Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Грыцкевічы” Яўген Здановіч на нядаўніх абласных дажынках, што прайшлі ў Валожыне, быў ўзнагароджаны
Падзякай Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Жыццёвы шлях гэтага вядомага на Нясвіжчыне чалавека пачаўся 24 сакавіка 1963 года ў вёсцы Масявічы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Там, на малой радзіме, і саспела рашэнне звязаць жыццё з работай на зямлі і стаць для гэтага высокакваліфікаваным спецыялістам. Але перш, чым так сталася, герой гэтага аповеду адслужыў у Савецкай Арміі, падчас якой яму давялося выконваць свой воінскі абавязак у Афганістане, у горадзе Шындант, што ў правінцыі Герат. Маладому салдату пашчасціла пасля нялёгкіх выпрабаванняў вярнуцца дамоў жывым і ён паступіў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, якую паспяхова скончыў у 1989 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць “Механізацыя сельскай гаспадаркі”.
Першым месцам працы стаў калгас “Радзіма” на роднай Пружаншчыне, куды ён прыйшоў пасля службы ў арміі слесарам, але пасля заканчэння сельгасакадэміі ў 1989 годзе другой радзімай будучага кіраўніка ААТ “Грыцкевічы” стала Нясвіжчына.
— Спачатку мяне размеркавалі ў Высокую Ліпу, — узгадвае той час Яўген Уладзіміравіч, — але тагачасны старшыня СВК “Агракамбінат Сноў” Міхаіл Карчміт “пераманіў” мяне ў “Сноў”. Там я пачаў працаваць інжынерам-механікам.
Малады спецыяліст зарэкамедаваў сябе так добра, што, набыўшы пэўны вопыт, у 2002 годдзе стаў намеснікам старшыні агракамбіната, а ў год свайго “залатога” юбілею, у снежні 2013-га, атрымаў прызначэнне на пасаду дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Грыцкевічы”.
Падчас працы ў гэтай гаспадарцы Я.У. Здановіч праявіў сябе высокакваліфікаваным кіраўніком, спецыялістам сельскагаспадарчай вытворчасці. Яго вызначалі і вызначаюць зараз высокая кампетэнтнасць, уменне бачыць перспектыву. Свае веды і практычны вопыт мой суразмоўца ўмела прымяняе ў паўсядзённай працы, шмат увагі надае перадавому тэхнічнаму аснашчэнню гаспадаркі, рацыянальнаму расходаванню фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў.
Так, сёлета валавы збор пшаніцы у яго гаспадарцы склаў 7544 тоны пры ўраджайнасці 101,5 ц/га, ячменю — 1562 тоны пры ўраджайнасці 84,9 ц/га. Летась і сёлета гаспадаркай набытыя новыя аўтамабілі, машыны для ўнясення вадкіх арганічных угнаенняў, збожжаўборачны камбайн і кормаўборачны камбайн, а таксама шмат іншай жыццёва неабходнай тэхнікі.
Я.У. Здановіч прымае актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці гаспадаркі, належную ўвагу надае развіццю сацыяльнай сферы. У мінулым годзе за ўласныя сродкі акцыянернага таварыства было пачата будаўніцтва адна- кватэрнага і двухкватэрнага жылых дамоў у аграгарадку Грыцкевічы, у якія ў хуткім часе заселяцца навасёлы. Была таксама праве- дзена рэканструкцыя аднаго двухкватэрнага і двух аднакватэрных дамоў, што ўжо прымаюць сваіх новых жыхароў — маладых спецыялістаў сельгаспрадпрыемства.
У планах — рэканструкцыя жылога дома пад яшчэ чатыры кватэры для маладых спецыялістаў гаспадаркі і сацыяльнай сферы.
Яўген Уладзіміравіч дбае не толькі пра эканоміку свайго акцыянернага таварыства, але і нераўнадушна ставіцца да многага навокал: яго прадпрыемства аказвае спонсарскую дапамогу Грыцкевіцкай сярэдняй школе, Свята-Успенскаму Жыровіцкаму мужчынскаму манастыру, Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, Нясвіжскай дзіцячай школе мастацтваў, Нясвіжскаму савету ветэранаў, Нясвіжскаму фізкультурна-аздараўленчаму цэнтру, Нясвіжскаму сацыяльнаму пансіянату “Бярозка”, храму святога Мікалая Цудатворцы ў аг. Грыцкевічы, прыходу храма Сабора Беларускіх святых у г. Нясвіжы.
Герой гэтага аповеду — не толькі адказны работнік, але і выдатны сем’янін, разам з жонкай выгадаваў дзвюх добрых дачок.
Нядзіўна, што ён карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод свайго працоўнага калектыву і за яго межамі, з’яўляецца дэпутатам Нясвіжскага раённага і Сноўскага сельскага Саветаў дэпутатаў 29 склікання.
Плённая праца Я.У. Здановіча ў сельскай гаспадарцы ўжо неаднойчы высока адзначалася: ён узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, мае ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”, нагрудны знак адзнакі Міністэрства сельскай гаспадаркі “За заслугі ў сельскай гаспадарцы”, яму ўручаліся Ганаровыя граматы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
І хаця жыццёвае крэда Яўгена Уладзіміравіча — сумленна працаваць не для ўзнагарод, а для добрага выніку, узнагароды яго не мінаюць. І, мяркуючы па ўсім, абсалютна заслужана.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.