Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.31 |
Погода 2 °C

Атлет, цясляр, камуніст

Нясвіжскія навіны 3 недели назад 0 43

Пост опубликован: 28.10.2024

Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Алесь СТАВЕР.

Амаль кожны чалавек у жыцці праходзіць некалькі іпастасяў. Такі лёс і ў героя майго аповеду Барыса Шпакава, жыхара Гарадзеі. А пазнаёміліся мы летась, калі ён пачаў удзельнічаць у нашым хоры “Аптымісты”. Ужо тое, што Барыс згадзіўся ездзіць у Нясвіж два разы на тыдзень з пасёлка, выклікае павагу. А таксама цэласнасць яго натуры, актыўная жыццёвая пазіцыя, крэда, якога ён прытрымліваецца заўжды.



— Я веру ў шчаслівую будучыню без войнаў, лічу, што кожны з нас можа знайсці сваё месца, — гаворыць Барыс Макаравіч. — Калі я ўступіў у Камуністычную партыю Беларусі, то застаўся ёй верным. Спадзяюся, што камуністы будуць падаваць прыклад сумленнасці на выбраным шляху.

Дарэчы, жыццёвы шлях Б.М. Шпакава цікавы і няпросты. Нарадзіўся ён у Мінску. Будучы школьнікам, захапіўся цяжкай атлетыкай. Здарылася так, што ў іх восьмы клас прыйшоў сын ваеннага, які і сагітаваў юнага Барыса на заняткі атлетыкай у спартыўным таварыстве “Дынама”. Настойлівасць, дысцыпліна, жаданне перамагаць дапамаглі хлопцу заняць дастойнае месца ў нялёгкім відзе спорту. Усе гэтыя якасці садзейнічалі таму, што ў 1968 годзе ён стаў чэмпіёнам рэспублікі ў паўцяжкай вагавай катэгорыі. Штанга яму падпарадкавалася: жым — 120, рывок — 120 і штуршок — 150 кілаграмаў.

— Самым шчаслівым чалавекам я адчуў сябе тады, — гаворыць Барыс Макаравіч, — і зрабіў вывад, што чалавек можа дабіцца многага, калі накіравана ідзе да сваёй мэты. А самае прыемнае, што я перамог саперніка, які быў мацней за мяне. Медаль і дыплом, вядома, парадавалі. Але пазней трапіў у аварыю і ўжо не змог так нагружаць свой арганізм, таму заняўся трэнерскай работай. Выхаваў трох маладых спартсменаў, адзін з іх выканаў норму майстра спорту.

Жыццё ішло, Барыс ажаніўся на прыгожай дзяўчыне Тамары, якая працавала ў таварыстве “Дынама” бухгалтарам. Нарадзіліся дзеці — сын Васіль і дачка Ганна. Апошняя была зусім маленькай, калі бацькоў пацягнула на рамантыку: сям’я выехала на поўнач, у Ямала-ненецкую аўтаномную акругу. Жылі на левым беразе ракі Об у гарадку Лабытнангі, што ў перакладзе з хантыйскага азначае “сем лістоўніц”. Барыс працаваў цесляром на будоўлі, зарплата была дастойная, а для людзей, у прынцыпе, гэта немалаважна. Быў і стропальшчыкам. Затым малады мужчына паспяхова закончыў курсы экскаватаршчыкаў і шмат гадоў аддаў выбранай спецыяльнасці. А колькі захаплення і радасці прыносіла рыбная лоўля, бо там вадзілася такая рэдкая рыба, як муксон, шчакур, нельма. У цэлым сям’я Шпакавых жыла ў суровым паўночным краі 30 гадоў, а потым пацягнула на радзіму. Забыць зялёныя лугі, блакітныя азёры роднай Беларусі было немагчыма, як і водар жытнёвага поля. Спачатку аселі ў Мінску, а потым жаданне быць бліжэй да зямлі прывяло іх у гарадскі пасёлак Гарадзея, дзе набылі домік. Ён аказаўся далёка не новым і Шпакавы ўзяліся за будаўніцтва. Дапамагалі і добрыя людзі: суседзі, сябры. Пяць гадоў спатрэбілася на тое, каб на сядзібе вырас прыгожы, прасторны дом. Укладзеныя сілы апраўдаліся: цяпер вакол яго зелянее трава, па якой паважна ходзяць белыя гусі, а побач скубуць траўку юныя гусяняткі. Акуратныя газоны, рады падвязаных памідораў, яблынькі, маліна і кветкі радуюць вока. Гарачымі днямі, пасля нялёгкай працы можна пасядзець ва ўтульнай альтанцы, абвітай вінаграднымі лістамі.

Ва ўсёй гэтай прыгажосці заслуга працавітых гаспадароў — Тамары Андрэеўны і Барыса Макаравіча Шпакавых, а таксама іх дачкі Ганны, якая з густам афармляе бацькоўскі дом, саджае прыгожыя ружы разам з мамай. А ўнутры дома кожнаму адведзены свой пакой, і калі прыязджаюць унукі Сафія, Насця, Фёдар, яны таксама маюць уласную прастору. Далёка ад дому у Расіі, працуе дальнабойшчыкам сын Васіль. Калі прыязджае са сваімі, у вялікай сям’і становіцца весела і шумна.
Акрамя заняткаў харавымі спевамі Барыс выдатна чытае вершы, аб чым сведчыць яго дыплом у раённым конкурсе, прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Я спытала ў майго героя, што ён цэніць у людзях.

— Надзейнасць, сумлен- насць, бескарыснасць і адданасць, — адказаў Барыс Макаравіч. — Не прымаю такіх асобаў, як перакаці-поле, безадказных. Хачу, каб мы ўсе былі верныя запаветам дзядоў і бацькоў, захоўвалі створанае імі, ганарыліся сваёй радзімай, бо наша Беларусь нясе дабрыню і мір, і мацаваць яго трэба ўсім. Каб лю- дзі зразумелі, што дружба вышэй за ўсё, і няма лешай планеты, чым наша Зямля.
Пад такімі цудоўнымі словамі, думаю, падпішацца кожны.

Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!