне Маслоўскай, Яніне Захватцы і Іосіфу Тронцаву, а таксама вартаўніку Сяргею Пазняку і дзяжурнаму па інтэрнаце Леакадзіі Ванагель.
Начальнік Нясвіжскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Максім Балацяны ўзнагародзіў граматамі свайго аддзела выкладчыка, грамадскага інспектара па ахове працы Уладзіміра Ліпеня, намесніка дырэктара па гаспадарчай рабоце Ірыну Касцюкевіч, загадчыка інтэрната Алену Коршук, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Уладзіміра Грушу.
Са словамі віншавання і падарункамі з нагоды 80-гадовага юбілею Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя якуба Коласа на сцэну таксама ўздымаліся дырэктар ААТ “ГАРАДЗЕЙСКІ ЦУКРОВЫ КАМБІНАТ” Генадзь Салавей, выпускнікі ўстановы розных гадоў, а сёння — вядомыя ў Нясвіжы людзі: старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, кіраўнік справамі райвыканкама Таццяна Шумоўская, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Шкраба, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Вітко, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Шатрун, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Нясвіжскага райвыканкама Анастасія Глобаж.
Святкаванне знакавай для нашага каледжа даты завяршылася выдатным тэатралізаваным канцэртам, падчас якога яскрава прадэманстравалі свае таленты навучэнцы і выкладчыкі ўстановы.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.