Меню
Курс $  3.27 | €  3.55 | ₽100  3.39 |
Погода 12 °C

Трэба ведаць, чым жыве расліна

Нясвіжскія навіны 1 день назад 0 20

Пост опубликован: 26.10.2024

Сярод тых, хто на сёлетніх абласных дажынках атрымаў медаль “За працоўныя заслугі” з рук Прэзідэнта нашай краіны, быў галоўны аграном СВК “Агракамбінат Сноў” Аляксандр Шаманаў.

На пытанне, што ён адчуў у сувязі з гэтай узнагародай, Аляксандр Аляксандравіч сціпла адказаў, што, вядома, заўсёды прыемна, калі твая праца адзначаецца на такім высокім узроўні, але гэта праца не толькі яго аднаго.



— Я лічу, што гэты медаль не столькі мой, колькі ўсяго нашага калектыву, — адзначыў мой суразмоўца. — Немагчыма дабіцца поспеху без граматных, адданых сваёй справе аднадумцаў. Таму я адчуў сапраўдны гонар за нашу гаспадарку, за наш высокапрафесійны калектыў. І вядомы выраз “працоўная перамога” ні ў якім разе не азначае дасягненне аднаго, асобна ўзятага чалавека. Паасобку мы не можам нічога зрабіць. Нашы механізатары, мае калегі-аграномы — гэта ўсё зладжаная каманда, якая выконвае мэты, што ставіць перад намі кіраўнік гаспадаркі. Для дасягнення гэтых мэтаў нам прадастаўляецца ўсё неабходнае, і мы не можам не апраўдаць давер. Нельга забываць, што сельская гаспадарка моцна залежыць ад умоў надвор’я. І кожны год здараюцца свае перамогі і свае няўдачы. Адзін год парадуе адна культура, другі — другая. Калі ўдаецца дабіцца добрага ўраджаю ў неспрыяльна год, гэта асабліва грэе душу.

Дарэчы, па выніках мінулага года Аляксандр Шаманаў увайшоў у спіс лепшых па прафесіі і занесены на раённую Дошку Гонару. Той год, дарэчы, стаў для яго ў некаторай ступені юбілейным, таму што менавіта ў 2023-м споўнілася 25 гадоў, як ён працуе ў “Снове” — гаспадарцы, на зямлі якой герой гэтага аповеду вырас. Скончыўшы ў 1993 го- дзе мясцовую школу, Аляксандр Аляксандравіч адразу паступіў у Беларускую дзяржаўную ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчую акадэмію ў г. Горкі Магілёўскай вобласці на спецыяльнасць “Агранамія”. Падчас вучобы праходзіў практыку ў роднай гаспадарцы і праз пяць гадоў вярнуўся ў яе дыпламаваным спецыялістам. Першыя два гады працаваў аграномам, у 2011-м стаў вядучым аграномам, затым яшчэ два гады выконваў абавязкі галоўнага агранома і ў 2014-м быў прызначаны галоўным аграномам.

Пра сваю работу мой суразмоўца гаворыць, што з гадамі яна становіцца толькі ўсё больш цікавай, таму што зямля — гэта жывы арганізм і працаваць з ім і вывучаць яго можна бясконца. Агранамія — навука, якая не стаіць на месцы.

— Я больш нічога не ўмею, — з усмешкай гаворыць Аляксандр Шаманаў, — толькі працаваць на зямлі. Усё пачалося з вучобы, з тэорыі, калі на лекцыях ты пачынаеш вывучаць біялогію раслін, пазнаваць, што ім трэба, каб яны далі добры ўраджай, а потым прыкладаеш свае веды на практыцы. І гэта самае цікавае. Ты павінен ведаць, чым расліна жыве, чым яна, што называецца, дыхае.

Закладка будучага ўра- джаю пачынаецца яшчэ з восені, з падрыхтоўкі глебы, унясення арганікі, мікра- і мінеральных угнаенняў. Затым важныя якасная сяўба, апрацоўка пасеваў. Гэта цэлы комплекс тэхналагічных мерапрыемстваў, які можна параўнаць з непарыўным ланцужком — калі хоць адно са звёнаў выпадзе або будзе зроблена няякасна, пацерпіць увесь канчатковы вынік.

На пытанне, ці не лягчэй працаваць на ўрадлівых глебах, Аляксандр Аляксандравіч адказаў, што ўрадлівасць назапашваецца з гадамі, і нельга ад зямлі толькі браць, спусташаць яе. Яе трэба берагчы і даглядаць.

— Мы пастаянна ўносім угнаенні пад усе культуры, ураджай не можа вырасці проста так, сам па сабе, — падкрэсліў ён. — Дарэчы, сёлетні ўраджай збожжавых культур на сноўскай зямлі быў самы высокі за апошнія пяць гадоў — 102,2 цэнтнера з гектара. Таму дзякую ўсім, хто працаваў разам са мной!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!