Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.31 |
Погода 2 °C

Неацэннае багацце

Нясвіжскія навіны 4 недели назад 0 4

Пост опубликован: 25.10.2024

У дзяцінстве мы елі хлеб, пасыпаны цукрам і беглі з ім на вуліцу гуляць. Для вясковай дзятвы гэта быў самы смачны ласунак. І мы даражылі ім, бо навука бацькоў берагчы кожную дробку назаўсёды засталася ў памяці. Маці пякла хлеб у печы, даставала, ставіла на стол і накрывала чыстым ручніком. Які пах ішоў па хаце! Ні з чым не параўнальны. Гаспадыня рэзала бохан, прыціскаючы яго да сэрца, як святыню. Першую лусту ў знак павагі давалі старэйшаму ў сям’і, затым — гаспадыні, далей — дзецям, якія чакалі. Такое стаўленне да хлеба было ў нашым народзе спакон веку, бо людзі ведалі цану самаму дарагому і важнаму прадукту, які здабываўся цяжкай працай і потам. Ніхто не асмельваўся кінуць кавалак хлеба, бо гэта лічылася грахом. І сёння мы ўшаноўваем тых, хто рупіцца пра хлеб надзённы. Сёлетнія раённыя дажынкі яскрава пасведчылі пра гераізм нашых механізатараў і камбайнераў, якіх шчыра віталі і ўзнагароджвалі за дбайную працу, ім прысвячалі песні ўдзельнікі аматарскіх творчых калектываў раёна.



На жаль, не ўсе ставяцца з пашанай да хлеба, і бывае крыўдна, калі бачыш адваротнае. Нядаўна я каля смеццевай скрынкі пабачыла жудаснае: на зямлі ляжалі паўтары буханкі хлеба. У мяне на вачах навярнуліся слёзы, так стала шкада гэта неацэннае багацце і сорамна за тых, хто з пагардай ставіцца да хлеба. І падумала: а каб яго (ці яе ) патрымаць тыдзень без хлеба, што б яны сказалі? У сувязі з гэтым успомнілася мая гутарка з блакадніцай Галінай Андрэеўнай Трыбунскай, якая жыла ў нашым двары. Яна расказвала, як галадалі лю- дзі ў асаджаным горадзе, як былі рады кожнаму кавалачку хлеба. І з горыччу казала: — Калі бачу, дзе кінулі хлеб, я ўся перажываю, нервуюся, мне хочацца пакараць тых, хто гэта зрабіў.

Сапраўды, а як паставіцца да тых, хто грэбуе самым дарагім для чалавека? Чаму так атрымліваецца, што знаходзяцца асобіны, якія не паважаюць працу многіх людзей і здабыты імі хлеб? А можна ж знайсці просты выхад: не купляць многа хлеба, а набываць яго па неабходнасці. Засталося штосьці — аддай каму-небудзь, хто трымае курэй ці іншую жыўнасць. Думаю, што бацькам трэба гаварыць дзецям, каб ведалі, як цяжка вырошчваецца хлеб, як трэба даражыць ім. Бо, на жаль, здараецца ўбачыць кавалачкі булачкі, кінутай кімсьці ці недаедзенай.

Гэтага не павінна быць, калі хочам, каб з нашых дзяцей выраслі дастойныя, разумныя, ашчадныя людзі, якія ставяцца з павагай да тых, хто іх корміць.

Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!