З 12 кастрычніка па 12 лістапада Мінлясгас праводзіць рэспубліканскую дабраахвотную ацыю “Дай лесу новае жыццё”. Асноўная мэта акцыі — аднавіць беларускія лясы, пашкоджаныя бурай, а таксама палепшыць экалагічную сітуацыю ўвогуле.
Акцыя ўпэўнена крочыць па нашай краіне, і штодзённа да яе далучаецца ўсё больш людзей. У кожным куточку Беларусі актыўна аднаўляюцца лясы. Мільёны новых дрэўцаў высаджваюцца на месцы пашкоджанага лесу.
2 лістапада да акцыі “Дай лесу новае жыццё” далучыліся старшыні раённых Саветаў дэпутатаў Міншчыны і прадстаўнікі Маладзёжнага парламента Мінскай вобласці. Высадку леса ў Пяршайскім лясніцтве (Валожынскі раён) ўзначаліла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.
— Сёння мы сабраліся на Валожыншчыне для таго, каб паўдзельнічаць у акцыі “Дай лесу новае жыццё”, — адзначыла Наталля Якубіцкая. — І нас сабралася многа — тых людзей, якія неабыякава ставяцца да экалогіі і прыроды роднага краю. Удзел у такіх мерапрыемствах вельмі значны для нас, таму што лес — наша багацце, якое само па сабе, на жаль, не адновіцца. І мы абавязкова павінны паўдзельнічаць у гэтай добрай справе, прыкласці намаганні на карысць беларускіх лясоў. Асабіста для мяне ўдзел у гэтай акцыі — паказчык адзінства і еднасці дэпутатаў усіх узроўняў, а таксама далучэнне да яе актыўнай і неабыякавай моладзі.
Дружна падтрымалі акцыю і прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “Белая Русь”. Ад Нясвіжскага раёна ў акцыі сёння прымалі ўдзел старшыня Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Антончык і старшыня Маладзёжнага парламента пры Нясвіжскім раённым Савеце дэпутатаў Яўгенія Вайцеховіч.
За сённяшні дзень было высаджана 12 тысяч маленькіх бяроз і соснаў.